На аўкцыёне прадаецца пакунак віцебскай махоркі

На самым папулярным электронным аўкцыёне eBay прадаецца 50-грамовы пакунак махоркі, выраблены на махорачнай фабрыцы ў Віцебску.
На аўкцыёне прадаецца пакунак віцебскай махоркі

У апісанні лот рэкламуецца як “ленадарная руская махорка 1940-х”, аднак, мяркуючы па таму, што на пакунку пазначаны ГОСТ-375-54, гэтая махорка вырабленая ўжо пасля вайны. На пакунку ёсць і дата вырабу, яна праглядаецца не ясна, але хутчэй за ўсё гэта 2 або 11 месяц 1969 года. Лот прадаецца па фіксаваным кошце ў 28 долараў, знаодзіцца ён у Таліне (Эстонія).

На аўкцыёне прадаецца пакунак віцебскай махоркі

Махорачная фабрыка ў Віцебску з’явілася ў канцы XIX стагоддзя на вуліцы Пакроўскай. Пад час Другой сусветнай вайны была разбураная, пасля адноўленая і існавала да 1974 года, калі на яе базе быў створаны картанажна-паліграфічны камбінат.

У вядомага беларускага паэта Аркадзя Куляшова ёсць верш “Віцебская махорка”, у якім апісваецца захоп Віцебска немцамі:

Здан горад Віцебск. З весткай горкай
Ішлі мы ўздоўж яго Дзвіны.
Здан Віцебск.
Мы яго махорку
Яшчэ курылі да вайны.

I, адступіўшы, на прывале
Усе курылі, як адзін,
Развітваючыся, дышалі
Мы дымам родных нам мясцін.

Дымок цягнуўся к соснам любым
I плыў да хмарак, і адтуль
Пустым дамам, астыўшым трубам
Таксама гаварыў: «Пакуль».

На фронт махорку прысылалі
Другія гарады пасля,
Чаргой міналі
Дні і далі:
Усход, заход, вада, зямля.

I вось назад ідзём мы ў славе.
Нас паляць подыхі зімы.
Жаданы горад!
Неўзабаве
У родны горад прыйдзем мы.

Ніводнага жывога дома,
Скрозь груды попелу й цаглін.
Табачнай фабрыкі, вядома,
Не знойдзем мы сярод руін.
За фабрыкай у самым цвеце
Быў сад —
Няма яго, аднак.
Па-гаспадарску ўсё прыкмецім,
Усё прыкмецім, што і як.

Наперад мы, на захад рушым
I ўсё, што вораг знішчыў, знёс,
Усё вярнуць назад прымусім,
Усё,
Нават дым ад папярос.

Нагдаем, што ў чэрвені на іншым аўкцыёне за 2000 расійскіх рублёў прадавалася каробка ад пары абутку вырабленага на віцебскай фабрыцы “Чырвоны кастрычнік” у 1952 годзе. Згодна звестак аўкцыёна ставак ніхто не рабіў і лот не прадаўся.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ