Жыхары двара самі зробяць дзіцячую пляцоўку

З рознымі праблемамі новых жылых мікрараёнаў сутыкаюцца жыхары шматпавярховікаў: адсутнасьць месцаў на паркоўцы ці прыкладам адсутнасьць дзіцячых пляцовах. Але жыхары аднаго з двароў Віцебску стаміліся чакаць ад уладаў, пакуль з’явяцца грошы на абсталяваньне двара, а аб’ядналіся і самастойна ўзяліся за вырашэньне праблемы.
Жыхары двара самі зробяць дзіцячую пляцоўку

Як распавёў грамадзкі актывіст Аляксандар Ільінец, у Віцебску на перакрыжаваньні вуліцаў Чкалава i Інтэрнацыяналістаў пабудаваныя сем дзесяціпавярховных дамоў, у кожным 4-5 пад'ездаў. Усе дамы аб'яднаныя аднім дваром з агульнай колькасьцю кватэраў - 750.

— Гэта новы мікрарайон гораду, таму тут жывуць у асноўным маладыя сем’і з малымі дзеткамі. А дзе гуляць? Выходзіш у двор, а там няма чым заняцца, бо на вялікай дваравой пляцоўцы ix чакаюць толькі вытаптаная трава: ні пясочніцы, ні дзіцячай пляцоўкi, ні лаўкі. Трэба ісьці ў суседні двор праз дарогу, бо толькі там ёсьць новая дзяцячая пляцоўка,— падзяліўся лякальнай праблемай Аляксандар Ільінец.

Грамадзкі актывіст ў 2010 годзе сабраў 820 подпісаў ад жыхароў дамоў і звяртаўся у камунальныя службы, гарвыканкам, аблвыканкам з просьбай жыхароў навесьцi парадак i пабудаваць дзiцячую пляцоўку ў двары. Адказ быў адзіны — грошай няма i ў бліжэйшы час не будзе.

— Сёлета ў траўні кiраўнiк ЖЭУ паведаміў мне, што ёсьць пляцоўка б/у, але неабходна адрэмантаваць яе. І калi яна нам патрэбная, то трэба самастойна шукаць грошы,— дадаў актывіст.

4 жніўня 2013 году адбыўся першы сход жыхароў двара, на які прыйшлі 30 чалавек. У актыў ініцыятывы запісаліся больш за 20 неабыякавых віцеблянаў. Па словах Аляксандра Ільінца, на сходзе ўдзельнікі вырашылі, што ўжо ў бліжэйшыя выходныя яны падрыхтуюць месца для ўсталяваньня дзіцячай пляцоўкі. Дазвол у кіраўніка ЖЭУ атрыманы. Цягам тыдня мусіць быць прывезеная сама дзіцячая пляцоўка, якую адрэмантуюць сваімі сіламі жыхары дамоў.

— Я вельмі ўсьцешаны, што людзі не абыякавыя, а мабілізаваліся для супольных дзеяньняў — зрабіць лепш. Яны ўжо не чакаюць міласьці ад уладаў, ці чарговых абяцанкаў, а разумеюць, што варта быць ініцыятыўнымі, аб’ядноўвацца і самім дамагацца зьменаў вакол сябе. Упэўнены, што пасьля пасьпяховага выніку людзі з суседніх двароў будуць зьвяртацца да нас па кансультацыі,— распавёў грамадзкі актывіст.

Адзначым, кампанія па пабудове дзіцячай пляцоўцы ў адным з двароў Віцебска ладзіцца ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш-2013!”, якую ініцыявала Асамблея НДА. Кампанія мае на мэце перадусім супольнае вырашэньне лякальных праблемаў, якія хвалююць звычайных беларусаў, і скіраваная на паляпшэньне іміджу трэцяга сэктару ў грамадзтве.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ