Валерый Анісенка: “Калі спектакль не іграецца – на могілкі яго!”

Пасля таго, як сёлета ў красавіку на пасаду дырэктара і адначасова мастацкага кіраўніка віцебскага драмтэатра прышоў Валерый Анісенка, жыццё ў гэтым калектыве завіравала зусім па-іншаму. У гэтым журналісты пераканаліся, пабываўшы тут на традыцыйнай прэс-канферэнцыі на пачатак сезона.

Тэатр – гэта не мемарыял

Планаў у Анісенкі – грамада. І найперш ён жадае пахаваць былое, якое не прыносіць ані плёну, ані грошай. “Я не збіраюся рабіць мемарыяльны нацыянальны тэатр, дзе 40 пастановак і дзе адзін спектакль іграюць па тры гады. Не іграецца спектакль, не прадаецца – на могілкі яго! І пайшлі далей, далей! Гэта, груба кажучы, камбінат. І трэба яго прымусіць працаваць. І я з радасцю заўважыў, што абсалютная большасць людзей у калектыве мяне разумее – ад дворнікаў і вахты да акцёраў”, – кажа амбітны кіраўнік.

З Анісенкам як творцам віцебская публіка зможа пазнаёміцца зусім хутка, 23 верасня. У гэты дзень у Коласаўскім адбудзецца першы паказ спектакля “Песні ваўка” па п’есе беларускага драматурга Вячаслава Паніна. Гэта будзе першы спектакль, які паставіць Валерый Данілавіч на коласаўскай сцэне ў якасці дырэктара-мастацкага кіраўніка тэатра.

“Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ўбачаць жыхары Віцебска

Вялікі падарунак для беларускай душы рыхтуе таленавіты коласаўскі рэжысёр Міхась Краснабаеў. Гэта будзе “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” па Уладзіміру Караткевічу. І, як слушна заўважыў Анісенка, гэты спектакль стане “галоўнай нацыянальнай назвай у новым сезоне”.

Пакуль што Краснабаеў толькі “выношвае” спектакль, і таму нешматслоўны: “Ідзе ўнутраная праца… Недзе са студзеня, можа, трохі раней, пачну ставіць. А прэм’ера плануецца вясной. Гэта даволі вялікая і складаная праца. Твор Караткевіча – вельмі магутны, і яго вельмі люблю. Вось, буду спрабаваць нешта зрабіць… Дзякуй тэатру, што ўзяў гэту назву”, – кажа Міхась.

І прызнаецца, што жыве зараз “у трывожна-шчаслівым прадчуванні” яшчэ і ад таго, што яго чакае сумесная праца з Сяргеем Картэсам. Вядомы кампазітар, народны артыст Беларусі, імя якога ў музычным свеце стаіць побач з Альфрэдам Шнітке і Яўгенам Глебавым, даў папярэднюю згоду, што напіша музыку да спектакля “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ў пастаноўцы Краснабаева.

У Коласаўскім цяпер ёсць тэатральная гасцёўня

На працягу года коласаўцы збіраюцца прадставіць гледачам ажно 14 новых спектакляў.
А выступаць будуць ажно на трох творчых пляцоўках у сваім будынку: на вялікай сцэне, камернай сцэне і ў тэатральнай гасцёўні. Прычым камерная сцэна будзе ўжо не тая, а абсалютна новая. А ў тэатральную гасцёўню, утульную і прасторную, пераўтварылася фае перад вялікай заляй.

Прэзентацыя гасцёўні адбудзецца 25 кастрычніка. І гэта будзе “Прызнанне” Валерыя Анісенкі – лісты і песні кахання. “Некалі я пісаў лісты замужняй жанчыне. І гэта быў такі вар’яцкі раман! Потым яна аддала мне гэтыя лісты, бо дома захоўваць па вядомай прычыне не магла. Знішчыць іх мая рука не паднялася. Пазней, калі я быў чарговы раз паранены ў сэрца, сачыніў вось гэту гіторыю, у аснове якой тыя лісты. Будуць таксама гучаць рамансы, вершы. Такое вось лірычнае прызнанне...” – анансуе Анісенка.

Яшчэ адна цікавая імпрэза ў гасцёўні адбудзецца 3 лістапада. Гэта будзе “Вечар-ушанаванне Якуба Коласа”, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння паэта. Але мерапрыемства задумваецца не проста як сухая вечарына з чытаннем вершаў. Гэта будзе баль, на які прыдуць і сам пясняр, і адзін з яго герояў – Сымон-музыка.

Затым, на працягу года, у гасцёўні павінны адбыцца яшчэ некалькі вечарын, прысвечаных рамансу, беларускаму гумару і г.д.

Камерную сцэну збіраюцца адкрыць у снежні – спектаклем “Лабараторыя кахання” да юбілею заслужанай артысткі Беларусі Таццяны Ліхачовай. Потым гэту пляцоўку, якая пакуль аздабляецца, плануюць выкарыстоўваць для разнастайных эксперыментаў і майстар-класаў. У прыватнасці, у студзені 2013 года гледачы ўбачаць спектакль “Леанарда?” – сумесны беларуска-славенскі праект для ўдзелу ў тэатральным фестывалі ў Любляне, і “Спакусу” – пастаноўку амерыканскага рэжысёра Сэма Шэпарда.

Пад Віцебскам можа прапісацца тэатральны фестываль

І яшчэ адна неардынарная творчая задума, над ажыццяўленнем якой працуе Валерый Анісенка. Гэта міжнародны тэатральна-мастацкі фестываль “Адкрытая прастора”. Прапісацца ён можа ў выключна прыгожай мясціне – каля рэпінскага музея-сядзібы ў Здраўнёва пад Віцебскам.

Анісенка бачыць усё гэта, як феерычнае свята для людзей мастацтва. Вы толькі ўявіце сабе: на сцэне пад адкрытым небам ідзе спектакль, недзе побач працуюць на пленэры мастакі. Жыць арт-багема будзе тут жа, ў палатках. Творчасць, памножаная на цудоўнае паветра і фантастычную магію Здраўнёва, што можа быць лепей?! Шыкоўная ідэя! Застаецца спадзявацца, што яна знойдзе разуменне ў высокіх кабінетах.


Меткі: , , , ,

Падобнае

    Каментаваць