“Дай Бог, каб у кожнага ў жыцці было такое “Узгор’е”: успаміны сябраў віцебскага клуба аматараў даўніны

Арганізатары вечарыны ў Духаўскім кругліку 25 красавіка спалучылі дзве падзеі ў адной. Тут прэзентавалі новыя “Віцебскія замкі” – буклет Ігара Цішкіна. На гэты раз выданне надрукавана па-руску. І сабралі разам патрыярхаў віцебскага краязнаўства – сябраў знакамітага клуба аматараў даўніны “Узгор’е”, створанага ў красавіку 1986 года. Гэтыя мужныя, апантаныя віцебскай гісторыяй людзі падзяліліся вельмі каштоўнымі ўспамінамі. Па сутнасці, жыхары сучаснага Віцебска, з яго адроджаным цэнтрам, многім абавязаны менавіта ім, узгорцам. У свой час яны ледзь не клаліся пад экскаватар, каб выратаваць нашыя помнікі-пярліны.

“Замкі” сталі “замками”

Першы раз “Віцебскія замкі” выйшлі ў 2003 годзе. Тады яны былі на роднай мове, прадаваліся ў кожнай кнігарні і з’яўляліся ледзь не настольнай кнігай усіх рупліўцаў роднай гісторыі. Зараз, праз дзесяцігоддзе, брашуру надрукавалі ўжо па-руску – на мове, “універсальнай для ўсіх жыхароў горада”, як прагучала на вечарыне.

Пра “рэінкарнацыю” “замкаў” распавядае сам аўтар – гісторык, краязнаўца, археолаг, былы старшыня клуба “Узгор’е” Ігар Цішкін: “Праз 10 год наспеў час перавыдаць брашуру – літаратуры такога кшталту малавата. Бо з большага гэта выданне не навуковае, не энцыклапедычнае, а навукова-папулярнае, разлічанае на людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго горада, і на турыстаў. Гэты буклет трошкі перапрацаваны, перакладзены на рускую мову і дапоўнены новымі ілюстрацыямі. Асобны дзякуй кіраўніцтву Цэнтра культуры “Віцебск” у асобах Радзівона Баса і Вольгі Сальнікавай (на жаль, гэта ўжо мінулае кіраўніцтва), якія падтрымалі гэты праект, інакш бы кніга проста не выйшла б. У брашуры добрая вёрстка, яна зроблена на добрым паліграфічным узноўні, і гэта заслуга рэкламнага аддзела Цэнтра культуры “Віцебск”. А камерцыйнасць гэтага праекта заключаецца ў тым, што гэту брашуру вы не набудзеце ў сетцы кнігагандлю, яна будзе прадавацца толькі ў Духаўскім кругліку, так бы мовіць, у "парафіі" Цэнтра культуры”.

Каму цікава, «Витебские замки» можна набыць на першым паверсе Духаўскага кругліка. Кошт “студэнцкі” – 15 тысяч рублёў.

Гублялі пасады, але не сумленне

Потым размова перайшла ў плынь успамінаў аб дзейнасці “Узгор’я”. Гэтыя сведчанні падаліся “ННВ” настолькі цікавымі і каштоўнымі, што мы падаем іх асобнымі блокамі, з невялікімі скарачэннямі.

Распавядае Алег Куржалаў, былы адказны сакратар віцебскай суполкі Беларускага таварыства аховы помнікаў:

“Да моманту перабудовы я зразумеў такую рэч: законы ў нас добрыя, але, як толькі пачынаецца сапраўдная ахова помнікаў, то дапамога гэтых законаў адразу ж і заканчваецца. І такім фактам была гісторыя з Пакроўскай царквой. Было прынята рашэнне знесці яе. Бо побач хацелі пабудаваць высотны будынак. Лік ішоў на дні. Там ужо былі прабураны дзіркі, па перыметру будынка царквы. Заставалася толькі ўкласці туды зарады. Але ўдалося падняць грамадскасць. І быў створаны праект аднаўлення царквы і прыставання яе пад філармонію. Ён быў дасланы аж у Маскву, у Міністэрства культуры. Акрамя таго, сабралі каля 400 подпісаў, у тым ліку будаўнікоў, якія напісалі, што гатовы ўзяцца за аднаўленне гэтай царквы. У выніку яе не знеслі, праўда, мне гэта каштавала пасады. А потым узнікла “Узгор’е”, і ягоныя актывісты працавалі на тэрыторыі гэтай царквы – насілі смецце на насілках. Я туды ў асноўным прыходзіў з самаварам. Мы працавалі, а пасля пілі гарбату”.

“Пагоня” за 40 суботнікаў

Па словах узгорцаў, каб выратаваць Пакроўку ад знішчэння, ім даводзілася ледзь не стаяць там з пікетамі. А ў знакамітых суботніках клуба ўдзельнічала каля 300 віцяблян. Непасрэдна на кожны прыходзіла па 40-50 чалавек.

Узгадвае мастачка Ніна Федарыстава (Маеўская):

“Каб не даць разруйнаваць тое, што засталося, мы былі вымушаны ледзь не класціся пад экскаватар. У Пакроўцы пачалі з таго, што выносілі смецце. Складалі яго якраз пад вокны суда. Прыходзілі да нас людзі. Бабулькі бласлаўлялі нас і распавядалі, якой была гэта царква. Прыязджалі людзі, здалёк, нават з Ленінграда, – каб проста папрацаваць разам з намі на раскопах. Але былі і такія, хто прыходзіў і казаў: “Вам, наверное, делать нечего. Приезжайте лучше ко мне на дачу, я вам дам лопату, и вы мне там поможете”. Адна акцыя кашватала вялікіх высілкаў. Мы ўжо вынеслі ўсё смецце, склалі цагліначкі слупкамі, падрыхтавалі Пакроўку да рэстаўрацыі. І аднойчы, калі ў нас быў выходны ад раскопак, іду і бачу: таўчэцца нейкі народ з тазамі, міліцыя з “варанком”. Аказваецца, яны прывезлі бычкоў і запусцілі іх на тэрыторыю Пакроўкі. Узгорцы паднялі такі вэрхал! Сярод нас жа былі і карэспандэнты, і пісьменнікі, і мастакі, і паэты, і іншыя творчыя, і ўвогуле неабыякавыя людзі. 25 год таму мы былі маладыя, моцныя, прыгожыя. Мы працавалі на Пакроўцы і лічылі за гонар выносіць тое смецце. Былі ў нас і святы. Сваім асабістым дасягненнем я лічу першую адкапаную прыступку да храма. З’явілася надзея: “Значыць, тут ёсць і іншыя прыступкі!” Капалі-капалі і дапакалі да брамы. А за 40 суботнікаў мы атрымлівалі маленькі значок у выглядзе сцяжка з выявай “Пагоні”. Як мы ім ганарыліся! Дай Бог, каб у кожнага у жыцці было такое “Узгор’е”!”

“Мая маці была на першым набажэнстве ў Пакроўскай царкве. А пасля распавяла мне: “Ой, Нінка! Пра ваша “Узгор’е” там успаміналі. І сказалі, што вам усе грахі знялі”.

“Працавалі мы і на тэрыторыі касцёла. Ведаеце, які для святой Барбары падрыхтавалі лёс? Каб там было ці то кафэ, ці то рэстаран. Ці ўвогуле знішчыць. Вы падумайце, “публичное заведение” ў святым храме! Але ж гэтага не адбылося. Прыемна, што і наша ратуша цяпер цэлая. А была ж напалову збітая…”

“Даводзілася ледзь не біцца з архітэктарамі”

Сведчыць самы старэйшы сябра клуба, былы выкладчык Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Валянцін Мікалаевіч Арлоў:

“Клуб “Узгор’е” ў культурным жыцці Віцебшчыны адыграў вялікую ролю. Але пра гэта зараз не любяць гаварыць. Калі асвячаўся Успенскі сабор, пра ўсіх ўзгадалі – пра патрыярха Аляксія ІІ, пра ўсіх кіраўнікоў Віцебска і рэспублікі. Казалі, якія яны зрабілі намаганні, каб пабудаваць гэты храм. Так, яны гэта зрабілі. Але ж трэба прыгадаць, што на гэтым месцы чаго толькі не хацелі збудаваць. І кавярню, і казіно… І колькі актывістам “Узгор’я” даводзілася змагацца з архітэктарамі, ледзь не біцца з імі, каб адстаяць гэты буданак. Прасілі і святароў – маўляў, і вы свае "пяць капеек" унясіце ў гэту справу. Адмовіліся! Пабаяліся! Усё ўзвалілі на “Узгор’е”. Па горадзе гаварылі: во, з’явіліся нейкія шпіёны, клерыкалы, якія змагаюцца за помнікі, прычым помнікі культавыя. А ўзгорцы проста змагаліся за тое, каб пакінуць іх наступным пакаленням. З Пакроўскай царквы два самасвалы вывозілі смецце цэлы тыдзень. А дзеля захавання Уваскрасенскай царквы людзі збіраліся ў тэатры Якуба Коласа – там быў спецыльны фонд, дзе збіралі грошы, каб аднавіць храм у тым выглядзе, у якім ён існуе зараз. Дабравешчанскую царкву аднавілі таксама з “падачы” клуба. У горадзе, славутым сваім мінулым, трэба было захоўваць усе яго атрыбуты: гісторыю, архітэктуру, ландшафт. А з ландшафтам, вы ведаеце, што робіцца. Колькі грамадскасць не білася, каб цэнтр горада не псавалі, уладныя, прыўладныя структуры і людзі з вялікімі грашыма рабілі, што хацелі. Так вось з’явіліся “піраміды”, зусім ненатуральныя, і сапсавалі цэнтр горада”.

Спіс з 42-х “нядобранадзейных”

Цікавыя факты пра “Узгор’е” прыгадвае былы галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, а на момант дзейнасці клуба – дырэктар абласнога краязнаўчага музея Ніна Сулецкая:

“Я не ўваходзіла ў клуб непасрэдна, але была ў курсе ўсіх ягоных спраў, бо некаторыя супрацоўнікі нашага музея былі ўзгорцамі, і паседжанні клуба пэўны час праходзілі ў нас, у музеі. За што мне, канешне, ківалі пальчыкам. Аднак да “Узгор’я” прыслухоўваліся. Адзін з мэраў аднойчы прапанаваў на месцы саляных складаў пабудаваць “красивые 9- этажные дома”. Ды па рэакцыі ўзгорцаў ён адразу зразумеў, што гэты праект не пройдзе. Гэта быў момант, калі ўлады слухалі людзей. Я памятаю час, калі ў вокнах рэстарана “Аўрора” выстаўлялі на цэлы месяц праекты забудовы ці рэстаўрацыі будынкаў для грамадскага абмеркавання. І кожны жадаючы мог падысці, паглядзець, выказацца. А дзе мы зараз гэта бачым?!”

“На месцы Уваскрасенскай царквы хацелі зрабіць Дом моды. Ці варьетэ. Узгорцы жартавалі: “вар’ятэ”. Дзякаваць Богу, “вар’ятэ” не адбылося. “Узгор’е” зрабіла так, каб гэтыя падмуркі ўзялі пад ахову дзяржавы. А потым ужо стварылі праект аднаўлення царквы – ад рэлігійнай суполкі. Праваслаўныя па першасці адмовіліся, дык за справу ўзяліся ўніяты. А калі пачалося аднаўленне, тады праваслаўныя ўжо ўзялі гэты храм пад сваю апеку. Аднак, што б там ні было, храм стаіць”.

“Дзейнасць “Узгорь’я” была досыць небяспечнай. Калі адбыўся ГКЧП, 42 прозвішчы ўвайшлі ў спіс Камітэта дзяржаўнай бяспекі. І насупраць кожнага значылася – “удзельнічаў у клубе “Узгор’е”. На жаль, такой суполкі, якая турбавала б грамадскасць і ўлады, зараз у Віцебску няма”.

Да апошніх словаў Ніны Андрэеўны дадаць няма чаго. Проста становіцца вельмі скрушна ад таго, што мы, віцебская моладзь, замест таго каб браць прыклад са старэйшых абаронцаў сваёй гісторыі, умеем толькі адно – весці пустыя і бессэнсоўныя “войны” на форумах у інтэрнэце.

Але не хочацца скончыць гэты артыкул на сумнай ноце. Таму напрыканцы цікавая прапанова, якая, магчыма, увасобіцца ў жыццё. Зноў жа, калі знойдуцца неабыякавыя і энергічныя людзі для прасоўвання гэтай ідэі. А агучыў яе краязнаўца, сябра “Узгор’я” Міхась Паўлаў: “У мяне ёсць ідэя памяняць назвы некаторых транспартных прыпынкаў у Віцебску і адрадзіць да жыцця такія назвы як Верхні замак, Ніжні замак. Калісьці мы адпраўлялі уладам такую прапанову, але падтрымкі тады не атрымалі. А цяпер і час іншы, і кіраўніцтва ў нас іншае... У прынцыпе, прапанова гатова, яе трэба трохі дапрацаваць і адправіць на разгляд прадстаўнікам улады”.


Меткі: , , , , , ,

Падобнае

    19 каментарыяў

    1. Alex  
      26/красавік/2013 у 20:09

      Калі ўжо весьці гаворку пра клуб Узгор'е, трэба ўзгадаць вельмі цікавы эпізод, які зафіксаваны ў дакуменце,калектыўным звароце суполкі Узгор'е да галоўнага рэдактара маскоўскага часопіса "Огонек" Віталя Кароціча, у якім суполка патрабавала выправіць памылковыя звесткі, пададзеныя ў артыкуле поэта Андрэя Вазнясенскага "Гала Шагала" са слоў карэспандэнта абласной газеты "Віцебскі рабочы" Сяргея Навумчыка. У звароце "узгорцы" адмаўляліся ад самога Навумчыка і ад яго выказванняў, што клуб "Узгор'е" вядзе барацьбу за вяртанне імя мастака Марка Шагала Віцебску. Было заўважана, што клубу і без таго спраў хапае! Трэба гэта ведаць і час ад часу ўзгадваць.

    2. corum  
      26/красавік/2013 у 20:44 1

      В интернет книгу не будут выкладывать? Интересно, а почему в магазинах продаваться не будет? Запретили что ли? Так хотя бы кому на глаза попалась бы из тех кто не слышал о ней да и купили бы. А так..

    3. acrid71  
      26/красавік/2013 у 21:58 2

      А кто собственно автор текста? ,, Проста становіцца вельмі скрушна ад таго, што мы, віцебская моладзь, замест таго каб браць прыклад са старэйшых абаронцаў сваёй гісторыі, умеем толькі адно – весці пустыя і бессэнсоўныя “войны” на форумах у інтэрнэце" Яна, я помнится поздравлял вас, с вконтактом и Пашей
      Дуровым?

    4. Pcholkin  
      26/красавік/2013 у 22:50 3

      замест таго каб браць прыклад са старэйшых абаронцаў сваёй гісторыі, умеем толькі адно – весці пустыя і бессэнсоўныя “войны” на форумах у інтэрнэце.
      -----------------------------------------------------------------------
      Да... Мякка кажучы, здзівілі.

    5. dym  
      26/красавік/2013 у 23:00 4

      Дзякуй за рэпартаж. Людзі хоць і працавалі 25 гадоў таму, выказваюць абсалютна надзённыя думкі і праблемы. А ва ўлады як была плебейская каша ў галаве, так і засталася. Адзінае, з'явіўся важны момант з пілаваннем, з гэтым ужо ніяк не пазмагаешся. Тое, што не даволяць будаваць за грошы, дазволяць за вялікія грошы.

    6. Pcholkin  
      26/красавік/2013 у 23:02 5

      acrid71
      А кто собственно автор текста?
      ---------------------------------------
      "Анонимус" Моден он нынче.

    7. Alex  
      27/красавік/2013 у 8:15 6

      Заўважу, сёння тую самую БАРАЦЬБУ за помнікі сваёй гісторыі ПАВІННЫ весьці ў адпаведнасці з ПАСАДАМІ тыя ж самыя узгорцы. Некаторыя з іх - чыноўнікі. Глядзі вышэй - напрыклад, Куржалаў. Да нядаўняга часу гэта было непасрэдным службовым абавязкам Сулецкай (яе таксама магчыма пабачыць у рэпартажы). Запытайцеся, колькі помнікаў было разбурана ў яе бытнасць спецыялістам упраўлення культуры. А мы з вамі - аматары. Узгорцаў з міліцыяй не разганялі, а сёння могуць запраста. Дарэчы, а хто Сулецкай дэманстраваў спіс 42-х недабранадзейных? Можа куратар з КДБ?

    8. Сабіна Радзько  
      27/красавік/2013 у 9:35 7

      @ Alex:
      Шаноўны Алекс! Згаданы Вамі Алег Васільевіч Куржалаў ДВОЙЧЫ быў змушаны пакінуць працу толькі таму, што насамрэч сумленна выконваў службовыя абавязкі. Апошні раз -- за два гады да надыходу пенсійнага ўзросту. Пры гэтым магчымасць кампрамісу яму пакідалі -- варта было толькі лізнуць каго трэба ды адхрысціцца ад знаёмстваў з некаторымі "ўзгорцамі".
      Ніна Андрэеўна рабіла, што магла -- пайсці на адназначнае звальненне здатны не кожны. А вы, часам, не той самы "куратар"?

    9. Сабіна Радзько  
      27/красавік/2013 у 10:34 8

      @ Pcholkin:
      Дзе балючэй на крыж лягло?
      Знайшлі з чаго сварыцца людзі:
      Нікому лёгка не было,
      Нікому, мабыць, і ня будзе.

    10. Alex  
      27/красавік/2013 у 14:45 9

      Зразумела, я той самы куратар, таму і пішу з добрым веданнем пытання. Але ў любым выпадку гэта кідае на мяне меньшы, цень, чым на тых падапечных, пра якіх ішла гаворка. Не люблю перафарбаваных: учора ён сакратар абкама па ідэалогіі, а сёння аматар беларускай мовы і СЛАВУТЫ апазіцыянер распавядае пра тое, як яго прымушалі выкручваць рукі недабранадзейным, @ Сабіна Радзько:

    11. Яна Ільіна  
      27/красавік/2013 у 15:58 10

      Pcholkin пісаў:

      “Анонимус” Моден он нынче.

      Гэты тэкст - вынік немалой працы. З-за павагі да герояў гэтага артыкула, а таксама да самога сябе толькі абсалютны ідыёт будзе падпісваць падобную працу псеўданімам. Ці, тым больш, рабіць яе ананімкай.
      Для тых, хто яшчэ не зразумеў, Таццяна Мацьвеева і Яна Ільіна - гэта адна асоба. 🙂 Я гэта ніколі не хавала, і, ўласна кажучы, гэта даўно ляжала на паверхні. Для ўважлівых людзей.
      За сваю працу мне саромецца няма чаго. Проста доўгі час я падпісвала свае артыкулы менавіта псеўданімам па той простай прычыне, што пішу для некалькіх СМІ. Але гэта заўсёды неаднолькавыя тэксты. Аднак у нейкі час мне стала проста вельмі шкада хаваць самыя лепшыя свае тэксты на "ННВ", на якія сыходзіць шмат нерваў, сэрца, часу, працы, за псеўданімам. І я стала падпісваць іх сваім сапраўдным прозвішчам. Як кажуць, душанула жаба. Гэта нармальная з'ява для творчага чалавека.

    12. Сабіна Радзько  
      27/красавік/2013 у 16:52 11

      @ Alex:
      Калі сістэмны вінцік згадвае пра ўласныя перакананні і не жадае надалей пераступаць праз сумленне -- ён робіцца Чалавекам. Я такіх "перафарбаваных" паважаю. Апазіцыянераў у Беларусь не шведскія лётчыкі закідваюць. Нязгода з дзікунствам можа нарадзіцца ў галаве, нават калі яе ўладальнік сядзіць у цёплым кабінеце. Вядома, не кожны здатны дзеля самапавагі і любові да Радзімы з гэтым кабінетам развітацца...

    13. Alex  
      27/красавік/2013 у 17:14 12

      Ніколі не дарую падмана, калі нават мяне пераконваюць, што манілі прымусова! Калі чалавек у гэтай справе вылучыўся, ён ужо не вінцік. Куратар@ Сабіна Радзько:

    14. Сабіна Радзько  
      27/красавік/2013 у 18:15 13

      Alex пісаў:

      Ніколі не дарую падмана

      Не па-хрысціянску гэта... А вяртаючыся да Вашага ранейшага допісу, магу засведчыць, што памянёныя Вамі асобы зрабілі для Віцебска шмат карыснага. У каго ёсць магчымасці -- хай зробіць болей.

    15. zveroboy  
      27/красавік/2013 у 20:41 14

      Выдатны артыкул! Вялікае дзякуй аўтару!

    16. Pcholkin  
      27/красавік/2013 у 21:05 15

      @ Яна Ільіна:
      Давайте уточним:
      1. Я об "Анонимусах", которые "погостили" на сайтах "Белпартизана" и "Вясны"
      http://nn.by/?c=ar&i=108833
      http://www.charter97.org/ru/news/2013/4/25/68412/.
      Думал в курсе. Хотя, признаю, уместен был смайлик
      2. Матвеева=Ильина - для меня не секрет.
      3. По сути статьи не спорить, не соглашаться не могу - не компетентен.
      4. Ваш труд, как и многих журналистов не обслуживающих власть, ценю и многое нравиться.
      5. Ваше выражение: " ...умеем толькі адно – весці пустыя і бессэнсоўныя “войны” на форумах у інтэрнэце" - из того, что мне не понравилось.
      Вот собственно и все.

    17. Pcholkin  
      27/красавік/2013 у 22:12 16

      @ Сабіна Радзько:

      Меле млын высокі, на сівым вяку,
      Меле нашу долю, меле на муку.
      Засыпаюць ў жорны жыта-Беларусь,
      Перамелюць з болем, з горам ператруць,
      Мланыры чужыя, варажосць-наўкруг,
      Адсеваюць сіты Беларускі Дух!
      Меле млын высокі, ўдзень і уначы,
      Некаму прыдзецца горкі хлеб пячы!

      Ларыса Геніюш

    18. Сяргей Навумчык  
      29/красавік/2013 у 18:55 17

      Дзякуй за зьмястоўны рэпартаж – прыемна было ўбачыць знаёмыя твары. Ігар Цішкін ня вельмі і пастарэў, а жанчыны дык нават і памаладзелі)) Цікава было пачытаць пра падзеі, якім ужо чвэрць стагодзьдзя і ў якіх даводзілася прымаць удзел. I што да заўвагі Alex у камэнтарах – сапраўды, такі ліст ад Узгор'я быў. Я разам з Давідам Сімановічам два дні вадзіў Вазьнясенскага па Віцебску (сьнежань 1986 года), натуральна, расказваў яму і пра Узгор'е. Я таксама хадзіў на суботнікі на Пакроўку, але галоўная дапамога Узгор'ю з майго боку была ня ў гэтым. У той час я працаваў у «Віцебскім рабочым» і шмат пісаў пра праблемы гістарычнай забудовы Віцебска (дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што часьцей атрымлівалася надрукаваць артыкулы ў менскай ці маскоўскай прэсе. Прычым была такая асаблівасьць: калі артыкул быў надрукаваны – справа была вырашана на 80 працэнтаў; так нам з Сулецкай праз артыкул у «Советской культуре», газэце ЦК КПСС, удалося адстаяць аднаўленьне прыбудоў да ратушы, якія зьнесьці ў 1995 годзе – сучасная моладзь пэўна ня ведае, што некалькі гадоў ратуша была «усечанай». Увогуле, каб меў доступ да пэрыёдыкі таго часу – выдаў бы тыя артыкулы асобнай кнігай з камэнтарамі, цікавае было б сьведчаньне таго часу). Вось і атрымалася так, што ў усьведамленьні Вазьнясенскага дзейнасьць Узгор'я і барацьба за вяртаньне гораду Шагала зьлілася ў адно – да таго ж, ён назваў мяне «лідэрам узгорцаў», якім я , натуральна, ня быў. Зразумела, што ва Ўзгор'і такія словы былі ўспрыняты хваравіта – і быў адасланы ліст з пратэстам у «Огонёк». Я напісаў Вазьнясенскаму, што ён памыліўся – ён адказаў мне (захоўваю яго допіс), што гэта «ерунда, не зьвяртайце ўвагі». Ну, для яго гэта сапраўды ня мела асаблівага значэньня – урэшце, ён пісаў не артыкул, а эсэ. У эсэ ўвогуле можна прыдумаць што заўгодна. І на гэтым інцыдэнт быў вычарпаны. У прынцыпе, вялікай памылкі Вазьнясенскі не зрабіў – і тыя, хто змагаўся за Шагала, і тыя, хто змагаўся супраць зруйнаваньня помнікаў – рабілі адну справу: аднаўленьне гістарычнай памяці (а ў шэрагу выпадкаў, падкрэсьліваю, гэтыя справы ішлі поруч). Праз два гады, у 1988-ым, калі давялося змагацца з АЭС, менавіта ад «узгорцаў» – ад Ігара Цішкіна, Валянціна і Эсфір Арловых, шмат ад каго іншага, проста не буду пералічваць тут усіх адчуваў самую моцную і надзейную падтрымку (уласна, яны і стварылі касьцяк «антыядзернай» групы – якой упершыню ў СССР (!!) удалося спыніць парушыць пляны будаўніцтва атамнай электрастанцыі).

      Як бы цяпер не замоўчвалі дзейнасьць «Узгор'я» ( мне казалі, што на шыльдзе каля Уваскрасенкі напісалі, што яе аднаўленьне – заслуга губэрнатара і аднаго майго былога калегі па Вярхоўным Савеце, дэпутата са Шклова) – роля тых, хто ўваходзіў у клюб альбо падтрымліваў яго дзейнасьць, бясспрэчная. Па-сутнасьці, у Віцебску менавіта гэтыя людзі былі увасабленьнем таго новага, што пачалося з перабудовай і што вельмі хутка трансфармавалася (не магло не трансфармавацца) у апошнюю хвалю нацыянальнага Адраджэньня. А ў матэрыяльнай форме выявілася гэта ў будынках, якія ўратаваныя ад зьнішчэньня, і ў храмах, якія адноўленыя (у канцы 80-ых ні слова ў абарону аднаўленьня тых храмаў ні ад Філарэта, ні ад іншых і ерархаў РПЦ чутно не было. Яны пачалі гаварыць толькі пасьля таго, калі моладзь (тыя ж узгорцы) расчысьцілі (у тым ліку і ў пераносным сэнсе) дарогу да храмаў). Шлю прывітаньне ўсім «узгорцам», якія, магчыма, прачытаюць гэты камэнтар.

    19. Alex  
      30/красавік/2013 у 10:51 18

      І ўвесь той час, пра які ідзе гаворка, Навумчык малодшы вёў жорсткую барацьбу з Навумчыкам старэйшым, які быў сакратаром Віцебскага абкама партыі па ідэалогіі. І ўсё ж такі "перамог", "пераканаў"! А яшчэ будзеце казаць, што яйкі курыцу ня вучаць. А ў той жа самы час Давід Сімановіч, паэт і загадчык рэдакцыі мясцовага тэлебачання, ўгаворваў першага сакратара абкама Грыгор'ева пра тое, які значны і сусветна значны мастак - Марк Шагал, а той дазваляў сябе ўгаворваць. І угаварыў усё ж такі! З таго часу жыццё наша зрабілася шчаслівейшым і весялейшым. Але ўгаворваць зараз трэба ўжо іншых людзей, а можа і не людзей наогул, а іншапланецян. І ў Навумчыка і Сімановіча гэта ўжо не атрымліваецца. І Ўзгор'я, чамусьці няма, і нічога накшталт Ўзгор'я таксама. І быць ня можа.
      А калі без жартаў, то Ўзгор'е было ў пэўны час Вялікай З'явай нашага віцебскага жыцця, ды і не толькі віцебскага. Але гэта з'ява належыла свайму часу, і такая ж супярэчлівая, як гэты час. Сёння такое немагчыма. Прычынаў таму шмат.
      Мне хацелася б ўзгадаць яшчэ аднаго чалавека, які, на маю думку, адыграў вялікую ролю ў справах Узгор'я, і якога чамусці зусім не ўзгадваюць, набожчыка - Юрыя Аляксандравіча Якімовіча, гісторыка архітэктуры, грунтоўнага спецыяліста ў сваёй галіне. Ён шмат зрабіў для Віцебска таго часу, але неяк паціхеньку, у адрозненні ад крыкуноў Цішкіных і Навумчыкаў.

    Каментаваць