Сяргей Рублеўскі атрымаў прэмію «Гліняны Вялес»

Сёння стала вядома імя пераможцы штогадовай недзяржаўнай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2012 год – ім стаў вядомы беларускі літаратар, жыхар Віцебска Сяргей Рублеўскі.

“Глінянага Вялеса” Рублеўскаму прынёс зборнік эсэ і мініяцюр «Паспець надыхацца», які пабачыў свет у сталічным выдавецтве “Медысонт”. Імя пераможцы абвясціў каардынатар “Таварыства Вольных Літаратараў” (ТВЛ), якое штогод уручае гэтую прэмію, полацкі літаратар Алесь Аркуш. “Паспець надыхацца” – сёмая па ліку кніга ў бібліяграфіі віцебскага празаіка. Ганаровая цырымонія ўручэння прэміі мусіць адбыцца вясной у Полацку.

“Зараз мы жывём у часе стэрэатыпаў і трэндаў. Цяпер, калі ідуць дыскусіі адносна кніжак, якія вылучаюцца на прэміі, фігуруюць проста імёны, трэнды. Гэта імёны, раскручаныя праз інтэрнэт, масмедыя. І часам людзі, якія выказваюцца і галасуюць, нават не чыталі гэтых пісьменнікаў. Сяргей Рублеўскі – рэгіянальны літаратар, нетрэндавы, але проза якога надзвычай шчырая, традыцыйна беларуская ў добрым сэнсе гэтага слова”, – патлумачыў выбар ТВЛ Алесь Аркуш.

Сёлета ў шорт-ліст «Глінянага Вялеса», акрамя кнігі-пераможцы, таксама ўваходзілі выданні: Эдуард Акулін, «Малітва воч»; Леанід Галубовіч, «З гэтага свету»; Юрый Станкевіч, «Шал»; Андрэй Федарэнка, «Ланцуг».

«Гліняны Вялес» адзначае досыць сур’ёзны юбілей – 20-годдзе. Сваю прэстыжную літаратурную прэмію ТВЛ пачало ўручаць з 1993 года. У 2010 годзе “ННВ” наведалі цырымонію, калі глінянага стода мастацтва атрымаў Віктар Казько.

Рэдакцыя “Народных навін Віцебска” віншуе Сяргея Рублеўскага з атрыманнем прэміі, зычыць яму не менш яскравых творчых здабыткаў і спадзяецца трапіць у Полацк на “вялесаванне”.

  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ

4 каментарыя

  1. Поликлет  
    2/сакавік/2013 у 13:26

    Тот самый случай, когда мнение жюри совпало с народным мнением ценителей качественной словесности. От всего сердца поздравляю Сергея Васильевича!

  2. Уладзімір  
    2/сакавік/2013 у 15:21 1

    Сардэчна віншую! Хацеў бы таксама трапіць на ўшанаванне!

  3. Смолікаў  
    2/сакавік/2013 у 20:00 2

    СЯргею Васільевічу віньшаваньні і пажаданьня новых посьпехаў!!!

  4. Дзядулін  
    3/сакавік/2013 у 20:24 3

    Віншуем, шаноўны Сяргей Васільевіч! Але ж даўно і дзяржаўныя адзнакі павіны былі звярнуць увагу да Вашай творчасці!

Каментаваць

Вы павінны увайсці каб каментаваць.

Можна ўвайсці праз: