У Віцебску ўпершыню праходзіць выстава Міколы Купавы

На ўгодкі з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, 26 лістапада, у віцебскай мастацкай галерэі “Сцяна” адкрылася выстава вядомага беларускага мастака Міколы Купавы. На ёй майстар прадставіў сваю кніжную графіку і ілюстрацыі да кнігі казак Караткевіча “Лебядзіны скіт”.

Вернісаж знакамітага мастака са сталіцы сабраў, калі можна так сказаць, увесь віцебскі беларускамоўны бамонд. Выставу наведалі мастакі Міхась Ляўковіч, Святлана Баранкоўская, пісьменнік Сяргей Рублеўскі, акцёр Пятро Ламан, грамадскі актывіст Барыс Хамайда і іншыя вядомыя ў нашым горадзе людзі. Прыехаў з Оршы і зямляк Купавы, бард Андрэй Мельнікаў. Сярод прысутных быў і экс-кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах Рыгор Кастусёў.

На адкрыцці выставы Мікола Купава прызнаўся, што ў Віцебску ягоныя творы экспануюцца ўпершыню. Мастак распавёў, што, па сутнасці, гэта дзве выставы ў адной. Першая прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а другая – Уладзіміру Караткевічу.

Купава звярнуў увагу прысутных на праблему захавання і рэстаўрацыі кляштара базыльянаў у сваёй роднай Оршы. Мастак паведаміў, што ў экспазіцыі ёсць працы, сродкі ад продажу якіх ён ахвяруе на рэстаўрацыю гэтага помніка архітэктуры ХVIII стагоддзя.

Даведка “ННВ”: Мікола Купава працуе у галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі, жывапісу. Даследуе беларускую архітэктуру, у прыватнасці, аршанскае абарончае і сакральнае дойліцтва. Выканаў мастацкае аздабленне больш 30 кніг і альбомаў. За мастацкае аздабленне энцыклапедычнага даведніка "Францыск Скарына і яго час" (1988 г.) узнагароджаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны – найвышэйшай узнагароды ў галіне кніжнага мастацтва ў Беларусі. Браў удзел болей як у 80 міжнародных і нацыянальных выставах. Творы мастака захоўваюцца у шматлікіх музеях Беларусі, а таксама ў прыватных зборах ЗША, Эстоніі, Літвы, Польшчы, Украіны.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ