Будынку былога Віцебскага народнага мастацкага вучылішча прысвоілі статус гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння

Будынку былога Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, які меў статус гісторыка-культурныя каштоўнасці 3 катэгорыі, прысвоілі 2 катэгорыю, што надало гэтаму помніку рэспубліканскае значэнне.
Будынак былога Віцебскага народнага мастацкага вучылішча на вуліцы Марка Шагала ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Рашэнне пра падвышэнне статуса гэтага будынка ў шэрагу іншых зменаў ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь прынятае пастановай Савета Міністраў №607 ад 2 жніўня 2016 года.

Варта адзначыць, што пры гэтым помнік падаецца як ”Будынак (тып гарадскога асабняка) канца ХІХ стагоддзя на вуліцы імя газеты ”Правда“, 5а", хаця гэты ўчастак вуліцы быў перайменаваны ў гонар Марка Шагала яшчэ ў красавіку. Больш за тое, як піша Людміла Хмяльніцкая ў матэрыяле “Несколько фактов из истории одного здания”, Ізраіль Вольфавіч Вішняк падаў у гарадскую ўправу прашэння на дазвол пабудаваць “каменный дом и надворные службы во 2-й части г. Витебска по Воскресенской улице” толькі 11 красавіка 1912 года. То бок гэты будынак варта датаваць пачаткам XX стагоддзя, а не канцом ХІХ, і, верагодней за ўсё, яго будаўніцтва было завершанае ў 1913 годзе.

Таксама пастанова №607 Саўміна надае статус гісторыка-культурныя каштоўнасці некалькім матэрыяльным і нематэрыяльным аб’ектам спадчыны.

Сярод першых гэта: Свята-Успенская царква 1897 года пабудовы ў Браславе і Барысаў камень XII стагоддзя ў Друі; будынак 1931 года пабудовы ў Глыбокім (вуліца Энгельса, 24); гармаце 1910-1930 гадоў, усталяванай побач з пахаваннем 9 савецкіх ваеннапалонных, расстраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1942 годзе, і партызанскай разведчыцы Анастасіі Давыдаўны Бельскай у вёсцы Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна; царква Святога Прападобнага Сергія Раданежскага датуемая ў весцы Лескавічы і царква Успення Прасвятой Багародзіцыў вёсцы Перамога Шумілінскага раёна, абодва храмы канца ХІХ — пачатку XX стагоддзя. Барысаву каменю прысвоеная 2 катэгорыя, усім астатнім аб’ектам — 3.

У лік нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, увайшлі: традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага
Паазер’я (гарады Браслаў, Докшыцы, Паставы, Глыбокае, вёска Крулеўшчына Докшыцкага раёна, гарадскі пасёлак Шаркоўшчына, вёска Жукоўшчына Шаркоўшчынскага раёна); традыцыя ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна і масленічная абрадавая гульня “Пахаванне дзеда” (Гарадоцкі раён); традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба ў вёсцы Дзеркаўшчына, тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы “Масляны баран” у вёсцы Мацюкова, абрад “Насіць намётку” ў вёсцы Папшычы (Глыбоцкі раён); традыцыя вырабу валёнак (Мёрскі раён). Усе гэтыя каштоўнасці атрымалі катэгорыю Б, якая азначае, што яны якія поўнасцю або часткова адноўлены (зафіксаваны) на другасным матэрыяле ці адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх аб’ектыўна з часам могуць змяняцца.

Удакладнены склад помніка “Архітэктурны ансамбль былой Рыначнай плошчы” ў Паставах, які датуецца 1760–1780 гадамі — да дамоў 1, 9, 11, 13, 15 на плошчы Леніна дадаўся і дом №14. У Глыбокім у забудову вуліцы Леніна (канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя), акрамя дамоў 5, 13, 38, 40 уключаны і дом №11. А вось з забудовы Маскоўскай вуліцы выключаны дом №2 і пакінутыя толькі дамы 3 і 4. Верагодна, маецца на ўвазе адзін і той жа будынак, які перанеслі з ансамбля адной вуліцы ў ансамбль другой ці ўдакладнілі яго адрас.

На жаль, пастанова Саўміна не толькі папоўніла спіс, але і выключыла з яго некаторыя аб’екты. Так, у Докшыцкім раён статус гісторыка-культурнай каштоўнасці згубілі тры курганныя могільнікі; у гарадскім пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна — будынак музычнай школы ў складзе сядзібна-паркавага комплексу Бішэўскіх (гэты будынак быў унесены ў склад комплексу ў 2008 годзе); у вёсцы Паграбёнка Сенненскага раёна — хлеў, частку стайні, гумно ў складзе комплексу будынкаў былой паштовай станцыі; у вёсцы Гарадзішча Шумілінскага раёна — гарадзішча. Найчасцей, пазбаўленне аб’екта статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці азначае тое, што ён быў знішчаны ў выніку дзейнасці чалавека, асабліва гэта тычыцца курганоў і гарадзішч.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ