Няўдалая серыя хатніх гульняў ХК “Віцебска”

Нічым добрым для ХК “Віцебск” серыя хатніх гульняў не ўвянчалася. Абедзве сустрэчы “мядзведзі” прайгралі ў асноўны час. Першы матч быў прайграны “Магілёву” з розніцай у адну шайбу (2:3). А ўчора з буйным лікам віцябляне саступілі салігорскаму “Шахцёру”.

Да сярэдзіны першага перыяда госці ўжо вялі ў ліку 0:4. Але аб капітуляцыі гаспадароў ільду не прыходзілася гаварыць. “Мядзведзі” праявілі характар і да першага перапынка здолелі двойчы запаліць чырвонае святло за брамай гасцей. Першым адзначыўся Ягор Сцяпанаў, які выйшаў на спатканне з варатаром “кратоў”. А за тры секунды да сірэны Нікіта Ядроец скарачае адставанне да дзвюх шайб.

Пасля другой трэці лічбы на табло не змяніліся. Хаця выдатную магчымасць аформіць дубль меў Ягор Сцяпанаў – ён у чарговы раз выйшаў на рандэву з брамнікам. Але ў другі раз перайграць Валерыя Проніна ў яго не атрымалася.

Заключныя дваццаць хвілін адзначыліся дзвюма шайбамі ў вароты “Віцебска” і бойкай паміж абаронцам гаспадароў Кірылам Сачыўкам і нападаючым “Шахцёра” Яўгенам Дадонавым. Усё б нічога, бойкі падчас хакейных баталій – справа звыклая. Але нячаста падчас высвятлення адносінаў паміж гульцамі на лёд падае суддзя! Пасля таго, як суддзі развялі маладзёнаў у бакі, Кірыл настойліва імкнуўся працягнуць высветленне адносінаў з супернікам. Яго стрымліваў адзін з лінейных арбітраў, які і апынуўся на ільду. Наўмысна ці не Кірыл паваліў лінейнага, сказаць складана. Але ён быў пакараны матч-штрафам і выдалены да канца гульні.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ