У “Ляльцы” зноў прэм’ера для дарослых – “Дзядзька Ваня і сястры тры”

Сёлета рэпертуар Беларускага тэатра “Лялька” пабагацеў на два спектаклі для дарослых. Першы – “Нататкі вар’ята” – пабачыў свет у верасні 2012 года. Прэм’ера другога спектакля – “Дзядзька Ваня і сястры тры” адбудзецца ўжо 3 мая.

Пастаноўка апошняга спектакля прымеркавана да юбілею вядучага майстра сцэны артыста тэатра “Лялька” Аляксандра Маханькова. Дзень нараджэння акцёра адбудзецца ў верасні 2013, і загадзя падрыхтаваны спектакль ўвойдзе ў праграму бенефіса. Пастаноўку ажыццявіў заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў.

Гледачоў чакаюць дыялогі на 1 дзею.

Уладзімір Сяргеевіч Бялоў – акцёр правінцыйнага тэатра. Ён прыйшоў у грымёрку, ён толькі што са сцэны, яшчэ ўвесь у ролі. Не можа даклікацца апранальшчыц і пачынае сам здымаць касцюм. І застаецца сам-насам, са сваімі думкамі пра жыццё і прафесію. Тут, у сваім маленечкім свеце, пакуль ніхто не бачыць і не чуе, Воўка можа даць волю пачуццям, адкрыць сваю душу, выказаць свой боль незадаволенасцю жыццём, неўладкаванасцю ў ім.

Бялоў размаўляе сам з сабой і Богам – павінен жа нехта яго, урэшце рэшт, пачуць і зразумець! Ён выцягвае з пяску памяці сваё жыццё: маленства, каханне, праца… Ягоны час па кроплі сыходзіць, а чамадан няспраўджаных надзей ужо перапоўнены. Але Бялоў ведае, што на многае яшчэ здольны, можа сыграць і Хлестакова, і Гамлета, і нават Шцірліца.

Жыццё – гэта тэатр няспраўджаных надзей. Кожны чалавек спадзяецца ў сваім жыцці атрымаць вялікую ролю, але лёс распараджаецца па-іншаму. Спектакль “Дзядзька Ваня і сястры тры” – “лебядзіная песня” не толькі прафесіі, а і самога чалавека – з любой краіны, любой прафесіі – чалавека нешчаслівага, нерэалізаванага ў жыцці.

Нягледзячы на вялікі аб’ём працы, якая выконваецца ў спектаклі, у ім занятыя толькі два артысты: Алесь Маханькоў і Вольга Маханькова. Аляксандр Маханькоў выступіў таксама і ў якасці перакладчыка п’есы Юрыя Пахомава. Сцэнаграфія зроблена Аляксандрам Сідаравым, лялькі і касцюмы – Ганнай Сідаравай. Над харэаграфіяй працавала Дзіяна Юрчанка.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ