Сяргей Рублеўскі прынёс ахвяру Вялесу: фотарэпартаж з цырымоніі ўганаравання літаратурнай прэміяй

Ёсць літаратары, якія вядуць за сабой агромністую грамаду, як Янка Купала. А ёсць такія, хто піша найперш для сябе. Але ж – і для нас. І пішуць так, як дыхаюць. Празаік і публіцыст з Віцебска Сяргей Рублеўскі – з тых шчасліўцаў, хто не сам піша свае творы, а гэтыя творы “пішуць яго”. Ён не гоніцца за вялікімі накладамі сваіх кніг, за славай і лічыць, што розныя літпрэміі даюцца “па блаце”. І, напэўна, гэта сапраўды той нячасты выпадак у творчым асяроддзі, калі ўзнагарода знайшла вартага героя. Віншуем – учора Сяргей Васільевіч прывёз з Полацка ў Віцебск вось гэты каштоўны прыз, які бачыце на здымку.

Гэта гліняны стод старажытнага апекуна мастацтваў – бога Вялеса. Можна сказаць, ён – беларускі “калега” грэчаскага Апалона. Керамічная фігурка – сімвалічнае ўвасабленне штогадовай недзяржаўнай літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”, якую з 1993 года прысуджае літаратурная суполка “Таварыства вольных літаратараў” (ТВЛ) за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу папярэдняга года.

Прыз лаўрэатам па традыцыі ўручае старшыня арганізацыйнага камітэта літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес", беларускі паэт і выдавец Алесь Аркуш.

Узнагароду Рублеўскаму прынесла кніга эсэ і мініяцюр “Паспець надыхацца”, якая летась пабачыла свет ў мінскім выдавецтве “Медысонт”. Акрамя зборніка нашага земляка, у шорт-ліст сёлетняй прэміі трапілі яшчэ чатыры выданні: “Малітва воч” Эдуарда Акуліна, “З гэтага свету” Леаніда Галубовіча, “Шал” Юрыя Станкевіча і “Ланцуг” Андрэя Федарэнкі.

“Паспець надыхацца” – сёмая кніга ў бібліяграфіі Сяргея Рублеўскага. А творчая ўзнагарода – ужо другая. У 2003 годзе ён стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.

Для самога ж лаўрэата, канешне, важна прызнанне калег. “Прысуджэнне мне такой беларускай, глінянай па сваёй прыродзе, прэміі ўсцешвае і натхняе”, – кажа ён. Але ж куды важнейшай Сяргей Васільевіч лічыць чытацкую адзнаку: “Ніколі не забуду, як напрыканцы прэзентацыі маёй першай кнігі ў бібліятэцы імя Якуба Коласа ў Мінску да мяне падышоў светлавалосы юнак – узрушаны, вочы гараць, руку трасе ў прывітальным поціску, і прамовіў: “Я чытаў вашыя творы ў часопісе “Крыніца”. Я верыў, што вы яшчэ многае зможаце, я спадзяваўся”. Як лёгка спазнаць і палюбіць свайго чытача!”.

Да сарванай “з ухвальнай галіны лаўровай лісцінкі” пісьменнік ставіцца з мудрай развагай: “Я даўно выспеліў у сваёй душы шчаслівыя адносіны да літаратурнага быцця. Перакананы: уся, да апошняй кроплі, яго пакутніцка-пагібельная асалода – у самім працэсе, у пісанні. А вынік – толькі падстава для таго, каб перамяжыць дыханне”.

“Гліняны Вялес” – прэмія, па сутнасці, імянная і рэйтынгавая. Атрымаць яе можна толькі раз у жыцці. Да статуэткі нічога не прыкладаецца – ні грошай, ні дыпломаў, ні вандровак у замежныя краіны. Ды і сам прыз – зроблены не з золата ці крышталю, а з самага простага, універсальнага матэрыялу – гліны. І, тым не менш, прэмія гэта вельмі прэстыжная, і атрымаць яе лічыць за гонар кожны беларускі літаратар.

Павіншаваць Сяргея Рублеўскага з атрыманнем прэміі ТВЛ прыйшлі полацкія калегі, мастакі, музыкі і чытачы. Прыехалі і аматары прыгожага пісьменства з іншых гарадоў.

Кранальна шчырае віншаванне лаўрэату даслаў вядомы беларускі паэт і, дарэчы, "супернік" па шорт-лісце прэміі Леанід Галубовіч. Ягоны тэкст зачытаў Алесь Аркуш: “Дарагі Сяргей! Мне чамусьці здаецца, што мы знаёмы з табой не толькі шапачна, але і душэўна. Чытаючы тваю кніжку, я суперыжываў тваё жыццё. У літаратуры, калі па шчырасці, такое вельмі рэдка здараецца. Быў засмучоны, што цябе не ўпісалі ў шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца. А пасля раздумаўся: адзіным воем лепш быць на сваім, а не на чужым полі. Таму віншую цябе з “Вялесам” і яго ганаровай кампаніяй. Здароўя тваёй маці і ўсёй вашай хаце. Дабра і ўдачы зычу табе я, вечны няўдачнік Лёня Галубовіч. Менск, 6 траўня 2013 год, другі дзень Вялікадня”.

Калі лаўрэат 2010 года Віктар Казько свайго “Вялеса” ў расчуленых пачуццях пацалаваў, то Сяргей Рублеўскі прынёс яму “ахвяру”. Свае кнігі – “Паспець надыхацца” і “Святло лускі”. Узяў ды раздарыў іх людзям у зале. Каштоўны падарунак, скажу я вам. Усе жадаючыя, натуральна, атрымалі аўтографы.

Як прызнаўся Сяргей Васільевіч карэспандэнту “ННВ”, піша ён не на кампутары. Гэта, лічыць ён, – мёртвыя літаркі. І нават не асадкай піша, не. А самым звычайным алоўкам. Менавіта ён дазваляе пісьменніку перадаць Слову сваю энергетыку. А пасля, ужо дома, чытаю ў аўтарскай прадмове да кнігі, якая і прынесла Рублеўскаму “Вялеса”, што на рукаяці нажа, якімі ён вострыць алоўкі, выгравіраваны надпіс “In hos signo vinces”. Што ў перакладзе значыць: “Гэтым пераможаш”.

“Падчэсваючы да той самай шылавай станеласці адзін са сваіх алоўкаў, неасцярожным рухам я да крыві парэзаў указальны палец – і гэта навяло на думку аб перамозе над сабой. Шчасліва ўявіў, як танюткімі дзюбкамі грыфеляў змагу перамагчы некрануты белы прасцяг аркушавага сувоя, наладаваўшы яго словамі, якія, дасць Бог, усхвалююць беларускую душу. Я ўжо ў такім узросце, калі не баяцца імператарскай перамогі”, – гэтак заканчваецца прадмова да “Паспець надыхацца”.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ