Ластоўскі і Корсак на фоне касцёла

Знаходзячыся ў Глыбокім праездам і маючы толькі гадзіну вольнага часу, карэспандэнт “ННВ” вырашыў правесці яго з карысцю: наведаць самую новую мясцовую адметнасць – сквер славутых землякоў на плошчы 17 Верасня, які адкрыўся месяц таму, напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

Ён уяўляе сабой галерэю, дзе на гранітных пастаментах усталяваны бронзавыя бюсты васьмі выбітных асоб, чый лёс звязаны з Глыбоччынай. Сквер невялічкі, але вельмі ўтульны – адсюль адкрываецца цудоўны від на Траецкі касцёл. Можна прысесці на лаву і слухаць, як шапаціць жоўтая лістота. А можна і паразмаўляць з прыемным суразмоўцам. Хочаш – з паэтам-летуціннікам Алесем Дубровічам, а хочаш – з такім сур’ёзным чалавекам, як прэм’ер-міністр БНР, пісьменнік, гісторык Вацлаў Ластоўскі. Дарэчы, дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння афіцыйна ўшанаваны ў нашай краіне ўпершыню.

Вельмі сімвалічна на фоне Траецкага касцёла глядзіцца бюст у гонар мецэната і вайсковага дзеяча Язэпа Корсака, які быў фундатарам будаўніцтва гэтага і шматлікіх іншых храмаў.

Акрамя таго, на гэтай алеі глыбачане ўвекавечылі памяць авіяканструктара Паўла Сухога, мастака Язэпа Драздовіча, заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, філолага, які адрадзіў сучасны іўрыт Эліэзера Бэн-Іегуды, Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Пятра Казлова.

Такі выдатны патрыятычны скульптурны комплекс – пакуль што адзіны ў рэспубліцы. Гэта сумесны праект Міністэрства культуры Беларусі і Глыбоцкага райвыканкама. Над бюстамі працавалі скульптары з Мінска і Віцебска (з нашага горада гэта Аляксандр Гвоздзікаў, Валерый Магучы, Азат Тарасян, Іван Казак).

Многія глыбачане вельмі ганарацца такой адметнасцю свайго горада. А тыя з іх, хто добра ведае гісторыю, дасюль даюцца дзіву – не могуць ніяк паверыць, што гэта галерэя ўсё ж з’явілася. “Гэта проста неверагодна! Вы ж паглядзіце, якіх асоб улады наважыліся тут ушанаваць. Адзін Корсак чаго варты! Напэўна, ідэолагі проста да канца не дачыталі ягоную біяграфію. Ён жа ўдзельнічаў у вайне з Расіяй, адваёўваў Смаленск і хадзіў на Маскву. А, можа, і дачыталі, хто іх ведае… Але, як бы там ні было, людзі сюды ходзяць, глядзяць на гэтыя скульптуры, і ёсць спадзеў, што пачнуць больш цікавіцца сваёй гісторыяй. Бо многія ж і не ведаюць: а хто гэта такі тут зараз стаіць замест крываногага Леніна, якога адсюль прыбралі”, – разважае рэдактар незалежнай газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун.


Меткі: , , ,

Падобнае

    3 каментарыя

    1. Лана  
      29/Верасень/2012 у 13:40

      Молодцы! Здорово!

    2. Андрэй  
      29/Верасень/2012 у 15:47 1

      Выдатна атрымалася;-)

    3. Феликс  
      30/Верасень/2012 у 16:30 2

      Все почему-то отмечают работу скульпторов и замалчивается, что сквер был запроектирован в ОАО "Витебскпроектреставрация".

    Каментаваць