Гурт “Вурай” прэзентуе ў Віцебску новы альбом “Раёк”

Новы альбом непараўнальнага фольк-праекта “Вурай” жыхары Віцебска пачуюць першымі. І гэта не піяр-ход. Музыкі завітаюць у наш горад адразу пасля шэрагу паспяховых канцэртаў у Кіеве.
Гурт “Вурай” прэзентуе ў Віцебску новы альбом “Раёк”. Фота euroradio.fm

Сёлета фольк-праект “Вурай” выдаў новы альбом за назвай “Раёк”. Кружэлка выйшла на украінскім лэйбле “Наш Фармат. А першая прэзентацыя ў Беларусі адбудзецца менавіта ў Віцебску, які яшчэ, відаць, не страціў статусу культурнай сталіцы нашай краіны. 15 чэрвеня ў 18.00 у Цэнтры сучаснага мастацтва (вул. Белабародава, 5) “Вурай” зладзіць поўнафарматны канцэрт непараўнальны ні з чым паводле драйву й энергетыкі. Гурт літаральна днямі павяртаўся з Кіева, дзе сыграў шэраг канцэртаў і прычараваў украінскіх слухачоў, а пасля Віцебска музыкаў чакае Гомель, Менск, фестываль “Вольнае паветра” ў Шаблях і выступы ў Празе.

Гурт “Вурай” добра знаёмы і заўжды чаканы ў Віцебску, куды музыкі завітвалі ўжо тройчы з канцэртнымі выступамі, а літаральна сёлета разам з праектам “Забаўлянкі для Янкі” зладзілі адмысловы “Калядны ранішнік” для дзяцей – абыякавых не засталося.

Новы альбом “Вурая” – ужо трэці з шэрагу – гэта гарачы сплаў стылістычных накірункаў: ад фольк-року да псіхадэліку і сапраўднага неа-фольку. Тут вы пачуеце толькі жывыя акустычныя інструменты: скрыпка, флейта, кантрабас, гітара, барабаны, гармонік ды разнастайныя жалейкі. Вурай не займаецца пераспяваннем народных песень, гурт стварае абсалютна новыя самастойныя творы, абапіраючыся на нашую спадчыну. Дарэчы, музыкі ладзяць уласныя этнаграфічныя экспедыцыі, падчас якіх знаходзяць матэрыял ды натхненне для стварэння новых кампазіцый.

15 чэрвеня зала Цэнтра мастацтваў на дзве гадзіны зробіцца месцам, дзе фольк, драйв, весялосць і якаснае гучанне. Сачыце за падзеямі ў суполцы http://vk.com/vurajvitsebsk.

Гэткая імпрэза – відавочна годнае распачынанне поўнавартаснага лета, калі сесіі застаюцца па-за плячыма, а душа прагне вандравання. Выправімся ў вандроўку па кантрастнай мадэрнова-старадаўняй Беларусі разам. Усіх чакаем! Усім радыя бязмежна!

Мерапрыемства адбываецца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма”. Усе даведкі па тэлефонах: +37544 7876038 і +37529 5480294.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць