У Віцебску адбылася юбілейная творчая вечарына Уладзіміра Папковіча

Выбітнага паэта, перакладчыка і педагога Уладзіміра Папковіча віншавалі 9 красавіка ў Віцебскай абласной бібліятэкі, дзе праходзіла вечарына “Душа ніколі не старэе!”, сябры, калегі, вучні і ўсе іншыя шанавальнікі яго творчасці.
Сяргей Рублеўскі і Уладзімір Папковіч. Фота Георгія Каржанеўскага

Зусім нядаўна, 25 сакавіка, Уладзімір Папковіч адзначыў свой 80-гадовы юбілей. І назва вечарыны была невыпадковай. Творчасць паэта адрозніваецца тым характэрным для яго суб’ектывізмам, які выказвае непасрэднае ўспрыманне рэчаіснасці, а гэта залог творчай маладосці і квітнення душы. Паэт не звяртаецца да чытача ад імя абстрактнага і аб’ектываванага “мы”, у яго вершах, якія выказваюць рэтраспектыўны дыскурс, альбо погляд на сучасныя падзеі, відавочна цалкам арыгінальнае светаадчуванне. Таму творы Уладзіміра Папковіча, напісаныя ад імя яго глыбокага і непаўторнага “я”, такія блізкія ў тым ліку і прадстаўнікам малодшых пакаленняў, у іх змесце яны прызнаюць свае думкі і пачуцці.

З мінулага… Фота Георгія Каржанеўскага

Цэнтральнай тэмай творчасці паэта з’яўляецца беларускасць, і праз глыбокае нацыянальнае самавызначэнне ў яго вершах асэнсоўваецца ўласны жыццёвы шлях. Любоў да роднага краю выказваецца ў вершах паэта не па «абавязку службы», а па закліку сэрца, і ў гэтым выяўляецца іх універсальнасць і блізкасць кожнаму, для каго нацыянальная спадчына не пусты гук. Нават вершы, напісаныя яшчэ ў савецкія часы, якія Уладзімір Папковіч таксама чытаў на творчай вечарыне, праяўляюць гэты непаўторны погляд на прыгажосць і высакароднасць беларускага духу:

У снягах ці ліўнямі абмытую,
Вечарам, ці з ранішняга сну,
Я люблю цябе таленавітую,
Я люблю на ўсё жыццё адну.

У хвіліну светлую ці сумную
Ад цябе нічога не ўтаю.
Я люблю цябе, маю разумную
І высакародную маю.

На творчай вечарыне. Фота Георгія Каржанеўскага

Уладзімір Папковіч ў сваіх вершах паўстае “вандроўнікам духу”, яго творы поўныя зваротаў да падарожжаў, якія з’яўляюцца важным фактарам захавання сябе сапраўднага, асэнсавання свайго прызначэння. Пры гэтым паэт не ідэалізуе сябе, самаіронія – неад’емная ўласцівасць яго вершаў, што, несумненна, якасць мудрага чалавека. Вандраванні яго зусім не віртуальныя. У вершах Уладзіміра Папковіч няма ілжывай велічнасці, і гэта з’яўляецца яшчэ адным фактарам, які збліжае іх з паўсядзённымі думкамі і пачуццямі чытача. Разам з пранікнёным адчуваннем духу беларускасці, мы бачым, як нацыянальны шлях становіцца супадальным з асобасным жыццёвым шляхам паэта:

Сваёй сцяжынкай я іду-брыду,
З яе не паварочваючы ўбок.
Перажываю радасць і бяду.
Няўжо размеркаваў іх хто знарок?

Не супэр-мадэрновы, не гулец,
І не мудрэц, не знаўца, што і як.
Не правадыр, не лідар, не баец.
Адданасць роду – мой нябачны знак.

Мае забавы ў Лету адплылі,
І крыўды ўсе згарэлі на агні.
Я моўчкі прыпадаю да зямлі.
Малюся за яе:
“О, божа, барані…”

Бацькоўская хата. Фота Георгія Каржанеўскага

Чытальная зала аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Віцебскай абласной бібліятэкі ледзь змагла змясціць усіх жадаючых. Госці вечара, якія выступалі з віншаваннямі, раскрывалі розныя грані чалавечага, паэтычнага і педагагічнага таленту Уладзіміра Папковіча. Сярод іх былі і прадстаўнікі яго пакалення, і зусім маладыя студэнты. Старшыня Савета мастацка-эстэтычнага салона “Олі-Арт” Уладзімір Джарыяні падкрэсліў тую важную рысу, уласцівую для асобы паэта, якая вызначае безумоўную павагу і захапленне яго сучаснікамі:

“Мне здаецца, што Уладзіміра Антонавіча можна ахарактарызаваць двума словамі: бездакорная рэпутацыя… Мы любім вас не толькі за тое, што вы выдатны паэт і пісьменнік, і ў гэтай якасці падарылі нам цэлы шэраг цудоўных кніг. Мы любім вас не толькі таму, што вы ў дасканаласці валодаеце некалькімі мовамі. Мы любім вас асабліва за тое, што вакол вас заўсёды ствараецца аўра дабрыні, спрыяння і любові”.

Уладзімір Джарыяні, Вольга Дарафеева, Уладзімір Папковіч. Фота Георгія Каржанеўскага

Вядомы беларускі мастак і адзін з бліжэйшых сяброў паэта Фелікс Гумен казаў пра ўнікальнасць асобы юбіляра: “Усё ж такі мы знаходзімся на вялікай падзеі. 80 гадоў – гэта не жарты. Я ведаю напамяць яго вершы і вельмі люблю гэтага паэта. Мы павінны шанаваць нашых сучаснікаў, асабліва тых, хто з’яўляецца віцяблянамі. Такія асобы, як Давід Сіманович, Уладзімір Папковіч, Сяргей Рублеўскі – гэта сапраўдныя нашы паэты, і я не пабаюся гэтага слова – вялікія сучаснікі”.

Фелікс Гумен і Уладзімір Папковіч. Фота Георгія Каржанеўскага

Уладзімір Папковіч прымаў віншаванні і ад цэлых арганізацый і творчых калектываў. Паводле яго слоў, прадстаўнікі калектыву Беларускага тэатра “Лялька” з’яўляюцца яго даўнімі сябрамі. Ад тэатра паэта павіншавалі мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Людміла Сіманёнак і акцёр Юрый Франкоў. У прыватнасці, Людміла Сіманёнак адзначыла вялікую актыўнасць Уладзіміра Паповіча ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, дзе ў яго мноства сяброў і прыхільнікаў розных узростаў і прафесій, Юрый Франкоў прачытаў верш паэта, а Віктар Клімчук зноў жа падкрэсліў яго высокія асабістыя якасці: “Я б сказаў, што лепшага чалавека ў гэтым горадзе я не сустракаў. Лепшага па сваёй спагадлiвасцi, чуласці і дабрыні”.

Людміла Сіманёнак, Віктар Клімчук, Юрый Франкоў, Уладзімір Папковіч. Фота Георгія Каржанеўскага

Перад гасцямі вечарыны пранёсся жыццёвы і творчы шлях паэта. Уладзімір Папковіч распавядаў пра сваіх бацькоў, дзяцінства, вучобе ў школе і інстытуце, выкладчыцкай і перакладчыцкай дзейнасці. І, вядома ж, нельга было прайсці міма створанага Уладзімірам Папковічам арыгінальнага і архетыпічнага вобраза беларуса. Гэта сваеасаблівы “лірычны герой”, ад імя якога ён пісаў некаторыя свае вершы, вядомы як Ахрэм Нядбайла, што зноў-такі можа многае расказаць аб арганічнай і глыбокай беларускасці творчасці паэта. Адну з найбольш ёмістых характарыстык гэтай творчасці даў Сяргей Рублеўскі: «Яму удалося як раз жа ўзяць танальнасць такую дакладную, шчырую, пранікнёную, і ён вытрымаў яе на працягу ўсіх гадоў у сваёй паэзіі». А па завяршэнні вечара Уладзімір Папковіч падпісваў прысутным свой новы паэтычны зборнік “Як ёсць…”

Уладзімір Папковіч падпісвае новы паэтычны зборнік. Фота Георгія Каржанеўскага


Меткі: , , ,

Падобнае

    1 каментар

    1. Ліс  
      11/красавік/2015 у 9:12

      Файная сустрэча! Доўгіх гадоў і натхнення шаноўнаму Уладзіміру Антонавічу!

    Каментаваць