“Слава Полацка праецыруецца на вечнасць”

“Са святам вас, са святам! І вас таксама – са святам!” – ён вельмі хутка крочыў, шырока і белазуба ўсміхаўся і шчодра акрапляў святой вадой усіх людзей, што сустракалі хрэсны ход уздоўж вуліцы Еўфрасінні Полацкай. І кожны імкнуўся злавіць гэтыя кроплі, якія зіхацелі на сонцы вясёлкавай радасцю. І такім абаяльным быў ён, гэты дзіўны іерэй! Беларускую мову з вуснаў праваслаўнага святара я чула апошні раз пяць гадоў таму. І ўжо толькі дзеля аднаго гэтага варта было з’ездзіць у Полацк.

Увогуле трапіць у Полацк – гэта як дыхнуць беларускага паветра. Як зачарпнуць святой вады веры, надзеі і любові. Сэрцу беларускаму надзвычай добра тут, у Полацку… Пад аховай у Еўфрасіннюшкі.

Штогод 5 чэрвеня Полацк ушаноўвае сваю святую. Тысячы багамольцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Прыбалтыкі і іншых дзяржаў прыехалі ў старажытны горад і ўчора. Трапіць сюды на дзень святкавання памяці святой Еўфрасінні было маёй даўняй марай. І, дзякаваць Богу, яна спраўдзілася.

Урачыстасці ў гонар апякункі зямлі беларускай увянчалі святкаванне 1150-годдзя Полацка, якое доўжылася амаль два тыдні.

У Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры ў гэты дзень адслужылі тры боскія літургіі. Позняе набажэнства, на якім пашчасціла прысутнічаць, узначаліў епіскап Рэчыцкі Леанід, вікарый Гомельскай епархіі.

5 чэрвеня – адзіны дзень у годзе, калі служаць літургію і ў Сафійскім саборы. Але пабываць адначасова на дзвюх службах, канешне, не атрымалася: трэба было знаходзіцца ў нейкім адным месцы, і мы з сяброўкамі выбралі Крыжа-Уздзвіжанскі сабор манастыра. Набажэнства ў Сафійцы ўзначалілі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій і епіскап Барысаўскі Веніамін, вікарый Мінскай епархіі.

Затым па традыцыі ад сцен святой Сафіі ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр рушыў хрэсны ход. У ім ішлі сотні палачан. Наперадзе – духавенства, затым, што вельмі здзівіла, – прадстаўнікі мясцовай улады. Мэр Полацка Аляксандр Пазняк, мэр Наваполацка Наталля Качанава. (У Віцебску падобную карціну цяжка ўявіць: ніхто з нашага вышэйшага чынавенства не быў заўважаны не тое, што ў хрэсным ходзе, а проста ў храме на літургіі). Вельмі шмат людзей віталі хрэсны ход, стоячы ўздоўж вуліцы Еўфрасінні Полацкай.

Вернікі запоўнілі ўсю саборную плошчу каля манастыра. Хоць нейкая старая палачанка паведаміла, што гэта, аказваецца, яшчэ і мала: “У ранейшыя гады, асабліва, калі свята Еўфрасінні выпадала на нядзелю, было людзей нашмат болей: тут, на плошчы, народ стаяў, а які вялізны натоўп яшчэ быў за варотамі манастыра! Многія не маглі ў царкву трапіць”. Бабулька з непрыхаваным гонарам прызналася: “Я тут жыву каля манастыра, дык кожную нядзелю хаджу сюды. Ужо столькі гадоў…”

Пасля сустрэчы хрэснага ходу яго ганаровыя ўдзельнікі выступілі на ганку Спаса-Праабражэнскага храма, які яшчэ ў ХІІ стагоддзі ўзвёў дойлід Іаан па замове святой Еўфрасінні. Ад імя мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі, які сёлета не здолеў прыехаць на полацкае свята, да вернікаў звярнуўся епіскап Барысаўскі Веніамін, вікарый Мінскай епархіі. У прыватнасці, ён і прывёў паэтычнае параўнанне, якое ўвайшло ў загаловак – “слава Полацка праецыруецца на вечнасць”.

Пасля выступілі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, начальнік упраўлення па справах рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Даніленка, старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк і старышыня Наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава. Трэба адзначыць, што выступы чыноўнікаў былі не шэрагова-афіцыйнымі, а досыць цёплымі. Так, мэр старажытнага горада лічыць, што Полацк мае “поспехі дзякуючы моцы малітвы прападобнай, моцы яе любові да палачан”.

Калі прамовы скончыліся, уся саборная плошча – сотні людзей – заспявалі акафіст святой Еўфрасінні. А прадстаўнікі гарадскога кіраўніцтва пайшлі ў Крыжа-Уздзвіжанскі сабор, каб пакланіцца мошчам прападобнай.

Прыемна здзвіла і полацкая міліцыя. Некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў падыходзілі да абразоў і святых мошчаў. А падчас агульнай малітвы каля Спаса-Праабражэнскага храма перахрысціўся нават галоўны полацкі міліцыянер – начальнік ГАУС Аляксей Шаховіч, які колькі год таму падчас службы ў Віцебску досыць жорстка абыходзіўся з мясцовай апазіцыяй на мітынгах. Пэўна, ужо адно полацкае паветра ачышчае чалавека…

А ў тым, што Еўфрасіння Полацкая і сапраўды чуе нашыя малітвы, аўтар гэтых радкоў пераконвалася не раз… Моцная святая, сапраўды маці народа беларускага, мудрая і незгасальная зорка нашай веры.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ