Вёска Паўлавічы — раскіданае гняздо
Фотакарэспандэнт “Народных навінаў Віцебска” пабываў на месцы, дзе стаяла вёска Паўлавічы, якую знішчылі ў снежні 2012 года перад візітам у Віцебск кіраўніка дзяржавы.
Пад час зносу вёскі віцебскія чыноўнікі апраўдваліся, што гэтае месца тэрмінова спатрэбілася пад скураную вытворчасць, якую, быццам бы, збіраецца будаваць “Марка”. Аднак з часу знішчэння Паўлавічаў прайшло пяць месяцаў, на дварэ сярэдзіна другога квартала 2013 года, а пачатку прац па ўзвядзенні скураапрацоўчага гіганта незаўважна.
На месцы былога населенага пункта зараз ці то зона адчужэння, ці то хаатычная звалка. Паўсюль друз ад знесеных будынкаў, кавалкі спілаваных дрэў, кінутыя рэчы і проста смецце. Тое, што ў снежні схаваў снег, з надыходам вясны стала добра бачна.
Буяе нікім не кошаная трава. Сярод яе правільнымі прамакутнікамі вылучаюцца пакінутыя, але ацалелыя гароды. Старанна пераараная з восені зямля безнадзейна чакае плуга і бульбы…
Ля папялішча адной з хат у вочы кінулася градка, на якой добра ўзышоў, як па шнуры саджаны, зімавы чоснак. А побач з суседнімі “соткамі” гэткія ж роўныя кусты малінаў.
Сярод пустазелля месцы старых хат вылучаюцца вялізнымі вуглавымі камянямі. Відаць, не хапіла магутнасці ў тэхнікі, якая працавала на зносе вёскі. Ці, можа, дапамаглі тыя залатоўкі, што пад іх заклалі гаспадары, купляючы трываласць будучага будынка ў старадаўніх багоў?
А вось ўжо цэментны прамакутнік — тут стаяў двухпавярховік з газасілікатных блокаў. Друз ад яго нікуды не вывезлі, ды і закопваць не сталі. Проста спіхнулі трохі з пагорка, каб у вочы не кідаўся.
Зусім побач з дарогай увагу прыцягвае нешта жоўтае. Аказваецца, гэта цацачны насарог, ён вартуе інструкцыю ад “Віцязя” і брашуру “Безалкогольные напитки и коктейли” мінскага выдавецтва “Ураджай”.
Побач, сярод нейкіх паштовак, знайшоўся агульны сшытак. Склееныя вільгаццю старонкі ўсё ж удаецца разляпіць і робіцца бачна, што ён акуратным почыркам запоўнены цытатамі пра каханне: Авідый, Лопэ дэ Вега, Шылер, Шэкспір…
Вуліцы былой вёсачкі не заўсёды ўгадваюцца — дзе парэзаныя гусеніцамі бульдозераў, дзе зарослыя. Але іх напрамкі падказваюць пні ад былых абсадаў.
Вакол шмат пакінутых папілаваных цурбакоў ад спляжаных дрэў. Частка “мясцовага віда паліва” гніе ў балоце, якім, падобна, стала былая сажалка.
Уздоўж дарогі, якая вяла ў Паўлавічы, адзін за адным сметнікі на месцы былах хат. Тут і кавалкі цэглы ад печаў, і біты шыфер, разламаныя платы і парнікі. Трапіліся і аўтамабільныя пакрышкі, прывезеныя ліквідатарамі, каб хутчэй спаліць сырую з восені драўніну, ды кінутыя.
І ўсё ж жыццё не хоча сыходзіць з раскіданай вёскі — кавалкі паваленых бензапіламі дрэў прарастаюць насустрач сонцу жывымі галінкамі.