Суд над Каваленкам. Дзень чацвёрты. Прысуд: 2,1 гады калоніі агульнага рэжыму

24 лютага ў судзе Перашамайскага раёна Віцебска працягваюць разглядаць крымінальную справу актывіста КХП – БНФ Сяргея Каваленкі, якому пагражае тры гады зняволення.
Жонка Сяргея Каваленкі Алена чакае калі з двара суда выедзе аўтазак з яе мужам. Фота Сержука Серабро

Нагадаем, Сяргей Каваленка абвінавачваецца ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (артыкул 415 Крымінальнага кодэкса). Яго абвінавачваюць ва ўчыненні чатырох парушэнняў, якія ён зрабіў, адбываючы пакаранне па прыгаворы суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. У маі 2010 года гэты суд прыгаварыў Каваленку да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна (г.зв. "хатняя хімія") за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня таго ж года. Каваленку ўтрымліваюць у СІЗА з 19 снежня 2011 года, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. У знак пратэсту супраць затрымання ён аб’явіў галадоўку. Сёння ідзе 68-мы дзень, як ён адмаўляецца ад ежы.

Калідор суда запоўнены супрацоўнікамі міліцыі. Фота Сержука Серабро

Ні сваякоў, ні праваабаронцаў, ні незалежную прэсу ў зал суда сёння зноў не дапусцілі. Па словах крыніцы, вартай даверу, на лаве для слухачоў у судзе сёння сядзяць пераважна мужчыны. Аднаго погляду на іх дастаткова, каб зразумець, што гэта супрацоўнікі сілавых структур.

Алена Каваленка патрабуе каь яе прапусцілі на судовы працэс над мужам. Фота Сержука Серабро

Судовае пасяджэнне праходзіць у зале №3. З калідора нікога не выкідвалі - сваякі і сябры падсуднага сёння трымаюць свае эмоцыі пад кантролем. Аднак групу падтрымкі Каваленкі міліцыянты трымаюць далёка ад залы суда. Яны стаяць каля металашукальніцкай брамы. Перад імі - шэраг міліцыянтаў. Зноў працуе жорсткі прапускны рэжым. Асабліва пільна даглядаюць жанчын. Сёння прымушалі зняць абутак і перагарнуць яго ўверх не толькі жонку і маці падсуднага, але і ўсіх прадстаўніц слабага полу.

Маці Сяргея Каваленкі Лідзіі стала блага і яна прымае таблеткі. Фота Сержука Серабро

Карэспандэнты "ННВ" прапаноўваюць сваім чытачам анлайн-рэпартаж:

19.47. Сыходзячы пад канвоем, Сяргей выгукнуў: "Слава нацыі!" Ягоная маці ў роспачы плача. Галосіць жонка Алена.

Алена Каваленка ў калідоры суда. Фота Сержука Серабро

19.45. Суддзя Алена Жук вынесла вырак: пакараць Сяргея Каваленку зняволеннем на 2 гады і 1 месяц у калоніі агульнага рэжыму. Паколькі актывіст КХП-БНФ ужо правёў у зняволенні 2 месяцы, то ў калоніі ён павінен правесці 1 год і 11 месяцаў.

Алена Каваленка з польскім дыпламатам побач з судом Першамайскага раёна Віцебска. Фота Сяргея Серабро

18.37. У зал завялі Сяргея. Ягоныя сваякі і сябры пачалі гучна, на ўвесь калідор, скандаваць: "Свабоду Сяргею Каваленку!" Міліцыянты пашыхтаваліся каля дзвярэй яшчэ шчыльней. Надзелі на галовы капюшоны - каб Сяргея яшчэ больш схаваць ад вачэй прысутных.

Караул устал. Каля дзвярэй судовай залы №3, дзе ідзе працэс над Сяргеем Каваленка. Фота Сержука Серабро

18.30. Як паведамляе наш карэспандэнт, каля дзвярэй у зал вельмі шчыльная заслона з міліцыі. Выходзіў і зноў вярнуўся назад пракурор. Аднак Сяргея Каваленку ў зал пакуль яшчэ не заводзілі. Самая вырашальная частка судовага пасяджэння чамусьці зацягваецца.

18.00. На вынясенне прысуду нікога з блізкіх Сяргея і незалежных СМІ не пусцілі. Увесь калідор забіты міліцыяй. У тых, хто знаходзіцца ў будынку суда цэлы дзень, ужо шэра ў вачах ад пастаяннага сузірання вялікай колькасці міліцыі.

Супрацоўнікі міліцыі ў калідоры суда. Фота Сержука Серабро

17.20. Стаў вядомы змест апошняга слова Сяргея Каваленкі ў судзе. Прамаўляў ён досыць гучна, цвёрда і паслядоўна. Асабліва, калі ўзгадваў пра вывешванне сцяга. Адчувалася, што чалавек зноў перанёсся ў той дзень і насамрэч лічыць, што ён падарыў людзям свята. Сваю прамову Каваленка падзяліў як бы на два блокі. У першым звярнуўся да сваёй старой судовай справы - за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на ёлцы 7 студзеня 2010 года. Звярнуў ўвагу суда, што гэта было ніякае не хуліганства, а палітычная акцыя. Па словах Каваленкі, ён не ламаў тады ёлку. Вывешваннем нацыянальнага сцяга на верхаліне навагодняга дрэва ён проста хацеў павіншаваць гараджан з Нараджэннем Хрыстовым. З нагоды крымінальнай справы, якая разглядаецца сёння, Сяргей патлумачыў, што, калі і былі нейкія парушэнні рэжыму "хатняй хіміі", то рабіў ён гэта ненаўмысна. На гэта яго вымушалі абставіны: у сям'і нарадзілася другое дзіця, і ён, як бацька, павінен быў дапамагаць жонцы ў іх выхаванні - зарабляць грошы, вадзіць старэйшага сына на хакей, у музычную школу.

Сяргея Каваленка вядуць на аглошванне прысуда. Фота Сержука Серабро

17.08. Абвешчаны перапынак. Сяргея з залы вывелі. Прысуд будзе агалошаны ў 18.00.

16.05. З'явілася інфармацыя, што пракурор Дзмітрый Лутаў запрасіў для Каваленкі 2,8 гады калоніі. На вуліцы стаяць два "аўтазакі".

15.25. Каваленку зноў завялі ў залу суда. Пасяджэнне аднавілася.

Маці і жонка стараюцца ўбачыць, як Сяргея Каваленка будуць грузіць у аўтазак. Фота Сержука Серабро

14.45. У судзе абвешчаны перапынак на 40 хвілін. Адвакаты ў размове з роднымі Каваленкі сказалі, што не ведаюць, ці будзе сёння абвешчаны прысуд. Пры гэтым на сайце абласной дзяржаўнай газеты “Віцебскі рабочы” паведамляецца: “Через 40 минут начнутся прения, итогом которых станет вынесение приговора".

14.40. Па словах перакладчыка Сяргея Міхайлава, Каваленка падчас суда папрасіў вады.

14.00. Абед для тых, хто абедае, скончыўся. Судовае разбіральніцтва працягваецца.

13.30. Па словах аднаго з відавочцаў таго, што адбываецца ў судзе, як толькі быў абвешчаны абедзенны перапынак, у зал зазірнуў нейкі камандзір і кажа на "масоўку" з яўных супрацоўнікаў сілавых структур: "А вы сядзіце". Допыт падсуднага прайшоў дастаткова хутка. Перапынак быў абвешчаны ў сувязі з тым, што Сяргей сказаў, што кепска сябе адчувае, што яму трэба хаця б папіць, што ў яго баліць жывот і галава, што ён амаль не ўсведамляе слоў суддзі і пракурора. Пры гэтым на першых гадзінах суда падсудны прызнаўся, што адчувае сябе больш-менш прымальна.

13.15. З залы суда выйшла сакратарка суда і паведаміла, што суддзя вырашыла працягнуць перапынак - яшчэ на 20 хвілін. "Привезли обед и ему. Будет ли он обедать или нет, но привезли", - сказала яна. Пад словам "ему" меўся на ўвазе падсудны.

13.07. З залы вывялі Сяргея. Абвешчаны перапынак на 5 хвілін. Да жонкі Каваленкі падышоў віцэ-консул Латвіі ў Віцебску Яніс Рупэйкс і аддаў ёй бутэльку вады. Сказаў, што яму не дазволілі перадаць яе падсуднаму.

12.40. Каля будынка суда былі журналісты тэлеканала СКИФ. Пыталіся ў намесніка амбасадара Польшчы ў Беларусі Вітольда Юраша пра беларуска-польскія адносіны. Дыпламат сказаў, што ўсе інтэрв'ю ён ужо даў раней, у калідоры суда.

12.15. Стала вядома, што суддзя адхіліла хадайніцтва КХП-БНФ аб падпісцы аб нявыездзе падсуднага пад заклад.

12.10. З судовай залы выйшаў намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш. Паведаміў журналістам і сваякам Сяргея, што ён не бачыць сэнсу больш знаходзіцца на судовым пасяджэнні. "Нават па выразу твару суддзі бачна, якім будзе прысуд. Рашэнне па гэтай справе прымаецца не ў зале суда, а ў іншым памяшканні", - зазначыў ён. Дыпламат размаўляў з Каваленкам і прасіў яго ад імя калег па ЕС, сябе асабіста і нават сваёй жонкі, каб той спыніў галадоўку. Паводзіны Сяргея ў судзе ён ахарактарызаваў як "годныя". "Я ўпэўнены, што ён вытрымае. Гэта трагедыя. Адзін чалавек церпіць з-за сваёй адвагі, а іншыя, і я глядзеў на іхнія твары, - з-за адсутнасці адвагі. Я спадзяюся, што ён спыніць галадоўку, выйдзе і будзе шчаслівым і годным чалавекам. А тыя, хто зараз з-за адсутнасці адвагі церпяць, будуць жыць з гэтым доўга, заўсёды. Адзнака таго, што зараз адбываецца, будзе дадзена Еўразвязам ужо ў панядзелак. Я думаю, што нікому гэта нязручна, каб ўсё гэта скончылася сапраўднай чалавечай трагедыяй", - сказаў спадар Юраш. Маці Каваленкі спадарыня Лідзія ў размове з дыпламатам ледзь не плакала. Паляк сказаў ёй: "Вы можаце ганарыцца і другім сваім сынам таксама". Меўся на ўвазе Віталь Каваленка. І па-чалавечы прызнаўся, што, едучы сёння на суд, каб не падымаць сабе ціск, замест кавы выпіў зялёнай гарбаты - бо ведаў, што яго чакаюць вельмі цяжкія маральна ўражанні. І выказаў на развітанне пажаданне: "Трэба змагацца, каб потым выйсці - і пайсці ў кіно. Іншымі словамі, быць здаровым чалавекам пасля таго, як удалося адстаяць свае правы".

11.55. З залы хуценька выйшлі суддзя Алена Жук і сакратарка. Да сваякоў падышоў адзін з адвакатаў - Аляксандр Галіеў. Распавёў Алене Каваленцы, што яе муж ужо пачаў загаворвацца, па некалькі разоў перапытваць пытанні, якія яму задае суддзя.

11.26. Маці Сяргея Лідзія Каваленка п'е супакойваючыя лекі, аднак усё адно не можа супакоіцца. Яна плача. Жанчыну суцешвае і выводзіць на вуліцу падыхаць паветрам віцебскі актывіст Сяргей Парсюкевіч.

11.18. Нейкая супрацоўніца суда гучна абвяшчае: "Все, кто имеет какие-то претензии к работе суда, можете записаться на прием с 9.00 до 10.30 на следующей неделе к председателю суда". Сябры і сваякі Каваленкі спісалі сёння ўсю кнігу скаргаў і прапаноў Першамайскага суда. На маіх вачах Віталь Каваленка рабіў чарговы запіс. Ён быў на перадапошняй старонцы гэтай кнігі, 25-тым ці 26-тым па ліку.

11.10. Спадарыня Лідзія гучна крычыць: "Я мать! Пустите меня к сыну!" З'яўляецца важны і мажны мужчына ў штацкім, які ўсе гэтыя дні сочыць за цішынёй перад дзвярыма суда, і заяўляе: "Граждане в вестибюле! Здесь идут еще другие уголовные дела. Прошу соблюдать тишину!"

11.05. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі, які сочыць за тым, каб ніхто з сяброў Каваленкі не прасачыўся да дзвярэй, за якімі ідзе суд, надта ўважліва слухае каментар, які дае аднаму з журналістаў праваабаронца Леанід Свецік. На ягоным твары непрыхаваная цікавасць, як у чалавека, які слухае нешта новае, надзвычай важнае для сваёй свядомасці. Такое ўражанне, што ён нават забыўся пра свае службовыя абавязкі.

10.58. У суд заходзіць маці Сяргея Каваленкі. Яна прынесла ваду - на выпадак, можа, дазволяць перадаць сыну.

10.40. Выйшаў з залы суда Віталь Каваленка. Распавёў журналістам, што сёння ён і маці накіравалі тэлеграму ў менскі Чырвоны Крыж - каб гэта структура ўмяшалася ў сітуацыю, якая склалася вакол ягонага брата Сяргея. Віталь таксама адзначыў, што ў зале суда сядзяць людзі, якіх ні ён сам, ні яго брат Сяргей не ведаюць. "Судья ведет себя вальяжно, развалилась в кресле, как будто отдыхает", - сказаў Віталь.

10.00. Суд пачаўся. Выступае сведка Віталь Каваленка, малодшы брат падсуднага.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ