“Каардынаты беларускасці” разам з Таццянай Беланогай і Вікай Трэнас

У Віцебску ўпершыню выступілі разам дзве вядомыя асобы ў айчынным культурніцкім асяроддзі – бард Таццяна Беланогая і паэтка, літаратурны крытык Віка Трэнас. Іх сумесны творчы вечар адбыўся 23 студзеня на арт-базе Vitebsk4.me ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. “Віцебскія гастролі” Тані і Вікі сталі сапраўднай асалодай для беларускіх сэрцаў.

Віка Трэнас прызналася: "Раней я была толькі наведніцай канцэртаў Таццяны, а зараз маю шчасце выступаць з ёй разам”. Прыемна, што гэтых таленавітых дзяўчат на адной творчай імпрэзе аб’яднаў менавіта Віцебск.

“Лічыцца, што паэзію па-сапраўднаму могуць разумець толькі 2 ці 3% насельніцтва Зямлі. Але я з гэтым не згодна. Бо паэзія – гэта пачуцці, а яны маюцца ва ўсіх, у каго ёсць душа. Я пішу аб тым, што перажыла сама. І стараюся быць гранічна шчырай з чытачом. Бо ён вельмі адчувае няшчырасць. Вельмі шмат маіх твораў – пра падарожжы, вандроўкі, якія я вельмі люблю”, – падзялілася Віка.

Да другой яе кнігі – «Экзістэнцыйны пейзаж», прадмову напісаў сам Рыгор Барадулін. І паэтка ганарыцца не столькі фактам выхаду гэтага паэтычнага зборніка, колькі барадулінскай ацэнкай сваёй творчасці. “Гэты гонар я яшчэ не апраўдала, буду апраўдваць”, – кажа яна.

На думку Вікі Трэнас, для беларускай літаратуры “зараз вельмі шмат робяць менавіта дзяўчаты”: “У нашай прозе і паэзіі раней амаль не было жанчын, і вось у апошнія пяць гадоў яны пачалі браць рэванш. Усе літаратурныя крытыкі адзначаюць, што еўрапейскія павевы ў літаратуры першымі схопліваюць менавіта жанчыны. Але, канешне ж, гэта вершы не пра “карункі-кветачкі”. Сучасныя беларускія паэткі ствараюць культ іншай лірычнай гераіні – моцнай, адукаванай жанчыны з шырокімі поглядамі”.

Таццяна Беланогая на пачатку выступу праспявала некалькі песень на вершы сваёй любімай паэткі Яўгеніі Янішчыц. І распавяла, што зараз запісвае альбом на яе творы. “Але чамусьці цяжка ён даецца і вельмі доўга запісваецца… Называцца ён будзе “Святло і цені”. Вельмі хочацца святла, але часам бывае так, што шлях да гэтага святла загартоўвае”, – кажа Таццяна. І ўсміхаецца, як гэта ўмее рабіць толькі яна – чароўна, даверліва і крыху сарамліва.

Потым былі яшчэ песні. І пасля кожнай Беланогую адорвалі апладысментамі ад сэрца. Таццяна ўмее так дзяліцца сабой, што знаходзіць “ключыкі” нават да самай скамечанай душы. Увогуле гэта рок-бард-спявачка – незвычайная з’ява ў беларускай музыцы. Яна ніколі не рве струн, не крычыць, не заломвае рук. Свае ці чужыя, але заўсёды прыгожыя, выкшталцоныя тэксты, яна спявае так, нібы спавядаецца.

Сваёй шчырасцю Таццяна ўмее “разгаварыць” нават самую негаваркую аўдыторыю. Калі яна папрасіла слухачоў распавесці, хто, як і калі прышоў да Беларусі, народ спачатку маўчаў. А потым юнакі і дзяўчаты пачалі дзяліцца сваімі “каардынатамі беларускасці”. Так, адзін хлопец узгадаў рамантычную гісторыю пра тое, як ён са сваёй сяброўкай аднойчы сустрэў “беларускі світанак” у Расіі – сонца тады для іх узыходзіла пад песні Таццяны.

Сама ж спявачка падзялілася, што яе шлях да Беларусі пачаўся з N.R.M.: “Калі я ўпершыню пачула іхнія песні, то проста згубіла магчымасць размаўляць. Гэта быў крок у іншы свет. Разумееце, гэта калі тут ты адзін, а праз крок – ужо іншы”.

Даведка “ННВ”:

Таццяна Беланогая нарадзілася ў 1984 годзе ў Маладзечна. Мае дзве вышэйшыя адукацыі – географа і выкладчыка англійскай мовы. Пераможца конкурсаў «Бардаўская восень-2004» у Бельску-Падляскім і «ОРРА-2006» у Варшаве. Атрымала прэмію «Спеўная паэзія» «Рок-каранацыі-2006». Аўтарка альбомаў: “Там, дзе мы” (2004), “Пабачыць сьвет” (2006), “Дзьвюхкроп’е” (2008), “Ніткі” (2010).

Віка Трэнас (сапраўднае імя Вікторыя Ляйкоўская) нарадзілася ў 1984 годзе ў Мінску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, вывучала філасофію і літаратуру ў Беларускім калегіуме. У 2006-2012 гадах – рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Выступае арт-мэнэджарам – арганізоўвае разнастайныя творчыя імпрэзы з удзелам беларускіх літаратараў, музыкантаў, мастакоў. Аўтар кніг паэзіі «Цуд канфіскаванага дзяцінства» (2005), «Экзістэнцыйны пейзаж» (2008). Піша на беларускай і рускай мовах. Творы перакладаліся на нямецкую, балгарскую, шведскую французскую.


Меткі: , ,

Падобнае

    1 каментар

    1. DiMarc  
      24/студзень/2013 у 13:37

      iмпрэза выдалася вельмi цеплай i утульнай

    Каментаваць