“Двое”: мастак і ягоная муза

У Арт-цэнтры Марка Шагала працуе выстава, прысвечаная каханню. Яна распавядае пра пяшчотнае пачуцце, якое злучала вядомага віцебскага мастака Алеся Мемуса і ягоную жонку Ірыну Магучую, якая некалькі гадоў таму пайшла з жыцця. Кажуць, што разбіты келіх нельга склеіць. Але Мемусу, як ні дзіўна, гэта ўдалося.

На выставе – 22 жывапісныя працы невялікага фармату, напісаныя на кардоне з выкарыстаннем аўтарскай тэхнікі. На першы погляд здаецца, што на ўсіх карцінах – адное і тое ж. Два разбітых шкляных келіхі і сухія кветкі… Зноў келіхі з адбітымі ножкамі ці гарлавінкамі… І зноў яны ж…

І шчэміць сэрца ад сузірання гэтых сумных шкляных аскепкаў – яны нібы жылі-блішчалі, а тады памерлі-разбіліся на піры ў гонар сапраўднага кахання.

Мастак патлумачыў сваю творчую задуму: “Келіхі гэтыя аўтэнтычныя. Я ў свой час вельмі захапляўся археалагічнымі росшукамі па берагах Дзвіны. Знаходзіў манеты, жаночыя ўпрыгожванні, кафлю… Зрэдку пападаліся і вось гэтыя кілішкі. І яны чамусьці больш за ўсё кранулі мяне. Бо што такое кілішак? Калі чалавек шчаслівы, калі ён цягнецца да другога чалавека, то непазбежна наступіць хвіліна, калі ўзнікнуць гэтыя кілішкі. Людзі п’юць віно, чаруюцца адзін адным, прызнаюцца ў каханні. І гэтым знаходкам па 100, па 150 гадоў. І яны з Віцебска, аўтэнтычныя. І калі я знаходзіў іх, думаў: “Божа мой! Гэта ж сведка даўно-даўно пабуранай, раструшчанай радасці. Усё пайшло прахам, а гэты кілішак адзіны сведка…”.

На адной з карцін – мемусаўская інтэрпрэтацыя знакамітага твора Шагала “Прагулка”: пабітыя кілішкі на траве, а над імі ляцяць рамантычныя закаханыя, якіх ведае ўвесь мастацкі свет. “Шагал у мяне з’явіўся спантанна. Калі б я не збіраўся рабіць выставу ў Арт-цэнтры, то Шагала не было б. Але ў яго папрасіў прабачэння…” – тлумачыць мастак.

Творы на выставе суправаджаюць занатовачкі з цытатамі з вершаў аўстрыйскага паэта Райнера Марыя Рыльке ў перакладзе на беларускую мову Васіля Сёмухі. “Рыльке – мой любімы паэт, ён вельмі арганічна лёг на мой настрой”, – прызнаецца Мемус.

Нягледзячы на жарты, якімі ён сыпаў на вернісажы, мастак вельмі сур’ёзна і крытычна ставіцца да ўсяго, што робіць: “Я графік, ніколі жывапісам усур’ёз не займаўся, і гэта мая першая ў 72 гады выстава жывапісу. Нібыта жывапісу. Я ствараў яе чатыры гады. І, калі ты дылетант ў жывапісе, то пісаць не так лёгка. Спачатку ў мяне было не 22, а 34 творы. Штосьці адбракоўвалася, замянялася. А потым усё лішняе я прынцыпова аднёс на Лучосу і ўрачыста спаліў”.

На міні-кампазіцыі з разбітымі келіхамі мастака натхняла ягоная жонка Ірына. Так і атрымаліся “Двое” – вельмі лірычная і пранікнёная серыя. А двое – гэта ж не толькі мастак і ягоная муза. Двое – гэта яшчэ сам мастак і ягонае палатно. Мастак і ягоны вучань (ці вучаніца). А таксама – мастак і ягоны глядач. Алесь Мемус сардэчна запрашае ўсіх жадаючых у свет сваіх шкляных мрой і таямніц кахання.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ