Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа адкрыў юбілейны сезон

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа распачаў свой юбілейны 90-ы тэатральны сезон 8 верасня. Гледачы па традыцыі пабачылі візітную картку калектыву – спектакль “Несцерка”. А 9 верасня кіраўніцтва тэатра правяло прэс-канферэнцыю, на якой падзялілася творчымі планамі, праблемамі, думкамі.

Выбіраючы рэпертуар

Падалося, што ў наступным сезоне коласаўцы хочуць зрабіць крэн у бок нацыянальнай драматургіі. Так, у рэпертуары тэатра павінны з’явіцца спектаклі паводле твораў Уладзіміра Караткевіча (“Каласы пад сярпом тваім” і адноўлены “Леаніды не вернуцца на зямлю”), Якуба Коласа (“Сымон-музыка”), Францішка Аляхновіча (“Цені”), Дзіны Балыкі (“Белы анёл з чорнымі крыламі”). Нават прыгадваючы Фёдара Дастаеўскага (тэатр плануе уключыць у рэпертуар спектакль “Дзядзечкаў сон”), мастацкі кіраўнік калектыву Валерый Анісенка заўважае, што пісьменнік – таксама наш зямляк, родам з Беларусі. І тым не менш, нягледзячы на вялікую колькасць прозвішчаў беларускіх аўтараў, прыярытэты іншыя:

- Няважна, які сюжэт. Важна, каб гэта абавязкова хвалявала гледача, - абазначыў накірунак рэпертуарнай палітыкі Валерый Анісенка. - У гэтым прызначэнне тэатра. Дарэчы, у апошнія гады мы шмат звярталі ўвагу на сучасную драматургію. Чаму? Таму што беларускі тэатр мае вялікую праблему. Яна ў тым, што гэта - бытавы тэатр. Мы іграем адзін і той жа сюжэт з лапцямі і вельмі добра ўмеем піць гарэлку на сцэне. А думаць? Менавіта гэтага вымагае сучаснасць. Пауза павінна панаваць на сцэне. І гэта адным спектаклем не дасягнеш, яно вымагае сучаснай манеры існавання.

Валерый Анісенка лічыць таксама, што тэатр у вялікай ступені выхоўвае чалавека, нясе асветніцкую місію. У гэтай сувязі асаблівую ўвагу ён звярнуў на п’есу Дзіяны Балыкі “Белы анёл з чорнымі крыламі”. У творы падымаецца тэма наркатычнай залежнасці.

- І не трэба рабіць выгляд, быццам праблемы няма, - лічыць мастацкі кіраўнік. - Калі мы гэта сыграем, са спектаклем трэба ісці да моладзі. У такіх выпадках пазіцыя тэатра павінна быць больш актыўнай.

“Прыманіць” гледача

Коласаўцы згаджаюцца: крызіс у краіне не мог не адбіцца і на тэатры. Адмяніліся паездкі, няма магчымасці запрасіць на пастаноўку рэжысёраў з гучнымі імёнамі. Больш таго, злабадзённым становіцца пытанне, як не страціць гледача, які прыходзіць на спектаклі. Дырэктар тэатра Аляксандр Старых запэўнівае: у коласаўцаў ёсць для гэтага свая стратэгія.

- Як бы не складвалася жыццё, чалавеку хочацца забыць свае праблемы, прыйсці ў тэатр, паглядзець спектакль, атрымаць задавальненне, а тады ўжо вярнуцца да сваіх паўсядзённых турбот, - сказаў Аляксандр Аляксандравіч і тут жа заўважыў, што адкрыццё прайшло пры поўнай зале. А колькасць рэалізаваных білетаў дазваляе меркаваць, што аншлагі будуць і надалей.

Дарэчы, рэнтабельнасць працы калектыва старанна пралічваецца, вызначаецца аптымальны рэжым працы. Летам коласаўцы не паказвалі спектаклі ў суботу і нядзелю, але затое ў тэатр можна было прыйсці ў панядзелак. З пачаткам новага сезону калектыў вяртаецца да звыклага графіку: панядзелак будзе выходным днём, вячэрнія спектаклі па выходных будуць пачынацца а 18 гадзіне, у астатнія дні – а 19. Ранейшым застаўся і кошт білета – 50 тысяч рублёў.

90 год – гэта не проста дата

Свой 90-гадовы юбілей коласаўскі тэатр адзначыць восенню 2016 года. Але аб тым, якім будзе свята, у тэатры задумваюцца ўжо зараз. Пакуль што асноўную задачу па падрыхтоўцы на сябе ўзяла літаратурная частка. А вельмі хутка да яе далучыцца ўвесь тэатральны калектыў, творчая грамадскасць, бібліятэкі і музеі горада.

- Тэатр будзе святкаваць не тыдзень або месяц. А, напэўна, пачынаючы са студзеня. І заканчваючы непасрэдна святкаваннем 90-годдзя ў лістападзе 2016 года, - адзначыў кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Алесь Замкоўскі. - Гэта будзе шэраг мерапрыемстваў не толькі унутрытэатральных, але і калятэатральных. 90-годдзе – гэта не проста лічба, гэта рыса, вынік працы. Тэатр бярэ на сябе адказнасць працаваць над сур’ёзнымі творамі: “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча, “Дзядзечкаў сон” Дастаеўскага, “Сымон-музыка” Коласа. Іх мы хочам паставіць у рэпертуарную юбілейную афішу і гэтымі работамі паказаць, наколькі тэатр можа быць тэатрам з вялікай літары і пацвярджаюць званне нацыянальнага і акадэмічнага.

Закранулі ў час прэс-канферэнцыі і праблемы. Адна з іх – неабходнасць абнаўляць трупу, прывабліваць моладзь. А каб яна прыйшла, трэба вырашаць праблему з жыллём. Але самым балючым пытаннем для мастацкага кіраўніцтва было іншае. Валерый Анісенка не аднойчы паўтарыў, што ўсе мы робім адну справу. І толькі агульныя намаганні дапамогуць стварыць сапраўдныя творы мастацтва, прывабіць у тэатр гледача, выхаваць моладзь на лепшых спектаклях. У няпросты час эканамічнага крызісу, калі думкі аб духоўнасці выцясняюць развагі аб матэрыяльным, тэатру як ніколі патрэбна падтрымка, а не крытыка або плёткі вакол яго.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ