“Забаўлянкі для Янкі” – сустрэчы-семінары для маладых беларускіх бацькоў

27 кастрычніка (нядзеля) у Віцебску распачынае сваю дзейнасць праект асветніцкіх сустрэч-семінараў для маладых бацькоў «Забаўлянкі для Янкі»!
“Забаўлянкі для Янкі” – сустрэчы-семінары для маладых беларускіх бацькоў

Праект адрасаваны сем’ям, якія жадаюць выхоўваць сваіх дзетак сапраўднымі беларусамі.

Беларуская традыцыйная культура мае багатую спадчыну ў галіне этнапедагогікі. Назапашаная вялікая колькасць твораў дзіцячага фальклору, але ў сучасных умовах пераважная колькасць бацькоў не мае магчымасці скарыстацца гэтым багаццем, бо нават беларускую мову не надта часта пачуеш у паўночным Віцебску. У большасці беларускіх сем’яў, а таксама ў навучальных установах, наўпрост адсутнічаюць традыцыі выхавання на аснове народнай педагогікі.

Студэнцкае этнанграфічнае таварыства “Поўнач” ака “Паўночная Сухадроўка” абрала лепшае для вашых дзетак ад беларускай традыцыі. Падчас шэрагу сустрэч у межах праекта “Забаўлянкі для Янкі” маладыя бацькі змогуць даведацца пра традыцыйнае выхаванне па-беларуску, пазнаёміцца з беларускім дзіцячым фальклорам і навучыцца выкарыстоўваць яго ў штодзённым баўленні часу з дзіцяці. Разам з бацькамі развучым беларускія калыханкі, забаўлянкі ды сапраўдныя беларускія гульні для гарманічнага развіцця вашага малечы! У межах праекта ладзяцца адмысловыя майстар-класы, на якія запрашаюць прыходзіць разам з дзеткамі. Ужо 27 кастрычніка ў 12.00 – зручны час для маладых мамачак – у выставачнай зале “Задзвіння” (вул. Чайкоўскага, 3) адбудзецца майстар-клас па нашэнні слінга ад прафесійнага кансультанта, а таксама прэзентацыя ўласна праекта “Забаўлянкі для Янкі”. (Слінг - перавязь з тканіны для нашэння дзяцей, адно з самых старажытных прыстасаванняў для нашэння дзяцей). Уваход на мерапрыемствы праекта – вольны.

У будучым чакаем майстар-класы па вырабе лялек, выцінанках, батлейцы, семінар па радзінна-хрэсьбіннай абраднасці і яшчэ шмат цікавага. Сачыць за анонсамі падзей зручна праз суполку ў VКантакте: vk.com/zabaulanki.

Па інфармацыю, калі ласка, тэлефануйце: тэл. маб. +375 33 3808125 (мтс) Ганна +375 29 1157625 (velcome) Святлана.

Праект ладзіцца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі "Будзьма Беларусамі!" budzma.org, а таксама культурнай прасторы vitebsk4.me.


Меткі: , ,

Падобнае

    4 каментарыя

    1. наталка  
      22/Кастрычнік/2013 у 18:15

      дзякуй за такі класны праект! пастараюся прыйсці 🙂

    2. Pcholkin  
      22/Кастрычнік/2013 у 22:43 1

      Добрую справу робіце!. Зацікаўленых вам слухачоў!

    3. Litvin  
      23/Кастрычнік/2013 у 10:50 2

      Вельмi годная справа!

    4. 3344  
      24/Кастрычнік/2013 у 0:29 3

      Паболей вам удзельнікаў!

    Каментаваць