Фотафакт: У Полацку аднаўляюць помнік літары “Ў”

1 верасня жыхары і госці Полацка павінны ўбачыць новы помнік літары “Ў”, пра гэта “Народным навінам Віцебска” паведаміў мясцовы краязнаўца Андрэй Бухавецкі.
У Полацку аднаўляюць помнік літары “Ў”. Фота Андрэя Бухавецкага

Мяркуючы па прадстаўленым нашаму выданню здымкам, помнік, а ў прыватнасці —стэла, будзе значна адрознівацца ад першапачатковага. Так, цяпер цытата Рыгора Барадуліна “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет” перанесеная з круглай пліты пастамента на адну з граней прызмы стэлы. Вельмі цікавым рашэннем выглядае тое, што ў літару “С” у слове “свет” ўпісаны сігнет Францыска Скарыны — антрапаморфныя сонца і месяц, якія перакрываюць адзін аднаго. Таксама цяпер на помніку з’явілася пазначэнне аўтара цытуемых радкоў.

У Полацку аднаўляюць помнік літары “Ў”. Фота Андрэя Бухавецкага

На другой грані прызмы, якую раней поўнасцю займала стылізаваная літара “Ў”, зараз змешчаная паменшаная выява гэтай літары курсівам, а таксама шэраг слоў, якія яе ўтрымліваюць, напрыклад: Браслаў, кіроўца, настаўнік, дзеяслоў і г. д. Усе гэтыя словы выкананыя рознымі шрыфтамі. Алфавіт, як і на першапачатковым помніку, застаўся, але цяпер ён затушаваны і адыходзіць на другі план.

У Полацку аднаўляюць помнік літары “Ў”. Фота Андрэя Бухавецкага

Аўтарам праекта рэканструкцыя помніка літары “Ў”, згодна пашпарта аб’екта, з’яўляецца Ігар Куржалаў. Падраднай арганізацыяй выступае ЖКГ Полацка.

У Полацку аднаўляюць помнік літары “Ў”. Фота Андрэя Бухавецкага

Нагадаем, што помнік літары “Ў” у Полацку быў адкрыты ў 2003 годзе пад час свята беларускага пісьменства. Першапачатковая ідэя помніка належыць беларускаму каліграфу прафесару Паўлу Семчанка, а яго аўтар — беларускі скульптар Аляксандр Фінскі. У 2014 годзе помнік быў пашкоджаны, пры гэтым камісія Полацкага райвыканкама прыйшла да высновы, што гэта адбылося натуральным чынам.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць