Рэванш не ўдаўся

Нічыйным лікам завяршыўся матч на віцебскім штучным газоне паміж жаночымі камандамі “Універсітэт” і “Ніва-Белкард” (Гродна).
Па колькасці вострых момантаў і ўдараў у створ варот суперніц нашы дзяўчаты пераўзышлі гасцей у першым тайме. І хвілін за пяць да перапынку Юліі Стец удалося збегчы ад суперніц на спатканне з варатаркай “Нівы” і вывесці гаспадарак поля наперад.

Пасля перапынку гродненчанкі кінуліся адыгрывацца і часта гасцілі ў зоне “Універсітэта”. Паступова гульня выраўнялася, і здавалася, што няма адкуль чакаць пагрозы. Аднак дзесьці ў сярэдзіне тайма ў бок віцяблянак быў прызначаны штрафны удар. З гэтага госці ўсталявалі парытэт – 1:1.

Незадоўга да злашчаснага штрафнога гродненчанкі, якія выходзілі ўдваіх на спатканне з Алінай Броўка, мелі добрую магчымасць распячатаць вароты гаспадарак. Тады сваю каманду выратавала капітан “Універсітэта” Марыя Земерава – яна дагнала суперніцу, якая валодала мячом, і перашкодзіла ёй нанесці дакладны ўдар. Ну а самы востры момант ля варот “Нівы” ў другім тайме быў, калі Аляксандра Якушэвіч пасля навеса з фланга прабіла галавой. Тады сваёй гульнёй апладысменты заслужыла варатарка гасцей.

У мінулую пятніцу, 1 чэрвеня, “Універсітэт” гасціў у “Нівы”, дзе саступіў з лікам 0:2.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць