Свята ў гонар Васіля Быкава традыцыйна прайшло ў Бычках

У бок вёскі Бычкі, што на Ушаччыне, 20 чэрвеня рухаліся машыны, аўтобусы, мікрыкі з нумарамі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Беларусы ехалі да Быкава - сумлення беларускай нацыі.
Алесь Марачкін трымае дыплом Ніла Гілевіча. Фота Барбары Церашковай

Дзень нараджэння гэтага года – шэраговы. Народнаму пісьменніку споўнілася б 91. Тым не менш, традыцыйнае свята ў Бычках было не менш значным і шырокім, чым летась.

“Дзень нараджэння і тут жа дзень смерці, дзень пачатку вайны і самыя вялікія дні летняга сонцастаяння. Усе гэта дзіўным чынам сышлося на цесным часавым пятачку пад знакам Быкава” – заўважыў паэт Анатоль Вярцінскі.

У Віцебску свята пад знакам Быкава пачалося ускладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі пісьменніку, размешчанай на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1. Тут, у Віцебскім мастацкім вучылішчы, з 1939 па 1940 год вучыўся Васіль Уладзіміравіч. Іншых месцаў, звязаных з памяццю пісьменніка ў абласным цэнтры няма, - свята лагічна перамясцілася на радзіму Быкава, у двор сядзібы-музея, які штогод гасцінна прымае усіх, хто памятае.

У Віцебску свята пад знакам Быкава пачалося ускладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі пісьменніку. Фота Барбары Церашковай

У вянок Быкаву

Літаратурныя чытанні, арганізаваныя Віцебскай абласной радай грамадскага аб’яднання “Таварыстава беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, пачаў старшыня рады Іосіф Навумчык: “ Наша імпрэза прысвечана ў першую чаргу памяці Васіля Быкава, яго творам, яго ідэям. Каб усё тое, аб чым марыў Васіль Уладзіміравіч, станавілася нашым жыццём”.

Пісьменнікі і паэты, змяняючы адно аднаго на імправізаванай сцэне ўпляталі ў вянок Быкаву свае вершы, роздумы, успаміны. Таццяна Матафонава і Георгій Станкевіч спявалі пад гітару. Непадалёк разгарнулася імправізаваная выстава карцін, якую з Германавіч прывезла Ада Элеўна Райчонак.

Выступае Міхась Скобла. Фота Барбары Церашковай

Напэўна, самае эмацыянальнае на сёлетнем свяце выступленне Міхася Скоблы лішні раз падцвердзіла, наколькі актуальнымі ў любыя часы могуць быць таленавітыя словы прарокаў:

- Я хацеў бы паказаць незвычайную кнігу, якую атрымаў летась з Украіны. Гэта кніга перакладаў прыпавесцяў Васіля Быкава “Байки світові”. Пераклаў іх Дмытро Шчарбіна, які жыве ў Крывым Рогу і ніколі не быў ў Беларусі. Выйшла кніга ў Луганску, на ўсходзе Украіны. І адбылося гэта фактычна тады, калі там ужо ішла вайна.

Україна мае ў жыцці Быкава таямнмічае значэнне. У 44 годзе з Украіны ў Бычкі прыйшла пахаронка. Атрымліваецца, Быкаў як бы сімвалічна загінуў за Украіну. Бо за яго спінаю была ўкраінская веска Вялікая Севярынка. Там дасюль стаіць помнік, на якім пазначана імя лейтэнанта Быкава: Васіль Уладзіміравіч не палічыў патрэбным карэктаваць надпіс. Там па сённяшні дзень працуе музей, які стаў першым прыжыццёвым музеем пісьменніка.

Калі ва Украіне дасюль выходзяць ягоныя кнігі. Значыць, Быкаў і сёння там патрэбны. І яго прыпавесці актуальныя.

Як самы яркі прыклад Міхась Уладзіміравіч нагадаў твор Быкава “Насарогі ідуць”. І падарыў свой верш, напісаны па слядах прыпавесці:

Паўтараецца дзіўны абрад,
Што ў фальклёры не мае назову, —
Кажа прыхадзень мне: — Я твой брат.
Як прагнаць, як адвадзіць назолу?
(…)
Дзе б ні быў — на гульбе, ці сяўбе,
Я губляюся, прыхадня стрэўшы.
Ён расказвае мне пра сябе,
Ён адзіны ўжо стаў і старэйшы.
І выкрыквае ўжо як загад,
Ужо зáгрудкі ўзяўшы ў зацішку,
Раз, маўляў, ты малодшы мой брат,
То і слухаць павінен брацішку!
З азіяцкай хітрынкай пагляд,
Пра братэрства сваё не змаўкае…
І спытацца мне хочацца: брат,
А імя тваё часам — не Каін?

Дыпломы – беларускамоўным выданням

Да дзён Быкава абласная рада ТБМ прымеркавала падвядзенне вынікаў агляду - конкурсу “З беларускім словам”, які традыцыйна праводзіцца сярод СМІ Віцебска і вобласці. Пераможцамі і дыпламантамі становяцца тыя выданні і журналісты, якія традыцыйна выкарыстоўваюць для напісанны сваіх матэрыялаў беларускую мову.

Іосіф Навмчык узнагароджвае рэгіянальныя выданні. Фота Барбары Церашковай

Сярод уладальнікаў дыпломаў і падарункаў (пераможцы атрымлівалі ўсе 10 тамоў поўнага збору твораў Васіля Быкава) выданні самых розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Нягледзячы на тое, што для гарадскіх і абласных газет была аб’яўлена асобная намінацыя, узнагародамі ТБМ не было адзначана ні адно выданне.

У намінацыі “раённае выданне” дыпломам першай ступені ганараваныя адразу 4 СМІ: газета “Патрыёт” Ушацкага раёна, браслаўская “Звязда”, “Міёрскія навіны” і “Герой працы” з Шуміліна. Другое месца журы прысудзіла “Родным вытокам” з Докшыц. Трэцяе – падзялілі “Пастаўскі край” і шаркаўшчынская газета “Кліч радзімы”.

У намінацыі “недзяржаўнае выданне” былі вылучаны два пераможцы - газеты “Вольнае Глыбокае” і “Каталіцкі веснік”.

За свабоду думкі

Такую назву мае прэмія імя Васіля Быкава, заснаваная ў 2008 годзе. Традыцыйна яе атрымліваюць людзі, якія сваёй грамадскай і творчай дзейнасцю спрыяюць Беларусі і Свабодзе.

Сярод лаурэатаў розных год – Ада Райчонак, Алесь Марачкін, Алесь Пушкін, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Лявон Вольскі, Віктар Шалкевіч… Інтрыгу, хто сёлета атрымае ганаровую статуэтку і права ўпісаць і сваё імя ў слынны шэраг, раскрыў мастак Алесь Марачкін. У гэтым годзе прэміяй за свабоду думкі быў уганараваны Народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч.

На жаль, па стану здароўя лаурэат не змог прысутнічаць на ўручэнні. Але ягоная прамова са шчырай падзякай за аказаны гонар і роздумам аб людзях мастацтва гучала ў запісу:

- Дазвольце перш за ўсё выказаць падзяку за аказаны мне гонар, які стаў для мяне вялікай нечаканасцю.

За ўсю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя ў належнай меры пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё гэтым – свабодай думкі. Вядома, і людзі свету мастацтва. А можа, і ў першую чаргу яны. Бо іх галоўная місія – выяўляць сябе, сваю душу. А якую душу выяўляеш, мастак? Душу свабоднага грамадзяніна, ці душу халуя і лёкая? Каму служыш? Праўдзе ці хлусні? Каму молішся? Небу ці залатому цяльцу? Тут вадападзел паміж творцамі сапраўднымі, вартымі людской павагі, і серыйнымі прыстасаванцамі ў мастацтве, якія на павагу і ўдзячнасць свайго народа разлічваць не маюць права…

Пад час імпрэзы была зладжаная выстава. Фота Барбары Церашковай

* * *

Закончылася свята невялікім канцэртам Лявона Вольскага. Пад гукі добра знаёмых песень можна было кантактаваць з сябрамі. Або заводзіць новыя знаёмствы: па падворку быкаўскай хаты гулялі і пісьманнікі, і паэты, і мастакі, і яркія грамадскія дзеячы. Кожны з іх быў адкрыты да размовы, шчыра ўсміхаўся і з задавальненнем фатаграфаваўся. Можна было набыць кнігі, якія не часта знойдзеш у гарадскіх крамах: сваю прадукцыю прадставілі незалежныя выдаўцы Зміцер Колас і Уладзімір Сіўчыкаў. Але самае галоўнае – гэтымі днямі ў Бычках, як нідзе ў іншым месцы, адчуваеш сябе свабодным чалавекам на сваёй зямлі. Магчыма, менавіта таму да Быкава ў Бычкі з кожным годам едзе ўсё больш і больш народу. Наступнае свята абавязкова адбудзецца праз год. І абавязкова будзе не менш яркім і цікавым.


Меткі: ,

Падобнае

    1 каментар

    1. Lakshmi  
      7/жнівень/2015 у 15:39

      If your arlitces are always this helpful, "I'll be back."

    Каментаваць