У школах прагучаў апошні званок

Ува ўсіх віцебскіх школах 30 траўня прагучаў апошні званок для выпускнікоў 11-х класаў. Ну вось і ўсё: не будзе больш ні занудных “вучылак”, ні вясёлых аднакласнікаў побач, ні дзённіка, які трэба хаваць ад бацькоў, ні “шпор”, ні гэтай зялёнай дошкі з сумнымі формуламі, ні светлых школьных калідораў, ні пераліваў званка… Бывай, школа!

Карэспандэнт “ННВ” завітаў на “Апошні званок” у СШ №31. Тут праводзілі ў дарослае жыццё 100 адзінаццікласнікаў. Паколькі надвор’е сёння выдалася пахмурнае, чатыры выпускныя класы сабраліся ў школьным фае. І, канешне ж, імі любавалася ўся школа – прыгожыя дзяўчаты, высокія, стройныя, крыху разгубленыя юнакі. Маміны і татавы ненаглядачкі, гонар настаўнікаў, надзея строгай дырэктаркі. А насупраць іх на лінейцы стаялі ўсхваляваныя бацькі і першаклашкі, будучыя выпускнікі – страшна падумаць! – 2022 года.

Хаця час, гэта такая штука, якая бяжыць незаўважна і хутка, як пясок праз пальцы. Не паспеюць азірнуцца бацькі гэтай сямігадовай малечы, як і яны стануць выпуснікамі.

Так было і так будзе. Таму тым, каму сёння толькі сямнаццаць, хочацца ад душы пажадаць – дык лётайце ж высока! І няхай ваш жыццёвы палёт ніколі не захінуць чорныя хмары!

Апошні званок сёння прагучаў для амаль 8 тысяч 11-класнікаў і амаль 11 тысяч 9-класнікаў Віцебскай вобласці. Далей – іспыты. А 9-10 чэрвеня хлопцаў і дзяўчат закружаць выпускныя балі. А потым ужо экзамены будзе прымаць само Жыццё…


Меткі: , ,

Падобнае

    2 каментарыя

    1. Вшывы Блох  
      30/май/2012 у 21:12

      😀

    2. Dev  
      30/май/2012 у 23:26 1

      Эээх, молодость, молодость...

    Каментаваць