Выстава жывапісу Віктара Крука адкрылася ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва

Выстава жывапісных прац Віктара Крука , якая акдрылася 24 кастрычнiка, зʼяўляецца адной з прымеркаваных да 65-гадовага юбілею мастака. Яго віцебскія калегі, мастацтвазнаўцы і госці з Шаркаўшчыны, дзе жыве юбіляр, расказвалі аб яго высокім духоўным і творчым воблiку.
Выстава жывапісу Віктара Крука адкрылася ў Вицебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Фота Георгія Каржанеўскага

На жаль, сам Віктар Крук не змог па прычыне хваробы прысутнічаць на адкрыцці, і ўсе без выключэння тыя, хто выступаў, жадалі яму хутчэйшага выздараўлення. Як мы ўжо казалi, у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва прысутнічала дастаткова шматлікая дэлегацыя гасцей з Шаркаўшчыны, якія ў сваіх выступах адзначалі яго велізарны талент, сціпласць і духоўнасць. Ён вельмі рэлігійны чалавек, практыкуючы праваслаўны, і нездарма яго выстава называецца «Пад крылом анёла». Госцi распавядалі таксама, што дзякуючы Віктару Круку ведаюць многіх віцебскіх мастакоў, выставы якіх ён арганізуе на Шаркаўшчыне, займаючыся актыўнай культурна-асветніцкай дзейнасцю. Габелены Святланы Баранкоўскай, акварэлі Фелікса Гумена, жывапіс Алега Скавародкі... Увогуле, само мерапрыемства адкрыцця адрознівалася непаўторнай засяроджанасцю і асаблівым унутраным рэлігійным пачуццём, калі мастацтва і духоўнасць знаходзяцца ў гарманічным адзiнстве.

Аўтапартрэт Вікітара Крука. Фота Георгія Каржанеўскага

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская гаварыла аб асобаснай унікальнасці Віктара Крука, велізарнай каштоўнасці яго падзвіжніцкай дзейнасцi: «Яго хочацца глядзець, яго хочацца слухаць. Як птушкi збiраюцца ў стаю, каб лягчэй ляцець, так i мы збiраемся ў нейкiя агранiзацыi размаўляць адзiн з адным, каб прапiтвацца гэтым i iсцi далей. А Вiктар – ён адзiны такi, якi усё жыццё нясе вось гэты сцяг мастацтва i сцяг сваёй любовi да Радзiмы. Я думаю, што ён вучыць нас бачыць цудоўнае, тое, што ёсць на нашай зямлi, чым мы можам ганарыцца».

Начальник аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі распавёў, што гэта ўжо другая выстава Віктара Крука ў Віцебску ў 2014 годзе. Першая адбылася ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, дзе былі экспанаваны партрэты. Тут жа – ў асноўным пейзажы. І яны раскрываюць непаўторныя прыгажосці нашай роднай зямлі: «У іх практычна прадстаўлена ўся наша рэспубліка ... Я хачу ўсіх нас павіншаваць, што ў нашай вобласці жыве такі мастак. Гэта унікальны майстар. Хачу пажадаць, каб і далей яго творчасць развівалася на карысць нашай краiны».

Алег Скавародка у сваім выступе адзначыў, што Віктар Крук зʼяўляўся адзіным студэнтам на мастацка-графічным факультэце Вiцебскага педагагiчнага iнстытута, якія скончылі вучобу з чырвоным дыпломам. Рэдкая сітуацыя... Гэта значыць, Віктар Крук быў выдатны і бездакорны ва ўсім. Мастак адзначыў такую якасць свайго калегі, што талент у яго дасканалым чынам злучаецца з прафесіяналізмам і адказнасцю: «Ён заўсёды сурʼёзна ставіўся да таго, што робіць. Усё працы яго скончаны, ён выразна ведае сваю мэту і ідзе да яе. Карціны яго заўсёды добрыя, сумленныя, таленавітыя, па-майстэрску напісаныя. Ён таксама піша іконы, ад якіх ідзе глыбокая духоўнасць. І яго дзівосныя пейзажы таксама адлюстроўваюць рэлігійнае ўспрыманне свету».

Фелiкс Гумен падкрэсліў пэўнае несупадзенне паміж прагматычным духам сучаснай эпохі, і сапраўды духоўнымі ідэаламі, якія нясе ў сабе і сваёй творчасці Віктар Крук: «Я настолькі здзіўлены, чаму няма тэлебачання?.. Нешта незразумелае творыцца ў дацкім каралеўстве. Адбываецца нейкае разʼяднанне. Новыя часы, новыя песні ... На жаль, мы мала што можам купіць, заходзячы ў музеі. Мы не беражом тое, што маем, гэта наша даўняя бяда. У адрозненне ад многіх Віктар Крук зʼяўляецца вельмі руплівым, і, між іншым, вельмі удзячным чалавекам. У нас, на мастацка-графічным факультэце, было шмат выпускнікоў, але Віктар Крук зʼяўляўся самым старанным чалавекам. Ён памятае дабро, і яму адказваюць таксама дабром. У адрозненне ад многіх выпускнікоў ён усё жыццё паклаў на выкладчыцкую дзейнасць. Многія кiнуліся ў халтуру. А ён сумленна паехаў працаваць у раён, і паклаў усе свае старанні туды. Гэта вельмі вялікая справа. Мы прысутнічаем на унікальнай выставе. Працы Віктара Крука гавораць самі за сябе. Бо што б мастак не пісаў, ён заўсёды піша свой аўтапартрэт. І гледзячы на працы відаць, што гэта за чалавек, яго душа адразу агаляецца».

Выстава жывапісу Віктара Крука адкрылася ў Вицебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Фота Георгія Каржанеўскага

Мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі звярнуў увагу на мастацкія асаблівасці работ Віктара Крука, а таксама казаў пра яго выкладчыцкi талент: «Немагчыма не заўважыць, што гэта мастак больш камерны. Яго ўнутраная сцiпласць i глыбiня не вылiваецца ў велiзарныя фарматы твораў. Яго прыхiльнасць да рэалiзмy, якi, можа, камусцi здаваўся адмiраючым, яшчэ раз падкрэслiвае, што памерцi не можа тое, што нясе нейкае святло. Канешне, час вядзе нас наперад сваiмi шляхамi. Але ж Вiктар Крук знаходзiцца ў сваiм свеце, i ў яго дакладна акрэслены iнтарэсы. Ён вельмi прынцыповы мастак. Я даволi часта сустракаюся з яго навучэнцамi, выхаванцамi. Да нас на мастацка-графiчны факультэт прыходзiць многа дзяцей, якiя вучылiся ў Вiктара Крука. Можа тут такi моцны ўплыў, але гэта тыя ж самыя сцiплыя людзi i такiя ж таленавiтыя. Прычым у ix, акрамя такix прафесiйных, рамеснiцких навыкаў, ёсць нейкая глыбiня, сурʼёзнасць i адказнасць у адносiнах да мастацтва. Гэта таксама вельмi важна».

Выстава жывапісу Віктара Крука адкрылася ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Фота Георгія Каржанеўскага

Мiхась Цыбульскі, звярнуўшыся да землякоў Віктара Крука, гаварыў і пра важнасць захавання творчай спадчыны майстра. Пра гэта трэба думаць ужо сёння: «Вельмi хацелася, каб вы не прапусцiлi таксама момант, i, напэўна, частку твораў закупiлi. Хоць па сiмвалiчных коштах… Таму што час iдзе, мастакi сыходзяць, i хацелася, каб гэта велiзарная, цудоўная, вельмi цёплая спадчына, якая ў значнай ступенi адлюстроўвае вось тыя куточкi, тых людзей, што жывуць у вашым раёне, каб яна засталася у вас. Будзе сумна, калi мы, як з Язэпам Драздовiчам, будзем збiраць тое, што захавалася, па ўсiм свеце. Трэба паважаць мастака, пакуль ён жывы, i любiць яго таксама».

Выстава жывапісу Віктара Крука адкрылася ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Фота Георгія Каржанеўскага

I яшчэ мастацтвазнаўца закрануў тэму большай абмежаванасці ў магчымасцях мастака з правінцыі, у адрозненні хаця б ад тых, хто пражывае ў абласным цэнтры, не кажучы ўжо пра сталіцу рэспублікі. Яна абмяркоўвалася і пасля выступленняў удзельнікаў адкрыцця выставы. Аднак агульным быў вывад, што правінцыйнасьць адміністрацыйна-тэрытарыяльная не мае ніякага дачынення да духу. Творчасць Віктара Крука знаходзіцца ў духоўным цэнтры нацыянальнага космасу, калектыўнага падсвядомага народа.

Выстава жывапісу Віктара Крука адкрылася ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Фота Георгія Каржанеўскага

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ