Выхаванцы дзіцячага дома і прафесійныя танцоўшчыкі раскажуць, што такое дом

Вядомы еўрапейскі харэограф Бэна Ворхам (Benno Voorham) паставіў спектакль з выхаванцамі дзіцячага дома і прафесійнымі танцоўшчыкамі. 19 верасня ўнікальны перформанс пакажуць у Віцебску.
Выхаванцы дзіцячага  дома і прафесійныя танцоўшчыкі раскажуць, што такое дом

Ці можна забраць у чалавека ягоны дом? Што гэта – будынак, кавалак зямлі альбо эмоцыі і ўспаміны, якія можна спраектаваць на любое месца?

Адказ на гэтыя пытанні шукаюць выхаванцы Лідскага дзіцячага дома змешанага тыпу разам са шведскімі педагогамі Мадлен Бэкман (Madeléne Beckman), Бэна Ворхамам, харэографамі і танцоўшчыкамі з Малдовы, Украіны і Беларусі.

На працягу трох тыдняў у Лідзе (Гродзенская вобласць) дзяўчаты і хлопцы 12-16 гадоў вучыліся тэхнікам імправізацыі і сучаснага танца.

Дзіцячыя рэфлексіі, гісторыі і мары на тэму “ДОМ” леглі ў аснову аднайменнай танцавальнай пастаноўкі. Падлеткі выступаюць на адной сцэне з прафесійнымі танцоўшчыкамі з Украіны, Малдовы, Беларусі і пад акампанемент (live) кампазітара з Румыніі Ёна Кароі (Ion Coroi).

Жыхары Віцебска змогуць паглядзець спектакль 19 верасня на сцэне Віцебскай абласной філармоніі (вул. Леніна, 69). Пачатак: 19.00. Кошт квітка: 25 000 руб..

Важная частка кожнага спектакля - дыскусія з гледачамі.

Першы этап праекта “ДОМ” паспяхова прайшоў у Малдове і ва Украіне. У 2012-2013 гг.. каманда працавала з падлеткамі з дзіцячых дамоў у Кішынёве і Белгарад-Днястроўскам.

Праект ладзіцца пры падтрымцы Шведскай паштовай латарэі і Шведскага інстытута.

“ДОМ” – далёка не першы спектакль Бэна Ворхама і Сібрыг Доктар у Беларусі. У 2011 г. у Гродзенскім абласным драматычным тэатры Бэна Ворхам паставіў танцавальны перфоманс “Change”, які затым паказалі ў шэрагу беларускіх гарадоў. На год раней шведскія харэографы разам з гродзенскімі акторамі і танцорамі тэатра “Каракулі” стварылі харэаграфічныя спектаклі “Але не я…” і “Там, дзе вада цячэ ўгару”. У 2009 г. у рамках міжнароднага арт-праекта “Вектар танца” Бэна Ворхам прадставіў харэаграфічнае дзейства “Каралі, каралевы і іншыя босы”.

Бэна Ворхам і Сібрыг Доктар - заснавальнікі міжнароднай танцавальнай асацыяцыі “LAVA-Dansproduktion” (Стакгольм). Гэта некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца навучальнымі курсамі па сучаснай харэаграфіі ва ўсёй Еўропе.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць