У Віцебску пройдзе тэндар на ўсталяванне помніка князю Альгерду

Напярэдадні Дня горада зноў пайшлі размовы пра шматпакутны помнік князю Альгерду. Сёння ў Віцебску павінен прайсці тэндар на выкананне манумента ў гонар гэтай славутай асобы беларускай гісторыі.

У інтэрв’ю абласному тэлебачанню галоўны архітэктар Віцебска Віталь Дубік паведаміў, што ў тэндары возьмуць удзел “усе, хто падаваў заяўкі”. Далей нічога канкрэтнага не прагучала. “І па выніках будзе далей рухацца праца. Кіраўнік дзяржавы даў дазвол на ўсталяванне гэтага знака. І зноў жа, сродкі на яго ўсталяванне – гэта ахвяраванні, спонсарскія ўнёскі, іншымі словамі пазабюджэтныя грошы”, – сказаў Дубік.

Нагадаем, што помнік князю Альгерду, аўтарам якога з’яўляецца віцебскі скульптар Валерый Магучы, збіраюцца паставіць на Уваскрасенскай плошчы, насупраць аднайменнага храма.

З чэрвеня 2010 года там стаіць пусты пастамент. Гэткі ж знаходзіцца каля Дабравешчанскай царквы (там некалі планавалі ставіць манумент у гонар Аляксандра Неўскага). Заезджы люд ужо празваў Віцебск з-за гэтай акалічнасці “горадам пустых пастаментаў”. Каб было што тлумачыць здзіўленым турыстам, мясцовыя ўлады прыдумалі легенду: маўляў, скульптурная выява каля Уваскрасенкі – гэта помнік віцебскім замкам…

Некалькі месяцаў таму, у сакавіку, у Духаўскім кругліку вырашаўся лёс Альгерда. Чыноўнікі, гісторыкі, краязнаўцы, археолагі, мастакі, музейныя работнікі, святары вырашалі: ставіць ці не ставіць у нашым горадзе помнік славутаму князю. Тэрмін з’яўлення помніка тады не агучылі. Пасяджэнне выклікала рэзананс у грамадстве, бо было досыць незразумелым па сваёй сутнасці: і помнік, і пастамент на той момант ужо былі гатовыя.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ