Культурная вясна ў Віцебску пачнецца з “Кірмаша праектаў”
“Кірмаш праектаў”, распачаты ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Магілёве, хутка прыедзе ў Віцебск. Шукаюцца ідэі, здольныя зрабіць мясцовае культурнае жыццё больш цікавым, змястоўным і запатрабаваным.
Калі нагодай для збору культурніцкіх прапаноў у Магілёве быў выбітны і адказны статус культурнай сталіцы Беларусі і СНД, які горад атрымаў на бягучы год, то нагодай для “Кірмашу праектаў” у Віцебску можа стаць падтрыманне заслужанага статуса моцнага культурніцкага цэнтра Беларусі.
“Кірмаш праектаў” – гэта пляцоўка для абмеркавання ў фармаце lightning talk (“маланкавая размова”) культурніцкіх прапаноў, якім неабходна падтрымка ў канцэптуальнай дапрацоўцы, арганізацыі, пошуку самых розных рэсурсаў і партнёраў. Калі Вы ведаеце, чаго бракуе ў культурным жыцці вашага горада і вобласці, можаце аформіць свае думкі канструктыўна і перспектыўна, і больш таго – прадставіць праектную ідэю на суд неабыякавай публікі, запрашаем вас да ўдзелу ў “Кірмашы праектаў”, які адбудзецца ў сакавіку гэтага года.
На выніковай сустрэчы-прэзентацыі вы зможаце:
- распавесці пра свой праект (ідэю) шырокай і невыпадковай аўдыторыі;
- пазнаёміцца з цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;
- знайсці аднадумцаў, партнёраў, валанцёраў для рэалізацыі вашай ідэі;
- атрымаць “парады бывалых” і якасную ацэнку, карысныя для развіцця вашага праекта;
- заахвоціць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку.
І такім чынам зрабіць свой унёсак у тое, каб культурніцкае жыццё вашага горада зрабілася ярчэйшым і цікавейшым!
Праекты, што пройдуць папярэдні адбор арганізатараў, пабачаць афіцыйныя асобы і незалежныя прадстаўнікі культуры і мастацтва, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнэсу, турызму і іншыя зацікаўленыя людзі, з якімі можна абмеркаваць вашую прапанову ў дэталях.
Фармат lightning talk – гэта:
- 5 хвілін, якія даюцца на ваш выступ;
- мінімум 3 слайды*, якія вам трэба падрыхтаваць (максімум – роўна столькі, колькі вы паспееце прадставіць за адведзеныя 300-420 секунд).
- *Для прэзентацый, зробленых у prezi.com – абмежаванні толькі па працягласці выступу.
- У прэзентацыю неабходна ўключыць наступнае:
- назва і сутнасць прэзентацыі (праект, стратэгія і г.д.);
- чаму і каму гэты праект неабходны?
- фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) адэкватнасць;
- калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?
- якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце? (каманда, партнёры, бюджэт).
Праекты ў фармаце прэзентацый PowerPoint, Prezi і аналагічных, а таксама запоўненую заяўку ўдзельніка дасылайце да 28 лютага ўключна на e-mail: [email protected].
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся да каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Віцебскім рэгіёне Уладзіміра Булаўскага, тэл.: +37529 8940517.
Выніковая прэзентацыя адбудзецца 5 сакавіка 2013 года.
Жадаем поспехаў і натхнення!