У Віцебску праходзіць выстава прац навучэнцаў “Глебаўкі”

Адна з залаў віцебскага Мастацкага музея гасцінна прыняла выставу прац навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава, так званай “Глебаўкі”. Экспазіцыя прымеркавана да 65-годдзя, якое сёлета адзначае гэта адна са старэйшых і самых аўтарытэтных у Беларусі сярэдніх спецыяльных устаноў у сферы культуры.

Выстава рэтраспектыўная і знаёміць з творчасцю некалькіх пакаленняў беларускіх мастакоў. І, нягледзячы на тое, што студэнтам “Глебаўкі” ў віцебскім музеі аддалі невялічкую залу, можна прасачыць, як развівалася мастацкая школа і педагагічная сістэма ў гэтай навучальнай установе.

У экспазіцыю ўвайшлі працы навучэнцаў і выпускнікоў каледжа розных гадоў, пачынаючы з сярэдзіны мінулага стагоддзя і да сённяшняга часу. Гэта жывапіс, скульптура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Даведка “ННВ”: Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава вядзе гісторыю ад 1918-1919 гадоў, калі ў Віцебску была створаная мастацкая школа на базе студыі мастака Юрыя Пэна. Калі быў аб’яўлены набор у школу, сюды запісалася 120 чалавек. У 1923 годзе школу рэарганізавалі ў Віцебскі мастацкі тэхнікум, а праз пэўны час тэхнікум быў перайменаваны ў вучэльню. У 1941 годзе яе праца спынілася. Дзейнасць вучэльні адзнавілася 1 верасня 1947 года ў Мінску. У далейшым навучальная ўстанова стала каледжам імя А.К.Глебава. Тут вучыліся народныя мастакі Беларусі Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Леанід Шчамялёў, Арлен Кашкурэвіч і іншыя. Савецкі скульптар і мастак Аляксей Глебаў, чыё імя носіць каледж, у свой час (1930 год) скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць