Сяргея Каваленку адправілі ў турэмную бальніцу ў Мінск

Актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку пераправілі з віцебскага СІЗА-2 у Мінск. Зараз ён знаходзіцца ў турэмнай бальніцы пры папраўчай калоніі №1 на вуліцы Валадарскага.
Сяргей Каваленка на трэцім месяцы галадоўкі ў клетцы Першамайскага суда. Фота Сержука Серабро

Як паведаміла “ННВ” жонка вязня Алена Каваленка, яго перавезлі ў сталічны шпіталь ўчора, 28 лютага. Аднак родныя даведаліся аб гэтым толькі сёння – бацька Сяргея, Аляксандр Каваленка, ранкам спрабаваў наведаць сына ў СІЗА-2. І тады пачуў гэту навіну.

«Этапавалі яго, хутчэй за ўсё, на адным з вечаровых цягнікоў, што ідуць ад нас у сталіцу. Але ў сувязі з чым, пакуль невядома. Думаю, што ў бліжэйшы час мы дазнаемся, у чым прычына. Аднак, мяркую, Сяргею ў тым шпіталі будзе лепей, чым у віцебскім СІЗА”, – лічыць Алена Каваленка.

Перагрузка зняволеных з аўтазакаў у чыгуначны вагон. Фота Сержука Серабро

Нагадаем, што напярэдадні, 28 лютага, мужу і жонцы Каваленкам дазволілі спатканне ў віцебскім СІЗА-2. Падчас гэтай сустрэчы Сяргей паведаміў Алене, што збіраецца ісці ў сваёй галадоўцы на знак пратэсту да канца - пераможнага ці смяротнага. Пры гэтым вязень страціў ужо каля 30 кілаграмаў вагі.

24 лютага віцебская суддзя Алена Жук асудзіла Сяргея Каваленку на 2 гады і 1 месяц за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання пасля суду за тое, што 7 студзеня 2010 года ён прымацаваў бел-чырвона-белы сцяг на верхавіну 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ