Расійскі трыкалор у Віцебску сёння паднялі не на ўсіх будынках дзяржаўных устаноў

Карэспандэнт “ННВ”, прайшоўшы па галоўных гарадскіх вуліцах, налічыў ажно чатыры варыянты вывешвання сцягоў з нагоды дня яднання народаў Беларусі і Расіі, якое адзначаецца сёння.

Па маіх назіраннях, прыкладна над паловай будынкаў, дзе размешчаны розныя дзяржаўныя ўстановы (банкі, крамы, драмтэатр, аддзяленні сувязі і інш.), побач віселі два сцяга – дзяржаўны беларускі і дзяржаўны расійскі. Гэта самы распаўсюджаны варыянт.

Але пры гэтым досыць шмат устаноў, сярод іх і такая сур’ёзная, як Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці, чамусьці праігнаравалі расійскі сімвал, і вецер шкуматаў над іхнімі ганкамі толькі адно чырвона-зялёнае палотнішча.

На некаторых будынках, як, напрыклад, на абласной бібліятэцы ці на аддзяленні сувязі на вуліцы Кірава, свята ўшанавалі беларускім дзяржаўным сцягам і сцягамі Віцебска і Віцебскай вобласці.

Быў яшчэ такі адзіночны варыянт, як на гасцініцы “Віцебск”. Там віселі тры сцяга: расійскі трыкалор, дзяржаўны беларускі і сцяг Віцебскай вобласці з “Пагоняй”.

Свята гэтае адзначаецца пачынаючы з 1996 года.

Кіраўнікі абедзвюх дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў абмяняліся сёння віншаваннямі з нагоды дня яднання народаў Беларусі і Расіі. У прыватнасці, беларускі кіраўнік упэўнены, што супрацоўніцтва паміж дзяржавамі будзе і далей забяспечваць “стабільнае і шчаслівае жыццё беларускага і расійскага народаў».

Мядзведзеў са свайго боку ўпэўнены ў тым, што «ажыццяўленне намечаных планаў у поўнай меры адпавядае карэнным інтарэсам дзвюх краін, паслужыць умацаванню агульнаеўрапейскай стабільнасці і бяспецы».

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ