Бывай і даруй, вясёлы чалавек…

23 верасня ў тэатры імя Якуба Коласа ігралі камедыю “Ён. Яна. Акно. Нябожчык.”, якая захоўваецца ў рэпертуары з 2005 года. У ролі Упраўляючага на сцэну выходзіў артыст, вядучы майстар сцэны Валянцін Цвяткоў. Ён шмат жартаваў з “таварышамі па рабоце”, так ён звычайна называў сваіх калег, хаваючы шчырыя пачуцці, якія жылі ў сэрцы гэтага высокага, мажнога чалавека. А 26 верасня, на 69-м годзе жыцця, яго не стала…
Валянцін Цвяткоў. Фота з архіва тэатра

Абшырны інфаркт, у выніку – ацёк лёгкіх. Дрэнна стала ў суботу, а літаральна ў пятніцу Валянцін Аляксандравіч зрабіў падарунак тэатру, у якім правёў большую частку жыцця. У літаратурную частку перадаў часопісы са сваёй унікальнай хатняй бібліятэкі, якую збіраў усё жыццё.

Цвяткоў Валянцін Аляксандравіч працаваў ў тэатры імя Якуба Коласа спачатку манціроўшчыкам, а ў 1974 годзе, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, запрошаны рэжысёрам Валерыем Мазынскім на ролю Вольхі ў спектакль “Званы Віцебска”. Цікавы характарны і камедыйны акцёр. Вобразы, створаныя Цвятковым В.А., вылучаліся жыццёвай пераканальнасцю, псіхалагічна-бытавой падрабязнасцю, яркай тэатральнай формай. Сярод іншых можна адзначыць ролі, створаныя ў класічным рэпертуары, такія, як пан Бараноўскі (“Несцерка” В.Вольскага), Джым (“Прыгоды Гекльберы Фіна” М.Твэна), Вентура (“Раўнівая да сябе самой” Цірса дэ Маліна), Сімяон (“Любоў пад вязамі” Ю.О’Ніла), Дзяржыморда (“Рэвізор” М.Гогаля), Вральман (“Недарасць” Д.Фанвізіна), Шамраеў і Сімяонаў-Пішчык (“Чайка” і “Вішнёвы сад” А.Чэхава), Шэль (“І смех, і слёзы, і Любоў” паводле У.Набокава).

За апошнія гады ў рэпертуары акцёра з’явіліся новыя работы: Фрэйд (“Прывітанне, Альберт!” Ю.Сохара), Сусед (“Вельмі простая гісторыя” М.Ладо), Ураднік (“Жарты” (вечар беларускіх вадэвіляў), Скамейкін (“Я чакаю сапраўднага мужчыну” Э.Радзінскага), Стары (“Макбет”У.Шэкспіра), Дзед (“Пахавайце мяне за плінтусам” П.Санаева), Сусед (“Вельмі простая гісторыя” М.Ладо). Віцебскія дзеткі добра ведаюць Валянціна Цвяткова па ролі незабыўнага Дзядулі Мароза.

Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2008), Ганаровай граматай Міністэрства культуры (2015). Лаўрэат Міжнародных тэатральных фестываляў за вобразы, створаныя ў спектаклях “Шахматы”, “Кракаўскі студэнт”, “Макбет”, “Пахавайце мяне за плінтусам”.

Развітанне з Валянцінам Аляксандравічам адбудзецца 28 верасня, у сераду з 11:00 да 13:00 на вялікай сцэне тэатра.

Даруй нам, дарагі сябра. І хай табе будзе пухам беларуская зямелька.

Коласаўцы


Меткі: , ,

Падобнае

    1 каментар

    1. Владимир Атращёнок  
      28/Верасень/2016 у 18:15
      0

      Кветкі.

    Каментаваць