У Віцебску адбыўся чарговы Unplugged Day

У Віцебску пачала прыжывацца новая форма правядення культурных імпрэз – unplugged
(анплагд). Гэта значыць акустычны канцэрт. Плюс яшчэ якая-небудзь арт-падзея – выстава, кінапаказ, літаратурны выступ і інш.

У нядзелю, 16 снежня, у віцебскім Цэнтры сучаснага мастацтва ў адным флаконе арганізатары (партал Vitebsk4.me) падалі музычны перформанс і аднадзённую фотавыставу. Імпрэза называлася “Unplugged: ЧБ”. Скарочана ад “чорна-белае”.

Удзельнікі выставы – маладыя віцебскія фотамастакі Дзіма Лось, Аляксандр Веледзімовіч, Таццяна Агаджанян і Таццяна Лісоўская ў сваіх працах разважаюць над тым, якім бывае чорна-белы свет: глыбокім, разнастайным, насычаным колерамі вясёлкі ці графічна абмежаваным.

Найбольш уразіў фотапраект “Неработа”, які прадставіў Дзіма Лось. Ён адлюстраваў кірмашова-спажывецкае жыццё буйнога гандлёвага цэнтра. Галоўныя героі здымкаў – людзі-манекены і рэчы. Безліч рэчаў, патрэбных нам і непатрэбных. У анатацыі да фотасерыі аўтар напісаў: “Рэчы, якія можна лічыць сотнямі, і людзі, якія закапаліся ў гэтых рэчах. Гэта пластмаса, гэта пыл, гэта мы”.

Пасля таго, як наведвальнікі пазнаёміліся з працамі фотамастакоў, пачаўся музычны перфоманс ад віцебскіх гуртоў Chaotic Orchestra і “Ведьма”. Слухаць музыкаў можна было, седзячы проста на падлозе, на дыванках.

Unplugged Day пачалі праводзіць у Віцебску сёлёта ў сакавіку. І, трэба адзначыць, гэта нешта новае, цікавае і свежае ў культурніцкім жыцці нашага горада, якое пачало ўжо пакрыху нагадваць адзін і той жа надакучлівы сцэнар.

Арганізатары запэўніваюць, што любы жыхар горада можа выказаць свае прапановы, датычныя канцэпцыі чарговай імпрэзы. Дык вось, прапанова ад “ННВ. Ідэя, праўда, не эксклюзіўная – нешта падобнае ўжо праходзіць у Мінску. Але ў нас гэта дакладна будзе ўпершыню. Увесну і ўлетку, калі надвор’е дазваляе, можна праводзіць Unplugged Day ў якім-небудзь старым утульным віцебскім дворыку. Напрыклад, зладзіць выставу (працы можна размясціць на вяроўцы на прышчэпках) і кінапаказ на свежым паветры.


Меткі: , , , , ,

Падобнае

    Каментаваць