Геральдычны вянок Віцебшчыны

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі 6 мая адбудзецца адкрыцце выставы “Геральдычны вянок Віцебшчыны”. У экспазіцыі прадстаўлена 42 герба гарадоў і паселкаў Віцебшчыны.

У 90-х гадах ХХ стагоддзя прыкметна ажывіўся інтарэс грамадства да гістарычнай спадчыны, даўнейшых традыцый, якія шанавалі продкі. Якраз у гэты перыяд у грамадскі ўжытак вяртаюцца геральдычныя сімвалы гарадоў і паселкаў Віцебшчыны. Работа па адраджэнню геральдычнай спадчыны гарадоў і паселкаў краіны была ўскладзена на Камітэт па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (з 2006 г. – Дэпартамент Міністэрства юстыцыі).

Гербы з’яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай таго або іншага паселішча, рэгіена, графічна адлюстроўваюць гістарычны вопыт мясцовых жыхароў. Вяртанне да геральдычнай спадчыны на Віцебшчыне пачалося з гістарычнага цэнтра, з калыскі беларускай дзяржаўнасці – старажытнага Полацка. У 1994 г. Камітэт па архівах і справаводству герб Полацка быў унесены ў гербавы матрыкул.

Карэнныя перамены ў зацвярджэнні геральдычных сімвалаў адбыліся ў жніўні 2002 г., калі спецыяльным Указам кіраўніка краіны былі зацверджаны Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а таксама Палажэнне аб парадку заснавання афіцыйных геральдычных сімвалаў і вядзення Дзяржаўнага геральдычнага рэгістра Рэспублікі Беларусь (яго састаўной часткай стаў і Гербавы матрыкул).

Пасля прыняцця гэтых важных дакументаў істотна змяніўся, стаў больш абгрунтаваным і сістэмным падыход да распрацоўкі геральдычных сімвалаў, а гербы і флагі гарадоў, паселкаў, весак пачалі зацвярджацца толькі ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Такім чынам была вернута даўнейшая еўрапейская традыцыя, калі геральдычныя сімвалы зацвярджае выключна кіраўнік дзяржавы. Трэба зазначыць, што з 2002 г. аднаўленне гістарычных і стварэнне новых геральдычных сімвалаў населеных пунктаў краіны атрымалі куды больш актыўнае развіцце. А першы Указ ад 9 лютага 2004 г. № 60, якім Прэзідэнт зацвердзіў у новым парадку геральдычныя сімвалы, тычыўся якраз Віцебскай вобласці.

З той пары Камітэтам па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў і трыма ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было зацверджана 37 гербаў і 26 флагаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак нашай вобласці.

Распрацоўка выяваў герба і флага таго ці іншага населенага пункта патрабуюць карпатлівай творчай працы гісторыкаў, краязнаўцаў, мастакоў, зацікаўленых ўдзелу ў ёй усей грамадскасці. у аснову геральдычных сімвалаў, зазвычай, бяруцца іх даўнейшыя папярэднікі, толькі “перакладзеныя” на “мову” сучаснай графікі. геральдычныя сімвалы адрозніваюцца ад іншых элементаў святочнай гарадской аздобы тым, што напоўнены гістарычным вопытам продкаў, іх энергетыкай, спрадвеку накіраванай на стваральную працу і абарону Айчыны.

У выданні гербоўнікаў есць адна асаблівасць – яны заўседы няпоўныя, бо работа над зацвярджэннем геральдычных сімвалаў не мае перапынку. Яго, па сутнасці, і не можа быць ва ўмацаванні духоўнай гістарычнай спадчыны.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ