“Паўночнае ззянне” над Віцебскам

У Віцебску стартаваў фестываль кіно Паўночных краін “Паўночнае ззянне”. Традыцыйна яго прымаў кінатэатр “Мір”. У кінатэатрах з такой жа назвай фестывальныя паказы ўжо прайшлі ў Гомелі і Мінску.
“Паўночнае ззянне” над Віцебскам

Прэзентаваць фільмы пяці паўночных краін: Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Нарвегіі і Ісландыі,- у Віцебск прыехаў часовы павераны па справах Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг. Гэта ягоны першы візіт ў горад за час амаль двухгадовага знаходжання ў краіне. Не памылюся, калі скажу, што прыезд гэтай асобы быў адной з цэнтральных падзей адкрыцця.

На жаль, знаёмства з Віцебскам у спадара Оберга было вельмі павярхоўным. І хаця ён прызнаўся гарадской інтэлігенцыі, што шмат чуў пра наш горад, як пра культурную сталіцу, прыехаць на самае маштабнае культурнае мерапрыемства – “Славянскі базар” - не паабяцаў, спаслаўшыся на неадкладныя справы.

Нашы самыя вядомыя фільмы, магчыма, не самыя вясёлыя і лёгкія. Але яны падымаюць пытанні, якія хвалююць нашых суайчыннікаў і прымушаюць гледача задумацца над тым, што ён убачыў, - так ахарактарызаваў праграму фестываля Марцін Оберг.

Фільм, які адкрыў “Паўночнае ззянне” – стужка “Гатэль” рэжысёра Лізі Лангеэт – якраз такім і аказаўся. Гераіня псіхалагічнай драмы Эрыка нараджае дзіця з адхіленнямі. Гэта дае штуршок для развіцця яе асобы. За тым, як гэта адбываецца, глядач назірае з цікавасцю. Нягледзячы на трагізм сітуацыі і незвычайнае атачэнне Эрыкі – яна адпраўляецца ў падарожжа ў кампаніі псіхічна неўраўнаважаных людзей з групы псіхалагічнай рэабілітацыі – стужна не пазбаўлена гумару. Дадайце да гэтага удала падабраны акцёрскі склад, у якім толькі галоўная гераіня – Алісія Вікандэр – асоба добра вядомая аматарам кіно. Фільм глядзіцца лёгка, з задавальненнем. Стужка ідзе на мове арыгіналу з беларускімі субцітрамі.

Віцебскаму гледачу на працягу тыдня дапаможа не згубіцца ў разнастайнасці паўночнага кіно кінакрытык Сяргей Матылёнак, які уводзіць аўдыторыю ў курс справы перад кожным праглядам. Як адзначылі арганізатары фестывалю, у гэтым годзе ён адбыўся ў многім дзякуючы каардынатару - Волі Чайкоўскай, таксама віцяблянцы.

Зала кінатэатра ў дзень адкрыцця была запоўнена цалкам. Хочацца спадзявацца, што гэтак жа будзе і ў астатнія дні фестывальнага тыдня. Бо арганізатары прапануюць гледачам самы свежы кінематаграфічны прадукт – фільмы, знятыя ў 2013-2014 гадах. Дзякуючы разнастайнай праграме можна скласці ўражанне аб стане і развіцці сучаснага кінематографа паўночных краін. Тым больш што ўваход на ўсе сеансы фестывалю бясплатны.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ