“Кірмаш праектаў” у Віцебску: ад павагі да гістарычнай спадчыны да святкавання актуальнай гарадской творчасці

У бліжэйшы чацвер, 28 лістапада, будуць прадстаўленыя восем выбітных культурніцкіх праектаў, якія не проста паказваюць горад творчым, актыўным і пазітыўным, але і ставяць гэтыя якасці ў аснову развіцця ідэнтычнасці горада.
“Кірмаш праектаў” у Віцебску: ад павагі да гістарычнай спадчыны да святкавання актуальнай гарадской творчасці

“Кірмаш праектаў” – камунікацыйная пляцоўка для людзей, якія займаюцца грамадсказначнай дзейнасцю на скрыжаванні культуры, гісторыі і краязнаўства, сацыяльнай сферы, сучасных тэхналогіі і многіх іншых дысцыплін. На гэтай адкрытай публічнай сустрэчы спалучаюцца “маланкавыя” прэзентацыі аўтараў праектаў і абмеркаванне прадстаўленых ідэй, магчымасці і кантэксту іх рэалізацыі, што будзе цікава адмсылоўцам у блізкіх сферах і усім неабыякавым да культурнай разнастайнасці Віцебска.

Вы зможаце пабачыць праекты:

  • Фестываль манументальнага вулічнага мастацтва "Закатка" ад мастака Максіма Самасевіча;
  • "Азбука-саматканка" – кніжка для дашкольнікаў і іх бацькоў, аўтар – мастачка Святлана Баранкоўская.
  • “Клуб настольных гульняў у Віцебску” – выключна пазітыўная прэзентацыя ад Станіслава Сілкова;
  • Выданне зборніка "Гісторыя Віцебска: Невядомыя старонкі", аўтар – паважаны краязнаўца Міхал Паўлаў;
  • Праект ад другога вядомага краязнаўцы Ігара Дурава – высокамастацкая серыя плакатаў "Віцебск сярэднявечны";
  • Стварэнне моладзевага эксперыментальнага Тэатральнага цэнтра г.Віцебска і Віцебскага раёна – Юры Іваноўскі, кіраўнік народнага калектыву “Гурт Тэатр” Віцебскага РДК;
  • Фестываль вулічнай музыкі – Вольга Бізікава, культурная прастора Vitebsk4me;
  • Задума аднаўлення “Свята ветру” – колішняга фестываля паветраных змеяў у Віцебску, прадставіць Алесь Замкоўскі, культурная прастора Vitebsk4me.

Арганізатары “Кірмаша праектаў”, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, адзначаюць, што некаторыя праекты стануць цікавай і наўпроставай ілюстрацыяй актуальнасці тэмы, закранутай 13 лістапада на адкрытай дыскусіі “Гарадская ідэнтычнасць Віцебска: праўда і стэрэатыпы”.

“Кірмаш праектаў” адбудзецца 28 лістапада ў канферэнц-зале гатэля “Віцебск” па адрасе: вул. Замкавая, 5/2а. Пачатак: 18:00.

Запрашаюцца ўсе жадаючыя спрычыніцца да добрых культурніцкіх справаў!
Даведкі: +37529-894-05-17, Уладзімір Булаўскі, каардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!” па Віцебскім рэгіёне.

Меткі:

Чытайце яшчэ