Перасоўнай выставай і прэм’ерай адзначылі юбілей Шагала ў драмтэатры

Мінулыя выходныя прайшлі ў Віцебску пад знакам Шагала. “ННВ” падрабязна асвятлялі амаль усе падзеі. Завершылі святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Майстра дзве цікавыя імпрэзы ў драматычным тэатры імя Якуба Коласа – перасоўная ізраільскіх мастакоў і прэм’ера спектакля “Палёты з анёлам”. На іх нават пабываў сам Шагал. У самым прамым сэнсе.

Перасоўную выставу ў Віцебск прывёз Ізраільскі культурны цэнтр пры пасольстве Дзяржавы у Рэспубліцы Беларусь. У экспазіцыі – 30 прац сучасных ізраільскіх мастакоў. У іхніх творах сустракаюцца знаёмыя шагалаўскія сюжэты, але няма запазычанасці манеры яго пісьма.

Шыкоўны партрэт Бэлы пэндзля Андрыяна Жудро прымусіў спыніцца і да канца зразумець, чаму Шагал абагаўляў гэту жанчыну. Кранальны “Дыялог” паміж Майстрам і яго каханай “падслухала” мастачка Ганна Зарніцкая. Як маленькае свята – вясёлкавасць фарбаў у “Радасным лунанні ў аблоках” Ігара Палея. Трывожны “Апошні палёт” Віктара Кінуса. Можна доўга пералічваць творы, якія падарылі святло…

На адкрыцці выставы прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Іосіф Шагал. Аднафамілец знакамітага мастака адзначыў:  “У Віцебску не забываюць пра свайго земляка. І радасна, што сёння злучаны ў адно цэлае дзве краіны – Беларусь і Ізраіль. І звязуючае звяно – імя Шагала. Я ніколькі не сумняваюся ў тым, што пройдзе яшчэ трохі часу, і Віцебск, горад, які даў свету гэтага выбітнага чалавека, стане сапраўдным цэнтрам усіх даследванняў, мерапрыемстваў і святаў, звязаных з імем Марка Шагалам”.

Перад акрыццём выставы прысутныя ўбачылі фрагмент са знакамітага ў рэпертуары коласаўцаў спектакля – “Шагал… Шагал…”. А затым на сцэне адбылася прэм’ера – “Палёты з анёлам” па п’есе Зіновія Сагалава ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка і дырэктара драмтэатра імя Я.Коласа Валерыя Анісенкі.

Раней пастаноўка ішла на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (Мінск), якім кіраваў Анісенка да таго, як тры месяцы таму атрымаў прызначэнне ў Віцебск. У спектаклі ўсяго два акцёры: Валерый Анісенка, у ролі Мастака, і актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ганна Полупанава (у ролі Анёла). Раней гэту пастаноўку бачылі жыхары Варшавы, Масквы і іншых расійскіх гарадоў. Зараз рэжысёрскаму таленту Анісенкі і ягонаму творчаму дуэту з Полупанавай і таму, як яны ўвасобілі тэму мастацтва і кахання, апладзіравалі віцебскія тэатралы.


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць