На унікальнай сасне ў Віцебскім раёне вяскоўцы ўсталявалі ахоўную шыльду

Каля вёскі Бібіраўка ў Віцебскім раёне, што на супрацьлеглым беразе Дзвіны ад Лужасна, на старой хвоі з’явілася шыльда, якая паведамляе, што гэтае дрэва мае назву “Ведзьміна лапа” і ахоўваецца народам.
На унікальнай сасне ў Віцебскім раёне вяскоўцы ўсталявалі ахоўную шыльду. Фота Аляксандра Аніськовіча

Хвоя ля Бібіраўкі адна з самых вялікіх хвой Рэспублікі Беларусь, яна мае дыяметр ствала 1,4 м, вышыню каля 28м, узрост 250-300 год. Сапраўды такіх хвой на Беларусі няшмат. Некаторыя з іх маюць дзяржаўны ахоўны статус: напрыклад, у Белавежскай пушчы расце хвоя ўзростам 350 год, у нацыянальным парку “Прыпяцкі” так-сама ёсць 300-гадовая хвоя, а недалёка ад Віцебска, каля вёскі Сушчова Мазалаўскага сельсавета, можна пабачыць старую 250-гадовую хвою.

Аднак, ў адрозненні ад пералічаных грацыёзных старажылаў, бібіраўская хвоя незвычайная і ўнікальная па сваёй форме. На вышыні трох метраў асноўны ствол патройваецца. На вышыні каля 8м адзін з новых ствалоў зноў патройваецца, а на вышыні каля 12 м другі ствол разыходзіцца на чатыры меншыя. Некаторыя ствалы абламіліся — такім чынам на сёння крона хвоі складаецца з сямі вялізарных самастойных ствалоў.

На унікальнай сасне ў Віцебскім раёне вяскоўцы ўсталявалі ахоўную шыльду. Фота Аляксандра Аніськовіча

Наша бібіраўская хвоя пакуль немае ніякіх афіцыйных ахоўных статусаў. Але зачараваныя прыгажосцю тутэйшых прыдзвінскіх краявідаў мясцовыя вяскоўцы і дачнікі наведваюць хвою, вымяраюць яе сваімі абдымкамі, ды абяцаюць ахоўваць сваімі сіламі. Пра гэтыа і сведчыць надпіс на шыльдзе. Энтузіясты з месцічаў сталі ініцыятарамі стварэння шыльдачкі з мэтай прыцягнуць увагу, папулярызаваць і захаваць унікальны помнік прыроды віцебскага наваколля.

На унікальнай сасне ў Віцебскім раёне вяскоўцы ўсталявалі ахоўную шыльду. Фота Аляксандра АніськовічаВядомы віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар тлумачыць з’яўленне незвычайнай назвы хвоі ў Бібіраўцы. Ён сцьвярджае, што чуў ад тубыльцаў прыблізна наступнае паданне:
Нібыта ў даўнія часы ў Бібіраўцы жыла ўдава якая зналася з нячысцікам. Пераўтвараючыся ў дзікіх жывёл, яна шкодзіла людзям. Але аднойчы, ў ноч перад Калядамі, яе падпільнаваў у хляве адзін малец. Ведзьма пераўтварылася ў зайца ды прыйшла шкодзіць хатняй жывёле. Малец моцна параніў зайцу лапу, ды пабег за ім у пагоню па крываваму следу. За вёскай след знік каля маладой хвоі – тут ляжала і адсечаная лапа зайца. На наступны дзень людзі хадзілі адзін да аднаго калядаваць і завіталі да ўдавы. Ажно бачаць – гаспадыня сумуе, ды рука ў яе крывавай хусткай заматаная. Тут яны і зразумелі людзі хто ў вёсцы з нячысцікам знаўся і шкоду розную рабіў. Таму прагналі ведзьму з вёскі. З таго часу сталі заўважаць тубыльцы дзівосныя пераўтварэнні той хвоі, каля якой малец знайшоў адсечаную лапу зайца. Стала яна моцна і каржакавата распранацца ствалом ды галінамі ва ўсе бакі свету, нагадваючы сваім відам велічэзную страшэнную далонь ведзьмы, павернутую пальцамі да неба. Так і празвалі гэтую хвою – Ведзьміна лапа.

Паданне сцьвярджае, што прагнаная з Бібіраўкі вядзьмарка заўсёды вяртаецца да гэтай хвоі. На яе галінах, самых высачэзных ва ўсёй акрузе, на Купальскую ноч збіраецца шмат ведзьмаў і рознай нечысці. Стаіць хвоя і дагэтуль, бо ніколі не секлі яе вяскоўцы – дужа баяліся помсты ад ведзьмаў…

Знайсці і пабачыць хвою вельмі проста. Яна знаходзіцца ў спісе “Славутасці пасёлка Лужасна” і адпаведна пазначана на мапе Гугл.

А зацікаўлены віцяблянін павінен накіравацца ў Уланавічы і сыйсці з аўтобуса на прыпынку каля новай крамы “Віцебскія прадукты”. Потым паўгадзіны пешшу праз прыгожы лес да вёскі Бібіраўка. На апушцы лесу, каля вёскі, злева ад дарогі хвоя добра бачна – цяжка памыліцца.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ