Дырэктарам і мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра стаў Валерый Анісенка

Новым дырэктарам і адначасова мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску згодна з рашэннем Міністэрства культуры Беларусі стаў Валерый Анісенка.

Раней у Коласаўскім тэатры гэта былі дзве розныя пасады – дырэктар і мастацкі кіраўнік. Функцыі першага да нядаўняга часу выконваў Рыгор Шацько. А другая пасада ў віцебскім тэатры была вакантнай больш за год – з лютага 2011 года, калі памёр былы мастацкі кіраўнік Рыд Таліпаў.

Даведка “ННВ”: Валерый Анісенка нарадзіўся 5 чэрвеня 1944 года на Віцебшчыне. Заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Пачынаў кар'еру акцёрам у 1965 годзе ў віцебскім драмтэатры. З 1979-га працаваў рэжысёрам у беларускіх тэатрах і на радыё. З 1997 года – прафесар Беларускага ўніверсітэта культуры. З 2000 года – дырэктар і мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Як рэжысёр-пастаноўшчык Валерый Анісенка паставіў каля 20 спектакляў у Беларусі і іншых краінах. На Коласаўскай сцэне паставіў спектакль "Жанчыны Бергмана" па п’есе Мікалая Рудкоўскага. Таксама вядомы як пастаноўшчык мастацкіх і дакументальных тэлефільмаў: "Паляванне на апошняга жураўля", "Крык чайкі", "Прывід", "Чорная быль Беларусі", "Мой Эдынбург" і інш. На Беларускім радыё В.Анісенка паставіў каля 100 спектакляў па лепшых творах беларускай літаратуры – А.Адамовіча, В.Быкава, Н.Гілевіча, У.Караткевіча, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава, І.Шамякіна і інш.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ