10 гадоў у 10 фотаздымках: “Народныя навіны Віцебска” адзначаюць юбілей

Першыя публікацыі на “Народных навінах Віцебска” з’явіліся 10 гадоў таму — 1 верасня 2006 года, такім чынам сёння наша выданне адзначае юбілей, да якога мы падрыхтавалі невялікую падборку фота, што ілюструюць апошняе дзесяцігоддзе горада.

У Віцебску працягваюць руйнаваць рэшткі сцен комплексу Свята-Мікалаеўскага сабора, 2007 год. Фота Сержука Серабро

У маі 2007 года на плошчы Свабоды ў Віцебску распачаліся працы па пракладцы дзюкера і пабудове каналізацыйных калодзежаў. Пры гэтым былі пашкоджаныя парэшткі Свята-Мікалаеўскага сабора (былы паезуіцкі касцёл Святога Язэпа), які быў узарваны пасля вайны. “ННВ” тады ўдалося прыцягнуць увагу грамадскасці, 14 верасня пракуратура Віцебскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле 344 частка 2-я (наўмыснае разбурэнне помнікаў гісторыі) па факце пашкоджання гістарычнага цэнтра Віцебска.

Магнітная рамка для пропуску людзей у цэнтр Віцебска пад час “Славянскага базара”, 2008 год. Фота Сержука Серабро

У 2008 годзе пад час правядзення “Славянскага базара ў Віцебску” ў абласным цэнтры ўпершыню з’явіліся кантрольна-прапускныя пункты міліцыі з магнітнымі рамкамі і металашукальнікамі, а горад быў раздзелены на зоны бяспекі. Гэта было звязана з выбухамі, што адбылі ў Мінску 3 ліпеня. З таго часу аніводнае больш-менш буйное мерапрыемства ў Віцебску не абыходзіцца без падобных мераў.

Знішчэнне сквера на плошчы Перамогі ў Віцебску, 2009 год. Фота Сержука Серабро

У красавіку 2009 года быў знішчаны сквер на плошчы Перамогі, разбіты ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Гэта была адна з першых ініцыятыў новага старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца, грамадства ўспрыняло яе рэзка негатыўна. Пасля знішчэння сквера чыноўнік атрымаў ад гараджанаў шэраг крыўдных мянушак, а брукаваную пляцоўку на месцы дрэў сталі называць Аляксандр-пляц.

Узняты Сяргеем Каваленкам бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебскай вобласці, 2010 год. Фота Сержука Серабро

На праваслаўныя Каляды 2010 года віцебскі актывіст Сяргей Каваленка ўзлез на 35-метровую навагоднюю ёлку на плошчы Перамогі ў Віцебску і ўсталяваў над пяціканцовай зоркай нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Каваленка быў арыштаваны на месцы, супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу, а дома ў рэдактара “ННВ” праз некалькі дзён адбыўся ператрус, пад час якога забралі кампутарную тэхніку.

Пад’ём званоў на Свята-Успенскі сабор, 2011 год. Фота Сержука Серабро

Вясной 2011 года на званіцы Свята-Успенскага сабора — самага вялікага храма ў Віцебску — былі ўзнятыя званы, у тым ліку адзін вагой больш за 5 тон. Гэта быў адзін з завяршаючых этапаў аднаўлення ўзарванага ў 1936 годзе храма, якое пачалося яшчэ ў 1998 годзе. Восенню сабор асвяціў мітрапаліт Філарэт.

Сяргей Каваленка ў клетцы ў памяшканні суда пасля працяглай галадоўкі, 2012 год. Фота Сержука Серабро

У лютым 2012 года, праз два гады пасля вывешвання сцяга, у Віцебску адбыўся новы суд над Сяргеем Каваленкам, якога абвінавацілі ў парушэнні парадку адбывання папярэдняга пакарання. У знак пратэсту спадар Каваленка трымаў працяглую галадоўку.

Дэзынфекцыя гаспадарчых пабудоў у вёсцы Ліпаўцы Віцебскага раёна пасля знішчэння свіней у час эпідэміі афрыканскай чумы свіней (АЧС), 2013 год. Фота Сержука Серабро

Летам 2013 года ў Віцебскай вобласці ўспыхнула эпідэмія афрыканскай чумы свіней (АЧС). Улады пайшлі на рашучыя меры: у вёсках, дзе жывёлы пачыналі хварэць, а таксама вакол свінакомплексаў свінні канфіскоўваліся ў прыватных гаспадароў і знішчаліся. Таксама пачаўся маштабны адстрэл дзікоў, якія часта былі пераносчыкамі хваробы. Шмат у якіх вёсках Віцебшчыны трымаць свіней у прыватных гаспадарках дагэтуль забаронена.

Пасвячэнне ў біскупскі сан Алега Буткевіча ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага, 2014 год. Фота Сержука Серабро

На пачатку 2014 года ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося біскупскае пасвячэнне ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Атрымаўшы ў 41 год прызначэнне на пасаду біскупа, Алег Буткевіч стаў адным з самых маладых каталіцкіх біскупаў у свеце.

Барыс Хамайда падлічвае знойдзеныя на дне магілы на месцы мяркуемых масавых расстрэлаў выкапаныя чалавечыя косці, 2015 год. Фота Сержука Серабро

У красавіку 2015 года ва ўрочышчы побач з вёскамі Драколле і Хайсы, былі знойдзеныя парэшткі вялікай колькасці людзей, а таксама абутак, выпушчаны ў 1930-я гады. На гэтым месцы восенню 2014 года віцебскія актывісты даследавалі некалькі ямаў. Там знаходзіліся чарапы, імаверна, з кулявымі адтулінамі. Сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, якія знайшлі верагоднае месца масавага знішчэння людзей, схільныя датаваць яго эпохай сталінскага тэрору і называюць “віцебскімі Курапатамі”.

Адкрыццё помніка Аляксандр Неўскаму ў Віцебску на плошчы 1000-годдзя, 2016 год. Фота Сержука Серабро

Пад час святкавання дня горада ў Віцебску ў чэрвені 2016 года на плошчы 1000-годдзя быў адкрыты помнік Аляксандр Неўскаму з сям’ёй. На думку многіх гараджан помнік стаў самым абсурдным мемарыялам у абласным цэнтры, бо ўсталяваны дзеля ўспаміну гістарычнай фігуры, якая ніяк не звязаная з гісторыяй горада. Фота Сержука Серабро

На працягу 10 гадоў існавання “Народных навінаў Віцебска” на сайце было размешчана 16 695 артыкулаў, да якіх чытачы пакінулі 106 806 каментароў. Цягам гэтых 3653 дзён сайт абнаўляўся штодзённа. За гэты час сайт наведалі 9 420 135 разоў і прагледзелі пры гэтым 19 734 323 старонак.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ