Арцыбіскуп Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый стаў лаўрэатам прэміі Канстанціна Астрожскага

Арцыбіскуп Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый стаў адным з лаўрэатаў прэстыжнай узнагароды польскай фундацыі імя князя Канстанціна-Васіля Астрожскага за 2013 год.
Арцыбіскуп Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый. Фота Сержука Серабро

Паседжанне капітула прэміі пад кіраўніцтвам рэдактара часопіса “Праваслаўны агляд” (“Przegląd Prawosławny”) адбылося 11 студзеня. Акрамя віцебскага іерарха сярод узнагароджаных Мітрапаліт Месагейскі і Лаўраатыйскі Нікалаас (Грэцыя), манашкі манастыра Святой Тэклі ў Маалюле на чале з ігуменняй Пелагеяй (Сайаф, Сірыя), Міжнародная асамблея праваслаўных парламентарыяў і этнограф Дарафей Фіонік. Яны ўзнагароджаныя за ўклад у развіццё праваслаўнай думкі, культуры і духоўнасці, а таксама за дзейнасць па яднанні хрысціянаў.

Арцыбіскуп Дзімітрый, па адукацыі інжынер, прыняў манаскі пострыг у 1977 годзе, а яго біскупскае служэнне пачалося ў 1989 годзе , так што яно прыпала на гады аднаўлення царквы ў Беларусі — у духоўным і матэрыяльным сэнсе. Яго працу можна вымерыць колькасцю пабудаваных храмаў і манастыроў, нядзельных школ, аднаўленнем Віцебскай духоўнай семінарыі. Варта ўзгадаць, што першым месцам яго служэння была Полацкая епархія — першая з прыняўшых хрысціянства на Беларусі. Калі была створаная Віцебская епархія, там было 9 цэркваў і дванаццаць святароў, а зараз у ёй 187 прыходаў з 143 храмамі, дзе служаць 178 святароў.

Канстанцін-Васіль Канстанцінавіч Астрожскі сын вядома ваеннага дзеяча і вялікага гетамана ВКЛ Канстанціна Астрожскага. Нарадзіў ў 1526 годзе ў Тураве. У 1559 годзе стаў ваяводам кіеўскім. Быў адданым прыхільнікам праваслаўя. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях Вялікага княства Літоўскага. У сваіх уладаннях Астрожскі заснаваў больш чым 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы. У 1575 годзе князь запрасіў Івана Федаровіча для арганізацыі друкарні ў сваёй рэзідэнцыі. Дзякуючы Астрожскай друкарні свет пабачылі больш за 20 выданняў, у тым ліку першы поўны тэкст Бібліі славянскаю моваю.

Узнагарода імя князя Канстанціна-Васіля Астрожскага заснаваная ў 1989 годзе і прысуджалася ўжо 25 разоў. Традыцыйна яна ўручаецца падчас Вялікадня на міжнародным фестывалі духоўнай музыкі ў Гайнаўцы (Польшча).

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ