“ВітЭн” не пашкодзіў планам “Лідсельмаша”

Лідскай дружыне “Лідсельмаш” у гасцях у віцебскага “ВітЭна” неабходна было браць тры ачкі, каб не згубіць першы радок у турнірнай табліцы ў вышэйшай лізе па міні-футболе.

Віцябляне былі вельмі блізкімі да таго, каб перашкодзіць планам гасцей. У сярэдзіне другога тайма “ВітЭн” прайграваў з лікам 1:3. І глаўком віцеблян Юрый Паклад выпусціў на пляцоўку варатара-ганялу. Гэта дазволіла гаспадарам зраўняць лік, а Аляксею Юрага –аформіць дубль на працягу некалькіх хвілін.

Да фінальнай сірэны заставалася трохі больш за хвіліну. І усё ішло да таго, што дружыны разыдуцца з нічэйным лікам. Але гульцы “ВітЭна” не ўтрымалі ля сваіх варот Алега Гарбенку, які абыграў траіх віцяблян, улічваючы варатара, і адправіў мяч пад перакладзіну. І тым самым прынёс вікторыю сваёй камандзе.

Не ўсе віцебскія аматары футбола былі задаволены судзействам у гэтым матчы. Падчас гульні ў другім тайме на паркет вылецела бутэлька з ліманадам – пасля вынесенага папярэджання віцебскаму футбалісту Леаніду Шылоўскаму за сімуляцыю. Пасля матча нехта з гледачоў прад’явіў прэтэнзіі глаўкому “Лідсельмаша” Віктару Тарчыла – нібыта той падкупіў суддзяў.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць