Гісторык Максім Макараў: “Магістраты будаваліся на кумаўстве і вялікай карупцыі”

З такой заявай выступіў малады беларускі гісторык Максім Макараў падчас сустрэчы 16 траўня ў выставачнай зале “Духаўскі круглік” у Віцебску. І тым самым развеяў міф аб тым, што магдэбургскае права было ўзорам дэмакратыі.

Максім Макараў – наш зямляк. Пасля сканчэння школы паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Затым трапіў у аспірантуру ва Універсітэт Мікалая Каперніка ў Польшчы. Зараз жыве і працуе ў Мінску. У сваіх навуковых працах у асноўным вывучае гісторыю гарадскога права і самакіравання. З’яўляецца аўтарам кнігі “Ад пасада да магдэбургіі: прававое становішча местаў беларускага Падзвіння ў XIV — першай палове XVII ст.”, якая пабачыла свет чатыры гады таму. А на ўчорашняй лекцыі ў кругліку малады вучоны прэзентаваў сваё новае выданне: "Кнігу магістрата места Полацка. 1727 год".

Гісторык вывучыў вялікую колькасць навуковых крыніц і архіўных матэрыялаў і зрабіў выснову, якая ідзе ўразрэз з тым, што звычайна пішуць пра магдэбургскае права. Аказваецца, органы гарадскога самакіравання былі… карумпаванымі.

“Якое ўражанне ў мяне склалася пра полацкі магістрат? Я раней казаў пра тое, што ён быў карумпаваны. Мне рабілі заўвагу, што непатызм – гэта знычыць кумаўство, не з’яўляецца ў поўным сэнсе карупцыяй. Аднак здзіўляе, што з года ў год у магістрат траплялі адныя і тыя ж людзі. Выпадковых людзей там проста няма! Магдэбургскае права звычайна прыводзіцца як прыклад узорнай дэмакратыі. На вялікі жаль, у склад улады траплялі толькі дзеці, унукі, цесці, зяці і падобныя. Гэта не выключэнне, па сутнасці, гэта агульнаеўрапейская тэндэнцыя. Канешне, на фоне нямецкіх гарадоў Полацк выглядае ўзорна дэмакратычным – тут усё ж такі ёсць выбары ўраднікаў магістрата. Але выбары тычацца толькі вышэйшага звяна – бурмістраў і радцаў. А лаўнікаў прызначаў сам магістрат. І пры такіх умовах абіралі не новых людзей, а тых, хто уваходзіў у склад ніжэйшага чынавенства. У склад магістрата траплялі толькі асобы, набліжаныя да ўжо існуючых ураднікаў. Былі цэлыя днынастыі! І каб выляцець з гэтага кола, трэба было ўчыніць нешта такое, што усіх бы здзівіла. Напрыклад, скрасці суму грошай, роўную гадавому бюджэту горада. І такія выпадкі былі. Быў такі полацкі бурмістр Іван Міхновіч. Дык вось падчас вайны 1654-1567 гадоў ён і скраў прыблізна гадавы бюджэт. Таму ўсё ж такі гэтыя ўстановы будаваліся на кумаўстве і вялікай карупцыі” – лічыць М.Макараў.

Да дзівосаў тагачаснай юрыспрудэнцыі Максім Макараў адносіць і такі факт: у Віцебску была свая, досыць арыгінальная сістэма гарадскіх правоў. Пра гэта гісторык распавёў досыць падрабязна:

“Віцебск у параўнанні з іншымі гарадамі Вялікага Княства Літоўскага атрымаў магдэбурскае права вельмі позна – у 1597 годзе. І калі казаць пра становішча віцебскай зямлі, якое яна мела ў ВКЛ, то Віцебск стварыў сваю арыгінальную сістэму гарадскіх правоў. І гэта ўнікальная з’ява ў маштабах ўсёй Усходняй Еўропы. Калі Віцебск трапляе ў склад ВКЛ, то захоўвае, падобна як і суседні Полацк, аўтаномію. І аўтаномія гэтых земляў, якія раней былі старажытнарускімі княствамі, выражаецца ў такіх дакуметах, як земскія прывілеі – віцебскі земскі прывілей, полацкі земскі прывілей. Яны вельмі падобныя па сваім тэксце. Яны гарантуюць вярхушцы віцебскага і полацкага грамадства захаванне сваіх маёмасных правоў, асабістую свабоду і шэраг рэчаў, якія зараз здаюцца банальнымі, а для таго грамадства былі фактычна правамі шляхты”.

“І ў Віцебску, калі пачынаецца афармленне стану мяшчанства, яно карыстаецца такімі ж самымі правамі, як і баярства віцебскай зямлі. Мяшчанства атрымала такія ж правы, як шляхта. Самае цікавае, што гэта мадэль пачала інкарапавацца ў іншыя паселішчы. Першы, каму надалі такое права, быў Сураж, у 1570 годзе. Маўляў, трымайцеся, як хочаце, падаткаў можаце не плаціць, усе вы – рыцарства, усе вы – роўныя шляхце віцебскай зямлі. Пасля такое права атрымала Ула”.

“Моц гэтага прывілея была вялікая. Але моц II Статута Вялікага Кнства Літоўскага была большая. І ў такім унікальным выпадку, калі мяшчанства было зраўняна ў правах са шляхтай, прывілей увайшоў у супярэчнасць з цэнтральным заканадаўствам. Другі Статут ВКЛ – гэта паказчык раскладу грамадства на феадальныя саслоўі. Гэта цалкам шляхецкі дакумент, усе астатнія пазбаўлены правоў. Другі Статут уводзіў і такую норму: там з’явілася, што ў ВКЛ усе месты (гарады) падзяляюцца на прывілігіраваныя і не прывілігіраваныя. Прывілігіраваныя – такія, якія маюць магдэбурскае права. Атрымліваецца, што ўсе гарады, якія атрымалі гэта віцебскае права, аказаліся паміж небам і зямлёй. З пункту гледжання Статута, яны непрывілігіраваныя, а на самой справе, з пункту гледжання мясцовага грамадства, мелі права вельмі вялікае”.

Падчас сустрэчы Максім Макараў адказаў на шэраг пытанняў слухачоў, якія тычыліся сярэдявечнага права на Віцебшчыне. Затым ўсе жадаючыя маглі набыць кнігі па гісторыі, якія прэзентаваў рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў.

Лекцыя Максіма Макарава завяршыла сезон творчых сустрэч з цікавымі людзьмі, якія напрацягу года праходзілі ў выставачнай зале “Духаўскі круглік”. Гэты праект – адзін з самых цікавых у культурным жыцці горада. Таму пасля летніх “вакацый” будзем чакаць новых спатканняў з неардынарнымі асобамі, якія дапамогуць нам пашырыць веды пра Віцебск.

Даведка “ННВ”: Магістрат – орган гарадскога самакіравання ў Віцебску з канца XVI да сярэдзіны XIX стагоддзяў. З’яўляўся распарадчым, выканаўчым і судовым органам. Размяшчаўся ў ратушы. Створаны ў адпаведнасці з граматай на магдэбургскае права, падараванай польскім каралём Жыгімонтам III 17 сакавіка 1597 года. Кіраўніком магістрата быў войт, прызначаны каралём (вялікім князем) з 4 кандыдатаў прывілігіраванага саслоўя (да атрымання магдэбургскага права войт абіраўся ў горадзе самастойна). Магістрат складаўся з лавы і рады. Галоўным органам кіравання горада была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў. Рада ажыццяўляла функцыі гарадской улады і суда па маёмасных спрэчках і іншых грамадзянскіх справах, займалася арганізацыяй выбараў, зборам падаткаў, ўсталёўвала цэны на хлеб і г.д. Лава з’яўлялася судом па крымінальных справах, складалася з лаўніка і кіравалася войтам. Пасяджэнні рады праводзіў адзін з бурмістраў, лавы – войт і лентвойт. Пасля далучэння Віцебска да Расійскай імперыі (у 1772 годзе) большасць функцый магістрата перайшло да гарадской думы. Цалкам магістрат быў скасаваны указам Сената ў 1866 годзе.


Меткі: , , , ,

Падобнае

    3 каментарыя

    1. goga  
      17/май/2012 у 17:31

      Трудно судить о данном выступлении ,не побывав там, но что-то мне подсказывает, что оно какое-то однонаправленное.. Столько внимания исследователь уделил коррупции, кумовству и назначенцам , что вот прямо как сегодняшний день . Т.е. Витебск/как и Полоцк/ ,согласно его исследованиям , в области прав и демократии ,находится где-то в 15-16 веке ??? Или он хочет сказать ,что так было ,есть и будет ???

    2. Яна Ільіна  
      17/май/2012 у 17:42 1

      goga пісаў:

      Т.е. Витебск/как и Полоцк/ ,согласно его исследованиям , в области прав и демократии ,находится где-то в 15-16 веке ??? Или он хочет сказать ,что так было ,есть и будет ???

      Не, якраз такі сучасных паралеляў ён не праводзіў. Увогуле Макараў увесь час далікатна адыходзіў ад пытанняў, якія не маюць дачынення да ягоных дасладаванняў. Адзін чалавек з зала спытаў у яго, ці не бачыць ён гістарычнай пераемнасці паміж Віцебскім тагачасным і сённяшнім у галіне самакіравання. І гісторык сказаў прыкладна наступнае: "Давайце не будзем разглядаць гэта пытанне. Хіба вы на свае вочы нічога не бачыце?" Гэты адказ можна зразумець і так, і гэтак.

    3. goga  
      17/май/2012 у 18:17 2

      Вось я нешта на свае вочы незразумелае убачыу...

    Каментаваць