Прапанаваны для абмеркавання гімн Віцебска большасці гараджан не падабаецца

Калі меркаваць па выніках апытання, размешчанага на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкама, тэкст і музыка магчымага гімна горада большасці ягоных жыхароў не падабаюцца.

Так, па дадзеных на 9 гадзін раніцы 12 чэрвеня, 65,4% наведвальнікаў гэтага рэсурса не падтрымліваюць гэты твор. Ухваліла яго значна меней карыстальнікаў – 31,72%. Яшчэ 2,84% чытачоў не вызначыліся са сваім адказам наконт таго, ці варты гэты варыянт быць гімнам нашага горада.

Нагадаем, у творчым конкурсе на стварэнне гімна Віцебска перамог твор, які напісалі паэтка, старшыня віцебскага аддзялення праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка і віцебскі кампазітар Аляксандр Раўза. Гімн, які называецца “Песня пра Віцебск”, збіраюцца прапанаваць для зацвярджэння дэпутатам гарадскога савета.

На працягу яшчэ трох дзён, да 15 чэрвеня, усе жадаючыя могуць выказаць свае заўвагі і прапановы наконт гэтага твора па тэлефоне 37-03-63. Можна таксама адправіць ліст па адрасе: Віцебск, праспект Фрунзэ, 11 (з пазнакай “Гімн”). Або накіраваць электронны ліст на сайт гарвыканкама, што зручней усяго.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ