Жанчына даіла кароў у калгасе, не маючы выходных – за месяц налічылі 82 рублі, частку аддалі кансервамі

На адной са старонак у сацыяльных сетках юнак з Глыбоцкага раёна апублікаваў фотаздымак разліковага аркушыка. Па словах юнака - гэта разлік працадаўцы з ягонай маці, аператарам машыннага даення ААТ "Сельцы" Глыбоцкага раёна за кастрычнік 2016 года. За месяц ёй налічылі заробак памерам 82 (восемдзесят два) рублі. Гэта каля $42 па цяперашнім курсе.

Разліковы лісток даяркі

Мы скантактаваліся з юнаком. “Маці працуе без выходных і адпачынкаў. Працоўны дзень – з 5-й да 9-й раніцы, пасля ўвечары з 5-й да 8-й. Бываюць выпадкі, калі даводзіцца даіць дзве групы. На жаль, усе пагалоўна ў калгасе атрымліваюць такі заробак, плюс-мінус 30 рублёў”, - распавёў ён.

Аднак і гэтыя 82 рублі жанчына не атрымала на рукі. У разліковым лістку напісана, што сума 11 рублёў 71 капейка “Выд. прод. Браслав-рыб” – гэта значыць, замест грошай жанчыне далі рыбныя кансервы. Яшчэ 30 рублёў вылічылі за скаціну, якую работніца набывала ў гаспадаркі.

У жанчыны – пяцёра дзяцей. Двое сыноў ужо старэйшыя і маюць свае сем’і. Юнак, які апублікаваў разліковы лісток маці, праз два дні будзе прызваны ў войска. І дзве дачкі – адна студэнтка, другая вучыцца ў школе. Сёння хлопец узяў разліковы лісток маці і паехаў у Мінск, паспрабаваў трапіць на асабісты прыём у Адміністрацыі прэзідэнта. Аднак яму гэта не ўдалося.

Памер мінімальнага заробку ў Рэспубліцы Беларусь усталёўвае Савет Міністраў. З 1 студзеня 2016 года працадаўца павінен плаціць работніку не меней, чым 230 рублёў на месяц. Аднак у многіх прадпрыемствах сельскай гаспадаркі гэтая норма не выконваецца ўжо некалькі год.

Праца без выходных і адпачынкаў – гэта парушэнне Працоўнага кодэкса. Выдача прадукцыі замест выплаты часткі заробку таксама незаконная. Гэтыя практыкі пашыраныя ў аграрным сектары Віцебскай вобласці на працягу апошніх некалькіх гадоў.

Пра катастрафічную сітуацыю з выплатай заробкаў у сельскіх гаспадарках Віцебскай вобласці westki.info пісалі яшчэ ў лютым. У большасці гаспадарак выплаты работнікам затрымлівалі на некалькі месяцаў. З ААТ “Сельцы” нам тады пісалі, што “заробак складае 500.000 – 800.000 рублёў. На 200 тысяч выдаецца прадукцыяй”. Амаль год прайшоў, а лепей у гэтай гаспадарцы не стала.

Вось такія капейкі атрымліваюць людзі, якія кормяць усю краіну. Інфармацыя пра сітуацыю з заробкамі ў сельскай гаспадарцы амаль не даходзіць да грамадскасці. Людзі ў вёсцы не вераць у магчымасць змяніць сітуацыю, або баяцца помсты начальства – ці проста не ведаюць, куды звярнуцца ў такой сітуацыі.

Янка Зуброўскі - westki.info

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ