Велікоднае пасланне Апостальскага адміністратара ксяндза-прэлата Францішка Кісяля

Браты і сёстры! Пачынаючы са старажытных часоў хрысціянства, Пасхальная Літургія захоўвае гэтыя словы: "Resurrexi et adhuc tecum sum" – “Я ўваскрос і цяпер заўжды з табою”. І як жа лепш можна выказаць пасхальную радасць: Пан не толькі Ўваскрос, Ён заўсёды са мною. Са мною заўсёды ёсць мой Бог, жывы і несмяротны.

Кожны год, у дзень Змёртвыхпаўстання Пана, у нашых святынях мы чуем словы Евангелля пра тое, як вучні Езуса шукаюць цела свайго Настаўніка ў магіле і не могуць яго знайсці. Марыя Магдалена абвяшчае Апосталам Пятру і Яну трывожную вестку: “Забралі Пана з магілы і не ведаем, куды паклалі Яго” (Ян 20,2). Праз нейкі час Ян і Пётр, прыбегшы да магілы, таксама бачаць пустую труну і складзеныя хусты. Няма Пана, не ведаем, дзе Ён!

У гэтых словах і пачуццях мы пазнаём голас сённяшняга свету і шматлікіх нашых братоў і сясцёр: “Няма Бога, і мы не ведаем, дзе Ён”. Людзі, паміж якіх мы жывём і працуем, у большасці шчырыя і добрыя, але пачуццё разгубленнасці – дзе ёсць Бог, і дзе яго знайсці? – перапаўняе сёння не адно чалавечае сэрца. Марыя Магдалена кажа: “Забралі Пана, і не ведаем, дзе паклалі Яго”. Часта здаецца сапраўды, што хтосьці ўкраў сёння ў людзей Бога і аднёс Яго за недасяжныя далі, каб яны не змаглі знайсці свайго Стваральніка, з якім можна прабываць і якому можна бязмежна давяраць.

У гэты Святы Дзень, браты і сёстры, многія вашыя дзеці і блізкія прыедуць у бацькоўскі дом, каб раздзяліць з Вамі гэтую вялікую радасць. Але, на жаль, у сэрцах многіх з іх можна прачытаць такія словы: “Забралі Пана, і мы ўжо не ведаем, дзе Ён”. Так, той Бог, які быў такі блізкі ў бацькоўскім доме, да якога так шчыра калісьці мы маліліся ў дзяцінстве, знік з нашага жыцця. Яго ўкралі горад альбо новая праца, заняткі альбо сямейныя праблемы. Ёсць так шмат нашых братоў і сясцёр, якія пакінулі Касцёл, даўно не былі ў споведзі, забыліся пра святкаванне нядзелі. Яны не адракаліся ад Бога, яны не сталіся злымі людзьмі, але трывога гэтых слоў бачна ў іхніх вачах: “Забралі нам Пана, і мы не ведаем, дзе паклалі Яго”.

Вось таму ў гэты Дзень мы чуем словы, якія прымушаюць устрапянуцца нашыя сэрцы: “Я Уваскрос і цяпер заўжды буду з Табою”. Бог павінен уваскрэснуць у кожным нашым сэрцы, у кожнай нашай сям’і, той Бог, які праз нашу няўважлівасць альбо празмерную заклапочанасць можа здавацца непрысутным.

Марыя Магдалена і вучні, што бягуць у грабніцу, шукаючы цела Пана, з’яўляюцца для нас вобразам сучаснага чалавека, які знаходзіцца ў пастаянным паспешлівым бегу, але з сэрцам трывожным і поўным неспакою шукае Бога. Чалавек не можа жыць без Бога і заўсёды будзе яго шукаць, толькі як і дзе? Многія ў пошуках жывога Бога трапілі ў розныя небяспечныя секты, іншыя спаталяюць унутраны голад свайго сэрца, кідаючыся ў розныя прапановы сённяшняга свету, і таму голас Анёла ля грабніцы сёння пытае ў кожнага з нас: “Чаму шукаеце жывога паміж памерлымі?” (Мц. 24,5). І сапраўды, дзе мы шукаем Бога? Дзе стараемся знайсці прахалоду для нашага сэрца? Дзе мы лечым нашыя раны і чым кормім нашыя душы? Можа, сапраўды, словы Евангелля гучаць для нас: “Няма Яго тут, Ён уваскрос!” (Мц. 24,6).

Не трэба шукаць Бога там, дзе Яго няма, бо замест сапраўднага жыцця мы можам знайсці смерць. Не трэба траціць сілы на тое, што не дае нам сапраўднай радасці, а толькі на нейкі час дазваляе нам забыцца пра нашыя праблемы. Сёння Бог дае адказ на ўсе нашыя пытанні і паказвае шлях да сапраўднага шчасця. Уваскрослы Хрыстос – вось адзіны шлях чалавека да Бога, не просты, але сапраўдны і не падманны.

На Вялікдзень мінулага 2012 года з вуснаў папы Бэнэдыкта XVI мы пачулі словы: “Езус паўстае з труны. Жыццё мацнейшае чым смерць. Дабро мацнейшае чым зло. Любоў мацнейшая чым нянавісць. Праўда мацнейшая чым хлусня...”. Вось пасланне Бога кожнаму з нас на гэты дзень, якое мы павінны не толькі пачуць, але прыняць усім сэрцам і ўчыніць правілам свайго ўласнага жыцця.

Браты і сёстры!

Марыя Магдалена і Апосталы, што паспешна бягуць да магілы, у якой быў пахаваны Езус, павінны нас заахвоціць далучыцца да іх. Давайце вырушым у шлях, каб шукаць Яго. Сэрцы вучняў, што імкнуць да магілы, перапаўняе трывога, бо яны перажылі столькі страху і трывогі. Тры апошнія дні сталіся для іх доўгай цёмнай ноччу, што ледзь не знішчыла іх веру, іх надзею, ледзь не забрала сэнс жыцця, ахвоту ісці далей. Магчыма, і мы перажылі за апошнія гады не адну такую ноч Вялікай Пятніцы, можа, лютая хвароба апанавала нас альбо нашых блізкіх, можа, і ў нас амаль не засталося сіл спадзявацца, любіць, жыць… І таму трэба вырушыць у шлях, трэба бегчы, як вучні, каб знайсці Бога Жывога, Бога, які адорыць нас ласкай і сілай, заменіць нашу ноч на раніцу жыцця.

Вялікоднай раніцай вучні, што сустрэлі Уваскрослага Пана, сталіся сведкамі ягонага Змёртвыхпаўстання і абвяшчалі гэтую радасную вестку усім людзям. Мы, сучасныя хрысціяне, павінны сёння запрасіць увесь свет яшчэ раз глянуць на гэтую асобу – Езуса з Назарэта. Пра гэтага Чалавека чулі ўсе, але многія палічылі Яго памерлым. Многія думаюць, што час, калі Ён быў патрэбны людзям, ужо мінуў, і Хрыстос са сваёй навукай не патрэбны ўжо сучаснаму чалавеку. Хрыстос не памірае, Ён жыве вечна. Але павінен уваскрэснуць наноў у нашай свядомасці, у розумах і сэрцах сённяшніх людзей. Гэта заданне для нас, хрысціянаў, сказаць сённяшняму свету і кожнаму чалавеку, што Езус з Назарэта, які быў асуджаны пры Понцкім Пілаце, выкінуты з нашых святынь і з жыцця шматлікіх людзей атэістычнай сістэмай, складзены ў магілу няпамяці, і многімі забыты – Уваскрос!

Браты і сёстры!

Няхай жа кожнае неспакойнае і трывожнае сэрца, якое шукае Бога, наблізіцца да асобы Хрыста, Божага Сына. Паспрабуем яшчэ раз аднавіць і нашу веру і нашае жыццё. Будзем жа шукаць Ягоны Воблік, вернемся да ягонага слова і паводле гэтага слова пастараемся будаваць нашае жыццё, пойдзем на сустрэчу з Ім у Святой Камуніі. Няхай гэта навіна пра Ягонае ўваскрасенне зноў стане новай. Дазвольце скончыць гэтае разважанне словамі Святога Аўгустына:

– Вось і надышлі гэтыя дні, браты, калі мы ўсклікаем: Алелюя! І душа наша нейкім дзіўным чынам змяняецца. … Калі сёння такая радасць перапаўняе нашыя сэрцы, то як жа мы ўзрадуемся ў той дзень, калі пачуем: « Прыйдзіце, блаславёныя Айца майго, вазьміце ў спадчыну валадарства» (Mt 25,34). І тады ўсе святыя збяруцца разам; тады сустрэнуцца тыя, што ніколі не былі знаёмыя; і там наш сябра ніколі не знікне, і наш вораг не будзе нас больш палохаць. Дык давайце ўсклікаць Алелюя; гэта так прыгожа, так радасна, колькі ў гэтым весялосці, лёгкасці і слодычы!

Хрыстос Уваскрос!
Сапраўды Ўваскрос!
Св. Аўгустын, Sermone 229/B,2

Апостальскі адміністратар sede vacante ad nutum Sanctae Sedis Віцебскай дыяцэзіі
Ксёндз-Прэлат Францішак Кісель.


Меткі: , ,

Падобнае

    3 каментарыя

    1. cinic  
      31/сакавік/2013 у 14:30

      Усiх каталiцкiх вернiкау са святам !!!!

    2. поп-толоконный-лоб  
      31/сакавік/2013 у 15:19 1

      cinic пісаў:

      Велікоднае

      Хоть бы раскладку своего языка поставили правильную.

    3. Pcholkin  
      31/сакавік/2013 у 17:37 2

      Са святам !!!

    Каментаваць