Вікторыя за “Вітэнам”

Хуткі гол, інтрыга, бліскучая гульня варатара віцяблян Александра Мароза, дубль Леаніда Шылоўскага і ўрэшце перамога ў родных сценах – усё гэта было ўчора ў матчы паміж міні-футбольнымі клубамі вышэйшай лігі “Вітэн” і гомельскай “Беларускай чыгункай” (БЧ).

Шпаркі мяч Леаніда Шылоўскага на 12-й секундзе, гол з Паўла Ліхача на пятай хвіліне адразу запэўнілі, што гэты паядынак для “Вітэна” пройдзе без сучка і задзірынкі. Але калі гасцям удалося скараціць лік, прышлося трохі засумневацца, што ўсё пройдзе роўна. Трэба аддаць належнае падапечным Юрыя Поклада – прапушчаны мяч не выбіў іх з раўнавагі, і да перапынка яны яшчэ двойчы дабіліся поспеху (4:1).

У сярэдзіне другога тайма госці замянілі варатара на пятага гульца. Дывідэнды гэта ім прынесла толькі за паўхвіліны да канца гульні, калі лік скараціўся да двух мячоў.

Гамяльчане, спадзеючыся, напэўна, на цуд, што за трыццаць секунд яны здолеюць зраўняць лік, пакідаюць пятага гульца на пляцоўцы – вароты пустыя. Чым і скарыстаўся за секунду да фінальнай сірэны Аляксей Юрага, які адправіў у асірацеўшую браму “БЧ” пяты мяч (5:2).


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць