“Віцебск” перамог “ДСК”

Яшчэ адной вікторыяй абзавёўся футбольны клуб “Віцебск”, абыграўшы дома гомельскі “ДСК”. Цяперака віцябляне – другія ў турнірнай табліцы першай лігі.

Сустрэча завяршылася з лікам 2:0. Абодва мячы былі забіты ў першым тайме. Распячатаць брамніка гасцей удалося Максіму Разумову, які пасля навеса Аляксея Пазняка ў штрафную з левага фланга дакладна прабіў галавой.

У прамежку паміж першым і другім галамі гаспадары поля мелі яшчэ дзесьці чатыры добрых моманты. Але большасці гэтых перспектыўных становішчаў не хапала дакладнасці пры ўдарах. Гледзячы на “асечкі” месцячаў, адзін з заўзятараў крыкнуў галоўнаму трэнеру “Віцебска” Юрыю Канаплёву: “Выпускай Гомзу!” (Дзмітрый Гомза – нападаючы “Віцебска”, адзін з лепшых бамбардзіраў першай лігі – заўвага І.М.).

Праз невялікі час гол Марата Воранава супакоіў знерваваную публіку. Асісціраваў яму Аляксандар Дзегцяроў, які аддаў пас пяткай назад, а Марат дакладна прабіў метраў з дваццаці.

Асаблівай вастрыні ў другім тайме ля варот “ДСК” не было. Адзіны “вярняк” быў загублены на старце гэтага тайма Аляксандарам Дзегцяровым, які з блізкай адлегласці прабіў вышэй варот. Не шанцавала ў тыя хвіліны і гасцям: адзін мяч не залічылі, а потым то промах, то Васюцін на месцы…

Меткі: ,

Чытайце яшчэ