Навошта такі хакей?

На мажорнай ноце хакейны клуб “Віцебск” завяршыў сёлетні чэмпіянат, перайграўшы дома “Брэст”. Аднак які сезон запар віцебская хакейная каманда завяршае яго ледзь не на самым дне турнірнай табліцы. Гэта стала не самай лепшай традыцыяй...

І, падобна, такое становішча ў хакеі задавальняе віцебскіх спартыўных чыноўнікаў. Зразумела, што хакей як від спорту вымагае нямала сродкаў. Не ўсе клубы могуць прэтэндаваць на званне лепшай каманды нацыянальнага першынства. Але віцебскім аматарам хакея хацелася б бачыць на ільду не інэртную каманду, якая лёгка дазваляе суперніку ўзяць тры ачкі ды папоўніць свае бамбардзірскія балы, а дружыну, якая б дарыла станоўчыя эмоцыі, нават калі б гэтыя паядынкі не заўжджы завяршаліся для “Віцебска” станоўчым вынікам. Хочацца ісці на гульню не з загадзя сапсаваным настроем – твой клуб сёння адназначна прайграе, а каб убачыць цікавы насычаны паядынак.

Лепшы бамбардзір “мязведзей” Аляксандр Караткевіч няўдалы выступ сваёй каманды ў гэтым чэмпіянаце звязвае з сыходам лепшых гульцоў на працягу сезона, а таксама з тым, што ў клуба няма ніякіх мэт і пераядычна ўзнікаюць праблемы з амуніцыяй, клюшкамі, грашыма. Аб гэтым ён нядаўна распавёў сайту sportvitebsk.com.

Гэты сезон мясцовым заўзятарам хакея запомніцца антырэкордам “Віцебска” – у лістападзе мінулага года наша каманда саступіла “Гомелю” 1:16. Аднак запомнілася і пераможная серыя з чатарох матчаў, якая на фоне шматлікіх параз яскрава вылучалася і дапамагла на нейкі час паверыць у каманду.

Калі гаварыць пра заўзятараў, то іх цікавасць і актыўнасць паступова падае. У сезоне 2010-2011 на форуме афіцыйнага сайта ХК “Віцебск” абмеркаванне лядовых баталій, праблем клуба на працягу сезона заняло 74 старонкі. Наступны чэмпіянат абмяркоўваўся ўжо толькі на 49 старонках. А ўжо да сёлетняга першынства аматары хакея аднесліся, можна сказаць, абы-як: абмеркаванне заняло ўсяго 11 старонак.

З такімі тэндэнцыямі віцебскі хакей можа застацца і без заўзятараў.

Меткі:

Чытайце яшчэ