Рымейк незалежнасці

Пра сёлетняе святкаванне Дня незалежнасці ў Віцебску новага мы вам нічога не паведамім. Адкрыйце на “ННВ” любы рэпартаж з аналагічных святаў у мінулым – і леташні, і пазалеташні, і пазапазалеташні будуць падобныя на тое, што адбывалася ў горадзе сёння.

А рабіць рымейкі прамовы Косінца на мітынгу, тэатралізаванага шэсця гусараў-кадэтаў-княгіні Вольгі, кружляння верталёту са сцягам над плошчай, спявання гімна разам і г.д. – няма ніякай ахвоты.

Адзінае, хочацца ўдакладніць колькасць людзей на плошчы Перамогі падчас ранішняга параду. Вядучае дзяржаўнае інфармагенцтва краіны перадае, што ўдзельнікамі ўрачыстага мітынгу сталі “звыш за 10 тысяч жыхароў абласнога цэнтра і гасцей горада”. Пра незлічоную колькасць святкуючых віцяблян перадаюць сваім гледачам і ОНТ з БТ.

Цяжка сказаць, колькі людзей стаяла ўздоўж вуліцы Леніна насупраць трыбуны з прадстаўнікамі ўлады, аднак у разы менш. Гэта можна сцвярджаць хаця б таму, што, як толькі скончыўся парад, народ з плошчы паспеў разысціся (дакладней, разбегчыся, па шляху згортваючы сцяжкі і іншую атрыбутыку свята) літаральна за дзве хвіліны, пакуль ваш карэспандэнт пераходзіў праз падземны пераход ад “Журавінкі” на плошчу Перамогі. Там засталася толькі невялікая купка народу каля сцэны, дзе пачаўся канцэрт.

Дзесяць тысяч чалавек аніяк не маглі так хутка знікнуць! Калі, канешне, яны не “мёртвыя душы”.

Асобныя персанажы свята, як на здымку уверсе, былі, канешне, каларытнымі.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ